Вольга Вялічка: Дзеці вельмі мудрыя ў гэтым сваім цяжкім дзяцінстве
2025-12-05 09:45
«Мая мама ў турме» — спектакль па кнізе псіхолагаВольгі Вялічкі пройдзе 5 снежня, у Mroj-hall тэатры ў Вільні. Гэта даволі псіхалагічна складаная пастаноўка, якая раскрывае гісторыі дзяцей, якія раптам апынуліся перад тым, чаго не павінна быць у іх жыцці, перад выпрабаваннямі лёсу пасля вынікаў 2020 года ў Беларусі.
Госця Радыё Рацыі — аўтарка кнігі Вольга Вялічка, якая расказала пра гэты спектакль, псіхалогію ўзаемаадносін дарослых і дзяцей, а таксама пра псіхалагічныя траўмы, з якімі сутыкнуліся беларусы замежжа.
РР: У пятніцу, 5 снежня, у Вільні пройдзе спектакль па вашай кнізе «Мая мама ў турме». Гэта ўжо не першая пастаноўка ў Вільні, наколькі мне вядома. Распавядзіце сюжэт пастаноўкі, ці адрозніваецца нейкім чынам бачанне рэжысёра ад вашай сюжэтнай лініі?
Вольга Вялічка: Я магу сказаць пра сваё суб’ектыўнае меркаванне як гледача, які бачыў спектакль. Магчыма ўжо семь разоў ён быў паказаны ў Вільні. І з ім мы ездзілі ў іншыя краіны. Для мяне спектакль безумоўна адрозніваецца, і я хачу сказаць, што рэжысёрка ў некаторых момантах, дзякуючы магчымасцям тэатралізацыі, падсвяціла і паказала больш яскрава ўсе тыя цяжкасці і выпрабаванні, праз якія праходзяць дзеці. І перадала ўсе тыя перажыванні не праз тэкст, бо калі чалавек чытае кнігу, ён усё роўна параўноўвае з сабой, усё роўна прапускае праз сябе. І ў чытача ёсць толькі ён, яго думкі, яго мінулы досвед жыцця і кніга. Калі ёсць тэатралізаваная пастаноўка, там ёсць святло, там ёсць гук, там ёсць розныя візуальныя эфекты. Таму, калі шчыра, мне спектакль нават у некаторых момантах падабаецца больш чым кніга.
РР: Гэта гісторыя пра дзяцей, якія раптам апынуліся перад тым, чаго не павінна быць у іх жыцці. Сапраўды дзеці палітычных мігрантаў напэўна жывуць з траўмай, як і самі мігранты. Думаю, што вы, як дзіцячы псіхолаг, заўважаеце гэта найбольш глыбока. Якія асноўныя праблемы заўважныя ў беларускіх дзяцей? І што рабіць калі, напрыклад, бацькі бачаць праблему, а дзіця не хоча працаваць з псіхолагам?
Вольга Вялічка: Першае, што я хацела б сказаць, што мы, беларусы, унутры краіны і па-за краінай, праходзім не толькі праз траўмы і траўматычны досвед, але і праз страх страты сэнсаў. Таму што тое, што мы зараз назіраем, і тыя падыходы, на якіх мы былі выхаваныя, ну вось, напрыклад, першы падыход — дабро перамагае зло, праўда заўсёды перамагае, злыдні будуць пакараныя, справядлівасць будзе ўладарыць у гэтым свеце, — але сёння мы жывем ў такія часы, дзе ўсё тое, чаму нас вучылі дарослыя, калі мы былі дзецьмі, яшчэ за савецкімі часамі, і сёння назіраем, што ўсё працуе наадварот.
Мы, беларусы, паўсталі і пяць гадоў змагаліся за сваё права свабоднага выбару кіраваць краінай і набліжаць яе да дэмакратыі, і вось пяць гадоў прыйшлі — а мы там дзе ёсць, з вялікім расчараваннем. І дадалося тое, што адбываецца ва Украіне.
І людзі зараз, я шмат гэта бачу ў працы, задаюць пытанне: а гэта навошта ўсё было? І як мне падаецца, гэта адно з самых найгоршых станаў, якія могуць быць у чалавека. І тады гэты траўматычны досвед, альбо тая траўма, якая была набытая пяць гадоў таму, да яе дадаецца калектыўная траўма і дадаецца траўматызацыя страты досведу. Шмат хто з нас дарослых задае пытанне: а навошта гэта было? А калі б я не зрабіла і не выйшла на гэтыя маршы?
Але ёсць людзі, якія ў турмах сядзяць, якія жыццё паклалі на гэтае змаганне. Ёсць эмігранты, якія пазбаўлены магчымасці быць дома і хадзіць на магілы сваіх родных. А нам тут кажуць: дык трэба было ціха сядзець. І мы, дарослыя, бачым, як тут напоўніцу гэтае зло, гэты чорны падыход да жыцця, як ён тут грае.
Я ўзгадваю словы аднаго пяцігадовага дзіцёнка, гэта ў кніжцы апісваецца, я ў яго запытала: а навошта зло на Зямлі? Ён чакае бацьку, у Беларусі злыя дзядзькі пасадзілі тату ў турму. І я ў яго пытаюся: а навошта зло? Ён думаў, думаў і адказаў: зло трэба для таго, каб людзе не забываліся, што ёсць дабро. Дзеці вельмі мудрыя ў гэтым сваім цяжкім дзяцінстве.
Цалкам размова — у далучаным аўдыёфайле!
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Вольгі Вялічкі