Вольны Хор выступіць у Беластоку з канцэртам «Я не вінаваты», які прысвечаны «Ночы расстраляных паэтаў»
2024-10-23 15:54
Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку запрашае на канцэрт Вольнага Хору "Я не вінаваты", прысвечаны "Ночы расстраляных паэтаў". У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 карнікі з НКВД расстралялі больш за 130 прадстаўнікоў беларускіх інтэлектуальных эліт. Сярод іх былі паэты, пісьменнікі, навукоўцы, культурныя, грамадскія і дзяржаўныя дзеячы.
Дзякуючы супрацоўніцтву з Цэнтрам беларускай культуры ў Беластоку, канцэрт Вольга хору "Я не вінаваты" адбудзецца ў значным месцы — у музеі Памяці Сібіру. У гэты вечар можна будзе пачуць песні, вершы і апавяданні пра цяжкія лёсы беларускіх расстраляных і рэпрэсаваных аўтараў у выкананні Вольнага Хору і беларускіх актораў.
Вольны Хор — унікальная культурніцкая з'ява, музычна-палітычны рух, які з'явіўся падчас пратэстаў 2020 года ў Беларусі і стаў сімвалам Рэвалюцыі для мільёнаў людзей. Хор спяваў найбольш знакавыя беларускія песні і гімны, ладзіў флэшмобы на вуліцах і ў грамадскіх месцах, з'яўляўся ніадкуль і знікаў у нікуды. У Беларусі дзейнасць Вольнага Хору забаронена.
Падчас канцэрта будуць выкананыя творы на вершы забітых паэтаў 29 кастрычніка 1937: Алеся Дудара, Цішкі Гартнага, Міхася Чарота. А таксама творы аўтараў, якія прайшлі прысуды, турмы, лагеры, вымушаную эміграцыю, але засталіся на беларускай культурнай глебе: Міколы Шчаглова-Куліковіча, Наталлі Арсенневай, Міколы Равенскага, Міхася Кавыля, Дзмітрыя Верасава, Вольгі Бурнос, Сяргея Новіка-Пяюна ды інш.
Прагучаць творы кампазітара і дырыжора першага беларускага хору Уладзіміра Тэраўскага, якога расстралялі ў 1938 годзе. А таксама творы сучасных кампазітараў на вершы рэпрэсаваных паэтаў.
Упершыню падчас канцэрта будзе выкананы Вольным Хорам першы неафіцыйны гімн Беларусі, які з'явіўся на пачатку 20-га ст.: "Беларуская марсельеза" ("Ад веку мы спалі..."), словы Аляксандра Мікульчыка, музыка невядомага аўтара, гарманізацыя Уладзіміра Тэраўскага, апрацоўка Галіны Казіміроўскай. А таксама ў гэты вечар адбудзецца прэм'ера твора: "Наша песня", музыка Галіны Казіміроўскай, словы Міхася Кавыля.
Час: 29 кастрычніка, 18:00.
Месца: Музей Памяці Сібіру, вул. Węglowa 1
Арганізатары: Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку, музей Памяці Сібіру.
Партнёры: Фундацыя Tutaka, Беларускае Радыё Рацыя
Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку — новая ўстанова культуры Падляшскага ваяводства, мэтай якой з'яўляецца распаўсюджванне і папулярызацыя беларускай культуры і гісторыі.