Выстава мастачкі Ніны Маргаевай ў Музеі Вольнай Беларусі
2024-10-13 16:52
15 кастрычніка 2024 года ў Музеі Вольнай Беларусі ў Варшаве адбудзецца адкрыццё выставы Ніны Маргаевай «Крок насустрач». Працы мастачкі адлюстроўваюць глыбокі погляд на штодзённае жыццё, ператвараючы звычайныя пейзажы, простыя формы і прадметы паўсядзённасці ў знакі асабістых перажыванняў і эмоцый.
«Крок насустрач» – спроба трапіць у свет, дзе кожная рэч можа стаць правадніком у глыбіню чалавечых пачуццяў. Выяўляючы штодзённыя рэчы, напрыклад, крэсла ці куток пакоя, Ніна паказвае, як звычайнае робіцца люстэркам унутраных перажыванняў. У працах мастачкі колер і форма граюць ключавую ролю: цёплыя і халодныя адценні змяняюць настрой у залежнасці ад таго, як доўга глядач узіраецца ў выявы. Гэтае сузіранне, гэтая цішыня, што ўтварае ўнутраны рух, – асноўны матыў яе творчасці.
Асаблівае месца ў экспазіцыі займае серыя «Жыццё на пятым паверсе», у якой мастачка адлюстроўвае лёгкасць і складанасць штодзённасці. У абмежаванай прасторы пяціпавярховых кватэр паўстаюць элементы самоты і ізаляцыі, і праз гэтыя вобразы глядач атрымлівае магчымасць асэнсаваць уласныя думкі і эмоцыі. Шматслойныя каляровыя пераходы і мяккасць пастэлі перадаюць пульс жыцця, схаваны за цішынёй статычных аб’ектаў.
Таксама ў экспазіцыі дэманструюцца працы з серый «Баранавічы» і «Палюбіць Варшаву за 100 дзён», якія выходзяць за межы інтэр’ерных выяў і звяртаюцца навонкаві, да свету прыроды і архітэктуры. У гэтых творах мастачка даследуе пульсацыю жыццёвай прасторы не праз фатаграфічную дакладнасць, а праз адчуванне, колер і форму. У гэтых працах горад і прырода робяцца люстэркам людскіх унутраных станаў і разважанняў.
На выставе можна будзе падтрымаць мастачку і набыць яе працы. Адкрыццё адбудзецца 15 кастрычніка а 19:00.
Выстава ладзіцца пры падтрымцы Беларускай Рады Культуры. Праз далучэнне СМІ і вядомых творцаў да акцыі Рада працягвае збор сродкаў на дапамогу мастачцы да 15 кастрычніка ўключна. Усе данаты будуць перададзеныя Ніне для пакрыцця медыцынскіх выдаткаў і аплаты дапамогі.
Нагадаем, што ў студзені 2023 года ў Ніны Маргаевай быў выяўлены бакавы аміятрафічны склероз (БАС) – рэдкае, невылечнае захворванне, якое паступова абмяжоўвае рухальную актыўнасць і патрабуе сталай медыцынскай падтрымкі.
Выстава будзе працаваць з 15 па 22 кастрычніка 2024 года
Гадзіны працы:
Аўторак – пятніца: 16:00–20:00
Субота – нядзеля: 12:00–20:00
Панядзелак – выходны
Адрас: Музей Вольнай Беларусі, вул. Foksal 11, Варшава, Польшча