Зміцер Вішнёў, заснавальнік выдавецтва «Галіяфы», гаворыць, што выдавецкая дзейнасць у Беларусі няпростая – і з эканамічных, і з палітычных прычын. Расійскія выдавецтвы маюць куды больш спрыяльныя эканамічныя ўмовы. Адпаведна, і на беларускім рынку ім лягчэй.
Слухайце далучаны файл!Нагадаем, летась на працяглы час былі заблакаваныя рахункі шэрагу папулярных недзяржаўных выдавецтваў, што паралізавала іх працу на некалькі месяцаў.
– У нас самыя вялікія падаткі сярод суседзяў у гэтай сферы. Да прыкладу, у Расіі гэтыя падаткі ў два разы меншыя. Назіраецца негатыўная тэндэнцыя – даражэе паліграфія. Для тых, хто жыве ў Беларусі, кніга робіцца ўсё больш дарагой. Арт-рынку, на жаль, у нас няма, толькі нейкія задаткі. Усё даволі спантанна, спадзяюся, гэта будзе змяняцца ў лепшы бок. Уплывае і палітычная сітуацыя: кожны раз, калі робім нейкую кнігу, мусім думаць пра самацэнзуру, што ўвогуле недапушчальна ў мастацтве. Гэта вельмі сумна, – гаворыць Зміцер Вішнёў, заснавальнік
выдавецтва «Галіяфы».
У выдавецтве «Галіяфы» назіраецца цікавая тэндэнцыя: літаратура для дарослых пачала карыстацца большым попытам, чым літаратура для дзяцей. Варта сказаць, што цягам апошніх год асартымент кніг па-беларуску для дзяцей істотна пашырыўся: прыватныя выдавецтвы выпускалі і беларускіх, і замежных аўтараў у прыгожым афармленні, з сучасным падыходам да чытача.
– Перакладная літаратура заўсёды карысталася попытам. На днях мусіць выйсці кніга Станіслава Лема. Па перадзамове мы бачым, што кнігу чакае поспех. У бліжэйшы час мусіць выйсці раман Майкла Эндэ «Бясконцая гісторыя». Сярод беларускіх аўтараў папулярныя Вольга Гапеева, Сяргей Пляскач, Збых Слупоўскі
Напрыканцы сакавіка гэтага года ў Мінску плануецца традыцыйная кніжная выстава-кірмаш. У папярэднія гады недзяржаўныя выдавецтвы прэзентавалі падчас гэтага кірмашу свае навінкі, ладзілі аўтограф-сесіі, сустрэч з аўтарамі. Таксама на стэндзе «Галіфаў» былі прадстаўленыя кнігі розных выдавецтваў, якія выйшлі ў свет пры падтрымцы Польскага інстытуту ў Мінску. Цяпер і ў звязку з сітуацыяй з кронавірусам, і з агульных падзей пакуль невядома, якія рашэнні прымуць выдавецтвы.
У выдавецтва «Галіяфы» ужо ёсць акрэсленыя планы працы на гэты год, гэта і выданне дэбютных твораў, і перакладаў, у тым ліку з польскай мовы.
Для многіх людзей, якія выехалі з Беларусі цягам апошніх двух год, актуальны пошук літаратуры па-беларуску. Зміцер Вішнёў распавёў, што на польскай інтэрнэт-пляцоўцы Алегра ёсць крама Alfavit_eu, якая ў тым ліку прывозіць кнігі з выдавецтваў у Беларусі: «Галіяфы», Янушкевіч» ды іншыя. Кошты атрымліваюцца прымальныя, а асартымент, натуральна, залежыць ад попыту. Таму шукайце і замаўляйце беларускія кнігі. Такім чынам можна падтрымаць беларускіх выдаўцоў ды папоўніць уласную бібліятэку цікавымі выданнямі.
вх