Выстава пра беларускіх класікаў на вакацыях – да 18 лютага
2024-01-16 21:23
У Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў праходзіць выстава “Моры рэальныя і выдуманыя. Беларускія літаратары на вакацыях”, якая праз фатаграфію апавядае, як бавілі час беларускія літаратары ў летнім адпачынку. Апошні дзень працы – 18 лютага, можна яшчэ паспець.
Малады Янка Брыль у Неапалі, Уладзімір Дубоўка і
Янка Купала на пляжы ў Ялце – гэта далёка ад звыклых “сур’ёзных” партрэтаў пісьменнікаў у школьных хрэстаматыях. Выстава быцца пацвярджае выказванне Максіма Танка: “Чытаю біяграфіі нашых класікаў. Многіх я знаў асабіста. Як іх залізаныя і прычасаныя партрэты розняцца ад тых, якімі яны былі ў сапраўднасці людзьмі, у меру святымі і ў меру грэшнікамі, а не нейкімі манекенамі”?
“Атмасфера выставы ў НЦСМ дазволіць на час забыцца пра занураныя ў снег шэрыя вуліцы Мінска і патрапіць у свет колераў, летняй цеплыні і радасных эмоцый”, –
пішуць арганізатары.
Выстава працягнецца да 18 лютага 2024 года.
Мінск, НЦСМ, вул. Някрасава, 3.
Серада – нядзеля, 12:00 – 20:00.
Кошт квіткоў: 7/3 (поўны/ільготны).