- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
У Заводзкім судзе Менску вынесьлі вырак 36-гадовай блогерцы, палітзьняволенай Вользе Такарчук.
Судзьдзя пакараў яе 1,5 года калёніі агульнага рэжыму, як і прасіў пракурор.
Як раней паведаміў Сьледчы камітэт, Вольгу Такарчук вінавацяць паводле трох артыкулаў:
«актыўны ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу Беларусі);
«паклёп» (артыкул 188 КК);
«абраза судзьдзі» (ч. 1 арт. 391 КК).
Паводле Сьледчага камітэту, Такарчук брала ўдзел у пратэставых маршах у Менску 30 жніўня, 20 верасьня і 1 лістапада 2020 году. Яна нібыта «знаходзілася ў першых шэрагах», «блякавала рух транспарту», «выкрыквала лёзунгі».
Таксама Вользе закідаюць відэаролік нібыта з «абразамі судзьдзі Першамайскага раёну Менску» і «ненарматыўнай лексыкай». У сьнежні 2020 году Вольгу Такарчук аштрафавалі на 810 рублёў за ўдзел у мітынгу. Гэтым фактам яна і абуралася ў сваім відэа. Раней яе таксама судзілі ў адміністрацыйных справах за ўдзел у мітынгах.
Вольга Такарчук — блогер, дызайнэрка, маці дваіх малых дзяцей (3 і 7 гадоў).
Паводле сьледзтва, удзень 30 жніўня 2020 году абвінавачаная брала ўдзел у «несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве» ў Менску, «доўга і ўпарта парушала грамадзкі спакой, а пры знаходжаньні ў першых шэрагах масавага мерапрыемства ўзяла ўдзел у блякаваньні шляхоў транспартных камунікацый». Таксама яе абвінавачваюць ва ўдзеле ў акцыях 20 верасьня і 1 лістапада 2020 году.
Паводле Сьледчага камітэту, Вольга Такарчук разьмясьціла на Youtube ролік, «які зьмяшчае лжывыя зьвесткі, якія не адпавядаюць рэчаіснасьці, пра сацыяльнага пэдагога адной з гімназій у Берасьцейскай вобласьці, абразы ў адрас судзьдзі суду Першамайскага раёну сталіцы».