Выдавецтва «Кнігазбор». Новая кніга Сяргея Ваганава
2022-05-17 12:00
Кніга беларускага журналіста, публіцыста і паэта Сяргея Ваганава мае назву «Праз межы Часу», бо непасрэдна ці ўскосна ахоплівае падзеі, сэнсы, грамадскія настроі, што віравалі і віруюць у жыцці краіны ад 40-х гадоў мінулага стагоддзя да нашых дзён. Усё гэта — і памяць пра дзяцінства на Нарачы, і філасофія быцця на Зямлі, і ганебныя з‘явы часоў СССР, і трагедыя вайны — прапушчана праз асабістае ўспрыманне аўтара, праз ягоныя розум і сэрца.
Вось як выказаўся пра творчасць Сяргея Ваганава ў сваёй прадмове да кнігі Віктар Казько: “…Пачаў публічную літаратурна-мастацкую творчасць, асабліва ў паэзіі і эсэістыцы, а другой палове жыцця. Позна? Але што лічыць нашым беларускім рана ці позна? Калі танчаць уваччу літаркі, калі рэжацца словам горла, калі іскра божая не падманная, як ні адбівайся, рана ці позна, ты прыгавораны ўсё ж здацца. Здацца таму, што ў табе і над табой. На маю думку мы ўвогуле запознена былыя людзі з непраходнай жарсцю не здзяйсненай творчасці… з нашым сумам страчанай матчынай мовы.
Тое ж можна сказаць і пра мастацкія творы лепшых нашых творцаў, што захавалі сябе ў культава людажэрным стагоддзі. Ён, гэты сум, быў уласцівы і Сяргею Ваганаву, нават тады, калі першыя вершы на рускай мове былі абазваны пераймальнымі ад Пастэрнака, Мандэльштама... -- і яшчэ даў бы Бог кожнаму – каго. Але за ім ужо стаяла нашчадная біяграфія вялікай беларуска-яўрэйскай сям’і, якая прайшла праз усе ламоты ХХ стагоддзя. Бунтоўнасць і замілаванне словам нашчадныя ў Сяргея Ваганава, прыроджана каранёвыя…”
У кнізе 9 тэматычных раздзелаў -- 5 паэтычных і 4 празаічных. Прапануем вашай увазе верш з цыкла
“Нарачанскі сшытак” і карацельку з цыкла
“Шматкроп’і”.
ВЕРШЫК
“Люблю твае, Нарач, затокі і тоні...”
Максім Танк.
Як толькі я заплюшчу вочы,
Убачу даўнюю карціну:
Узгорак, сонца ранкам крочыць,
А на узгорку – тры хаціны.
Адна -- Лынькова, а другая
Аркадзя Куляшова хата.
Ну а бліжэй да небакраю --
Максімава, святлом багатая.
Прамень пяшчотна лашчыць хаты
З падмурку да самога верху.
І адбіваецца страката
У шкле ваконным, бы ў люстэрку.
А навакол такая ціша!
Ледзь чутны толькі хвалі ўсплёскі.
Нібыта Нарач вершык піша,
Празрысты, як анёла слёзкі.
А я ўжо рухаюся пешшу
Да хатаў тых, прывабных зранку,
Каб прачытаць на памяць вершык
Вялікаму паэту Танку.
Той самы – пра затокі, тоні...
Ды толькі я, ад страху потны,
Камячу вершык у далоні...
Не, не адважуся. Маркотны
Стаю ля Танкавага плота.
Дванаццаць мне. Душа у скрусе.
Ці ж ведаў я, што так далёка?
Далёка так да Беларусі…
Навіна, што вымагала цішыні
25 жніўня 1991 года, з Нью-Йорку рухаемся ў Балтымар. У аўтобусу журналісты з Масквы, з Украіны. З Беларусі я адзін. Раптам аднекуль з’яўляецца дзіўнаватая слухаўка. “Спадарожнікавая, -- ганарліва паведамляе Гліб, -- можна паразмаўляць з любой кропкай планеты”...
Гліб – палкоўнік ЦРУ, прафесар геаграфіі, каранямі з Валыні... З невядома скуль жалем спявае пра “сотню юных бойцов”...
Слухаўка нарэшце трапляе да мяне: “На, тэлефануй жонцы...” Але тэлефаную Бураўкіну, прадстаўніку Беларусі ў ААН. Генадзь Мікалаевіч здзіўляецца, моўчкі слухае, як весела мы рухаемся ў Балтымар, і раптам пытаецца: “Да ты ці ведаеш навіну?!”
Праз хвіліну я крычу: “Ціха! Ціха! Беларусь абвясціла незалежнасць!”
І сталася ціха...
------------------------------
“Праз межы Часу” : вершы, нарысы, эсэ / Сяргей Ваганаў; прадм. Віктара Казько. — Мінск : Кнігазбор, — 216 с.
Купіць кнігу можна ў кнігарні "Акадэмічная кніга", а таксама замовіць з дастаўкай па Мінску, дасыланнем па Беларусі і па свеце ў інтэрнэт-кнігарнях
Knihi.by,
Тэхналогія і
Kniganosha.by.
Кошты мінімальныя.