Новы зборнік паэта Фелікса Аксёнцава
2025-09-01 20:13
У выдавецтве hochroth Minsk выйшла новая кніга паэта Фелікса Аксёнцава з назвай «2/3», якую праілюстраваў Андрэй Дарохін.
«Нас пазнаёміў Андрэй Дарохін у сярэдзіне 1980-х. Ужо на першай сустрэчы Філ [Фелікс Аксёнцаў] з захапленнем расказваў мне пра асаблівыя прынцыпы рок-паэзіі. У 1990 годзе ў мяне і ў Філа выйшлі першыя паэтычныя зборнікі ў серыі „Каўчэг“, вокладкі для якіх намаляваў Андрэй Дарохін. Падаецца, гэта былі першыя незалежныя выданні ў яшчэ савецкай Беларусі», —
успамінае з нагоды выхаду навінкі выдавец Дзмітры Строцаў.
Зборнік «2/3» складаецца з 10 беларускіх вершаў, 8 беларускіх тэкстаў песень і 14 расейскамоўных вершаў. Рэдактарам кнігі выступіў Сяргей Шупа.