Выйшаў першы том гісторый пра выбітных беларускіх жанчын
2025-09-22 20:46
Ініцыятыва ByProsvet, якая раней збірала сродкі на выданне аповедаў пра беларускіх жанчын, выпусціла кнігу «Патаемная спадчына. Казкі пра беларускіх жанчын», аўтарамі якой стаў цэлы калектыў.
Так у першым томе чытачы знойдуць казкі Лявона Маліноўскага,
Уладзіміра Арлова, Светы Бень, Таццяны Гайдук, Кацярыны Ваданосавай, Наталлі Сянчук, Andrusia.
У ролі ілюстратараў выступілі Наталка Кукс, Воля Маліноўская, Яна Каспяровіч, Юна Новікава, Аляксандра Канафальская, Ксенія Лагавая, Andruś.
Беларуская гісторыя захоўвае безліч імёнаў тых, хто істотна паўплываў на навакольны свет. Асаблівую ўвагу каманда праекта надала дзейным, творчым, разумным жанчынам, бо доўгія гады яны заставаліся нябачнымі для грамадства.
Першы том «Патаемнай спадчыны» змяшчае сем казак пра выдатных беларусак, якія жылі ў розны час — ад сярэднявечча да пачатку XX стагоддзя. У школьных падручніках гэтых жанчын амаль не згадваюць. Разам з тым яны адыгралі значную ролю ў гісторыі Беларусі і свету.
Купіць кнігу можна праз анлайн-краму
Kirma.sh.
Ініцыятыва ByProsvet папярэджвае, што іх арганізацыя прызнаная экстрэмісцкім фармаваннем у Беларусі, таму везці кнігу ў Беларусь небяспечна.