Выйшла апошняя аўдыякніга з пяцікніжжа Святланы Алексіевіч
2023-12-11 15:45
Фонд “Камунікат” разам з Міжнародным саюзам беларускіх пісьменнікаў выпусціў апошнюю —пятую — кнігу дакументальна-мастацкай хронікі Святланы Алексіевіч “Галасы Утопіі” ў аўдыяверсіі. Гэта “Час сэканд хэнд” у перакладзе Сяргея Дубаўца.
Перад слухачом — апошняя аўтарская рэдакцыя цыклу ў найноўшым беларускім перакладзе. Пісьменніца паводле свайго творчага метаду дапрацавала хроніку: скасавала цэнзурныя праўкі, далучыла новыя эпізоды, а таксама старонкі з уласнага дзённіка.
Гэта пятая кніга хронікі «Галасы Утопіі». Яна распавядае не столькі пра падзеі ХХ стагоддзя, колькі пра іх адлюстраванне ў сэрцы паспалітага чалавека, прадстаўніка «новай гістарычнай супольнасці людзей». Паводле жанру гэта — трагічны эпас савецкага народа, які балюча знікае на нашых вачах разам з распадам імперыі.
Менавіта ў гэтай кнізе так ці іначай пераплятаюцца ўсе падзеі ХХ стагоддзя, трагічна адбіваючыся на некалькіх пакаленнях звычайных людзей. Магчыма менавіта праз гэтую сувязь можна растлумачыць падзеі, матывы сённяшніх дзён і зразумець іх сапраўдную прыроду да глыбіню.
Чытаюць: Крысціна Дробыш, Алена Баярава, Сяргей Чуб, Алег Гарбуз.
Аўтарская музыка і мантаж гуку: Дзмітрый Фрыга.
Запіс: Павел Сініла.
Прадзюсар праекта: Яраслаў Іванюк.
Вокладка: Ірына Арахоўская.
Аўдыёверсія створаная дзякуючы супольным намаганням Фонду Kamunikat і Міжнароднага саюза беларускіх пісьменнікаў.
Найбольш зручную лічбавую пляцоўку для праслухоўвання кожны можа выбраць
па спасылцы.
Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў, Фонд "Камунікат"