- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
На прафсаюзным сходзе Мішку Зябліка, хаця ён і рабіў самаадвод, абралі ў мясцовы камітэт. Мішка было засмуціўся, але калі яго паляпалі па плячы, маўляў, не перажывай ужо так, перавёў дых. Напачатку грамадская праца не надта турбавала. Даводзілася, праўда, хадзіць на розныя паседжанні, наведаць у складзе камісіі моладзевы інтэрнат, а пад Новы год падпісаць нязграбным почыркам некалькі віншавальных паштовак заводскім ветэранам. Усе прафсаюзныя справы цягнуў на сваіх плячах старшыня мясцкаму Манучаранц. Але нечакана старшыню паклалі ў бальніцу з гнойным апендыцытам, і Мішка вымушаны быў ачоліць на нейкі час прафсаюзны «стол заказаў» і размеркаваць сярод работнікаў семдзесят слоікаў маянэзу. Занятак гэты даволі непрыемны: дэфіцыту, што паступаў у «стол заказаў», на ўсіх не хапала, і кожнага разу яго размеркаванне суправаджалася сваркамі і звадамі. Нядаўна размяркоўвалі 150 слоікаў зялёнага гарошку, дык жанчыны Манучаранца ледзь не пабілі. Адна патоля — «маянэзны спіс» ужо даўно складзены і перагляду не падлягаў. (фрагмент)