Вольга Кавалькова: Мая каманда не плануе заклікаць людзей на пікеты
2020-05-20 19:49
Цэнтрвыбаркам Беларусі зарэгістраваў 15 ініцыятыўных групаў патэнцыйных кандыдатаў на прэзідэнцкія выбары.
Сярод зарэгістраваных групы ўдзельнікаў праймерыз правацэнтрысцкай кааліцыі, кіраўніка Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалая Казлова, старшыні Руху «За свабоду» Юрася Губарэвіча і сустаршыні Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Вольгі Кавальковай.
Па словах Кавальковай, у прадстаячай агітацыйны месяц яна будзе дзейнічаць згодна з раней распрацаванай праграмай і з улікам пандэміі каронавірусу:
– Мая каманда не плануе заклікаць людзей на пікеты, і абыход кватэраў мы таксама не плануем, але створым інфармацыйныя пляцоўкі ва ўсіх гарадах для артыкуляцыі мэсаджа: «Лукашэнка не павінен удзельнічаць у выбарах. Выбары павінны быць сумленнымі і справядлівымі, не павінна быць фальсіфікацый. Ярмошына з усёй сваёй камандай не павінна кіраваць гэтым працэсам, бо загадзя вядомы вынік». Таксама гэта інфармаванне насельніцтва пра сітуацыю з каронавірусам і таксама правядзенне рэформаў для Беларусі. То бок у нас будзе некалькі, таму мы просім людзей у гарадах далучацца.
Вольга Кавалькова прапанавала таксама далучацца да пікетаў правацэнтрыстаў і сябраў незарэгістраваных камандаў. Акрамя названых прадстаўнікоў правацэнтрыстаў Цэнтрвыбаркам зарэгістраваў таксама ініцыятыўныя групы Аляксандра Лукашэнкі, Юрыя Ганцэвіча, Уладзіміра Няпомняшчых, Наталлі Кісель, Віктара Бабарыкі, Валерыя Цапкалы, Сяргея Чэрачэня, Ганны Канапацкай, Андрэя Дзмітрыева, Святланы Ціханоўскай, Алеся Таболіча, Алега Гайдукевіча. Збор подпісаў пачынаецца ўжо 21 мая.
Беларускае Радыё Рацыя