У межах ініцыятывы “33 кнігі для іншай Беларусі” неўзабаве мае выйсці кніга філосафа і пісьменніка Валянціна Акудовіча “Шолах моўчы”. Як паведамляе Рэформ, у кнізе сабраныя тэксты розных гадоў, а рэалізацыяй займаецца беларускае выдавецтва “Галіяфы” і македонскае Goten Publishing.
У кнізе чытачы знойдуць шырокі спектр тэкстаў ад праграмнага эсэ “Прачнуцца ранкам у сваёй краіне” да вершаў, прысвечаных сябрам, да гумарыстычных афарызмаў пра Бог і свет. Біблейскія матывы ў зборніку сустракаюцца з жартамі пра Бога, асабістая гісторыя пра левае вока, якое Акудовіч страціў у савецкім войску, стаіць побач з глыбокім трактатам пра мову як адзін з найважнейшых элементаў чалавечага існавання.
“Кожны, хто прачытае гэтую кнігу, паглыбіцца не толькі ў свет думкі аднаго з найвыдатнейшых беларускіх філосафаў, але і ў яго біяграфію, цесна знітаваную з гісторыяй і сучаснасцю беларускага культурнага абшару”, —
гаворыцца ў анонсе кнігі на сайце ініцыятывы “33 кнігі для іншай Беларусі”.
Валянцін Акудовіч — адна з цэнтральных фігураў беларускага адраджэння пераходнага перыяду, прадстаўнікі якога клапаціліся пра нацыянальнае самавызначэнне, пераадоленне каланіяльнай спадчыны і станаўленне беларускай культуры. “Час, у які адбывалася Беларусь”, як акрэслівае Акудовіч нечаканае здабыццё дзяржаўнага суверэнітэту, быў часам вялікіх спадзяванняў і культурнага ўздыму. У наступныя дзесяцігоддзі прадстаўнікам нацыянальнага адраджэння давялося адмовіцца ад многіх сваіх мараў. Для некаторых гэта прывяло да вялікага расчаравання, у той час як іншыя спрабавалі трымацца за тое, чаго ніколі не існавала. Гэтую сітуацыю Акудовіч успрымае як магчымасць паразважаць пра месцазнаходжанне чалавека ў многіх вымярэннях: міжасабовым, палітычным, культурным, экзістэнцыяльным. Гэткія разважанні чырвонай ніткай праходзяць у тэкстах кнігі “Шолах моўчы” Валянціна Акудовіча.
“Галіяфы” — незалежнае беларускае выдавецтва, заснаванае ў 2007 годзе. 16 красавіка 2022 года па рашэнні Міністэрства інфармацыі яно было вымушана спыніць выдавецкую дзейнасць у Беларусі.
Выдавецтва Goten Publishing было заснавана ў Скоп’е ў 2010 годзе. Супрацоўнікі і перакладчыкі Goten Publishing з сярэдзіны 1990-х гадоў працуюць у выдавецкай і культурнай сферы — у рэдакцыях некалькіх часопісаў, у выдавецтвах і грамадскіх арганізацыях; у рэалізацыі культурных і выдавецкіх праектаў, арганізацыі чытанняў, публічных дыскусій і культурна-мастацкіх мерапрыемстваў.
Ініцыятыва “33 кнігі для іншай Беларусі” мае на мэце паспрыяць выхаду прынамсі 33 кніг, якія ў цяперашніх умовах не могуць пабачыць свет у Беларусі. Праект, заснаваны беларускай перакладчыцай і рэдактаркай Ірынай Герасімовіч разам з пісьменнікам, драматургам Лукасам Бэрфусам і прафесарам, кіраўніком Інстытута славістыкі Цюрыхскага ўніверсітэта Сільвіяй Засэ.