- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Гэта быў звычайны чыгуначны пераезд, якіх нямала параскідана на сталёвых шляхах зямлі. Ён абраў тут зручную мясціну пуці, дзе скончыўся насып, што пралёг па асакаватай голай балацявіне, і рэйкі ўезджанай аднапуткі беглі па жвіры амаль на ўзроўні зямлі. Гасцінец, споўзшы з пагорка, пераскакваў чыгунку і заварочваў у бок лесу, утварыўшы скрыжаванне, якое людзі некалі абгарадзілі рабымі слупкамі і паставілі два гэткія ж рабыя шлагбаумы. Побач адзінока мясцілася тынкаваная будка-старожка, дзе ў сцюжу драмаў ля напаленай печкі які-небудзь бурклівы дзед-вартаўнік. Цяпер у будцы не было нікога. Золкі восеньскі вецер раз-пораз рыпаў яе насцеж расчыненымі дзвярыма; бы скалечаная рука чалавека, тырчаў у сцюдзёнае неба абламаны шлагбаум, другога зусім не было. Ніхто ўжо не дбаў пра гэтую чыгуначную пабудоўку: новыя, куды больш важныя клопаты адолелі людзей – і таго, хто некалі гаспадарыў тут, і гэтых, што спыніліся цяпер на закінутым знямелым пераездзе. (Жураўліны крык)