Выйшла перавыданне рамана Вольгі Такарчук
2025-06-19 18:00
Выдавецтва «Логвінаў» перавыдала раман Нобелеўскай лаўрэаткі Вольгі Такарчук «Правек ды іншыя часы» ў перакладзе Марыны Шоды. Упершыню твор выходзіў па-беларуску ў 2010 годзе і наклад даўно быў распрададзены.
Раман апавядае гісторыю адной вёскі ў цэнтры Польшчы і свету, якая ахоплівае цэлае стагоддзе і складаецца з кароткіх гісторый ейных жыхароў і іхных рэчаў, дзе паўсядзённасць ствараецца з мноства выразных дэталяў, а рэчаіснасць пераплятаецца з міфам.
«Прайсці Правек хуткім крокам з поўначы на поўдзень заняло б гадзіну. Гэтаксама з усходу на захад. А калі нехта захацеў бы абысці яго наўкола, павольным крокам, уважліва і ўдумліва ўва ўсё ўглядаючыся — гэта заняло б цэлы дзень. З ранку да вечара».
Свежае перавыданне кнігі «Правек ды іншыя часы» можна набыць праз анлайн кнігарню
Knihauka. com і на сайце
Allegro.
Вольга Такарчук (нар. у 1962) — пісьменніцца, якая сцвярджае, што ўсю інфармацыю пра яе можна знайсці ў ейных кнігах; аўтарка, у якой ёсць фенаменальны талент, бясконцае ўяўленне, у якой ёсць вялізная колькасць літаратурных ўзнагарод, прызнанне крытыкаў і чытацкая любоў. У 2019 годзе Шведская акадэмія ўручыла пісьменніцы Нобелеўскую прэмію — «за апавядальнае ўяўленне, якое з энцыклапедычным запалам паказвае перасячэнне межаў як форму жыцця».
Нядаўна ў перакладзе
Марыны Шоды выйшаў тысячастаронкавы раман
Вольгі Такарчук «Кнігі Якуба».