Віцяблянку судзяць за майку з сімволікай выбарчага штаба Ціханоўскай
2020-08-03 19:19
31-га ліпеня 26-гадовую Вольгу Бабінскую выклікалі ў міліцыі, склалі пратакол за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і змясцілі на выходныя ў ізалятар часовага ўтрымання.
Бацькі нанялі для дачкі адваката, але яго дапусцілі ў ІЧУ толькі на наступны дзень. Маці затрыманай, Таццяна Бабінская, распавяла пра здарэнне на агітацыйным мітынгу ў падтрымку Святланы Ціханоўскай:
– Яна ў пятніцу была цынічна затрыманая супрацоўнікамі РАУС, за тое, што з сябрамі каталася на роварах. Яна пасмела апрануць майку з сэрцайкам, рукой і са значком. Што яна такога зрабіла? Што? Няўжо ўлада так баіцца дзяўчат, якім па 26 гадоў.
На роварах па Віцебску каталіся каля дзясятка чалавек, некалькі з іх былі ў майках з сімволікай “Любім!Можам!Пераможам!” – з выявамі сэрца, сціснутага кулака і знака перамогі.
Пратакол склалі толькі на Вольгу Бабінскую.
Паводле яе маці, раней міліцыя затрымлівала хлопца ў такой майцы, але супрацоўнікі адпусцілі яго, папярэдзіўшы пра недапушчальнасць удзелу ў несанкцыянаваных мерапрыемствах. Бацькі Вольгі і яе сябры ў шоку: няўжо на тое, каб апрануць майку з нейкім малюнкам, патрэбны афіцыйны дазвол, гэтаксама як і на катанне на ровары?
Судзіць Вольгу Бабінскую будуць у судзе Чыгуначнага раёна 3-га жніўня, прычым дзяўчыну на працэс не прывязуць, ён будзе праходзіць праз Скайп.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск