У Нарвэгіі распачалі вялікую выдавецкую сэрыю кніг беларускіх аўтараў. «Такога не было яшчэ ня толькі ў Нарвэгіі, але і ва ўсёй Скандынавіі», — кажа перакладчыца і паэтка Марына Хоббель.
Пагаварылі зь ёй пра жыцьцё ў Нарвэгіі і беларускую восень у Осла, пра нарвэскую апантанасьць Расеяй і паэзію беларускіх пратэстаў, а таксама пра «гаваркую істоту» на памежжы трох моваў.
Пра беларускую лёгкасьць у замежжы
— Калі зусім коратка вас прадстаўляць, то можна сказаць: «Марына Хоббель — беларуска, якая жыве ў Нарвэгіі». Як гэта — быць і застацца сабой у чужой краіне? І, дарэчы, калі і як жыцьцёвыя шляхі прывялі вас у Осла?
— Я ня ведаю, як у іншых, але ў маім выпадку мая беларускасьць, адчуваньне сябе беларускай нават узмацнілася цягам тых гадоў, што я пражыла ў Нарвэгіі (а іх нямала, ужо больш за 20). Па-за межамі Беларусі мне быццам бы стала лягчэй любіць Беларусь як ідэю (ідэю незалежнай краіны са сваёй мовай, культурай, гісторыяй) і як мару пра такую краіну. Мне цяжка было любіць Беларусь як рэальную дзяржаву, калі я фізычна там жыла і бачыла, куды і да чаго ўсё ідзе, ня маючы магчымасьці неяк паўплываць на сытуацыю. Чужая краіна нібыта выкрышталізавала, як пэрлінку ў ракавінцы, тую частку маёй ідэнтычнасьці, якая была зьвязаная зь Беларусьсю і якой я, мабыць, не заўважала, пакуль была на радзіме. Трэба было апынуцца за межамі Беларусі, каб адчуць сваю зь ёю сувязь.
Так атрымалася, што менавіта страта ўсіх ілюзій наконт хуткіх пераменаў у краіне супала ў мяне з экзыстэнцыйным крызісам пачатку трэцяга дзясятку жыцьця, калі я скончыла ўнівэрсытэт, потым асьпірантуру, абараніла дысэртацыю, пачала працаваць рэдактаркай — і зразумела, што гэта зусім ня тое жыцьцё, якое можа прынесьці мне радасьць ці задавальненьне. Нейкіх непасрэдных пэрспэктываў для сябе ў той Беларусі я ня бачыла, таму вырашыла паспрабаваць кудысьці паехаць, зьмяніць на нейкі час абставіны. Эміграваць назаўсёды, і тым больш у Нарвэгію, плянаў не было. Нарвэгія проста стала той краінай, куды было параўнальна няцяжка трапіць. Тут я спачатку вучыла мову, праз паўтара года пайшла ў магістратуру ва ўнівэрсытэт Осла, потым сустрэла свайго мужа і такім чынам засталася ў Нарвэгіі назаўжды.
Марына Хоббель
Пра нарвэскую апантанасьць Расеяй і паэзію беларускіх пратэстаў
— У нейкі момант свайго жыцьця ў Осла вы пачалі перакладаць мастацкія творы зь беларускай, украінскай і расейскай на нарвэскую. Гэта ваша прафэсія цяпер ці захапленьне, якому аддаяце свой вольны час?
— У мяне заўсёды існавала гэтая мэта — пачаць працаваць зь літаратурай, прычым менавіта працаваць, а не займацца ў вольны час. Вольнага часу ў мяне, папраўдзе, вельмі мала — ёсьць сям’я зь дзецьмі і ўласная творчасьць. Але атрымалася гэта не адразу. Адна з прычынаў — амаль поўная адсутнасьць цікавасьці да Беларусі і Ўкраіны перад падзеямі 2020–2022 гадоў. Нават анэксія Крыму выклікала, як ні парадаксальна, больш цікавасьці да Расеі, чым да Ўкраіны. Усе старыя міты пра незразумелую і загадкавую расейскую душу цыркулявалі ў Нарвэгіі ў той самай ступені, што і ў іншых краінах. Пры гэтым ніхто нават ня згадваў пра краіны — суседкі Расеі, зь якіх Украіна, нагадваю на ўсялякі выпадак, сярод найбуйнейшых у Эўропе. Ды й Беларусь у колькасьці насельнікаў амаль удвая перасягае Нарвэгію. З прычыны гэтай параўнальнай апантанасьці Расеяй і татальнай абыякавасьці да краін-суседак на нарвэскую перакладалі амаль выключна кнігі расейскіх пісьменьнікаў. І мая літаратурная праца ў Нарвэгіі пачалася з таго, што я была кансультанткай для перакладчыкаў з расейскай ці рэдагавала пераклады расейскіх раманаў.
Падзеі 2020 году ў Беларусі выклікалі ўсплёск цікавасьці да нашай краіны. Здаецца, толькі тады асноўная маса нарвэжцаў нарэшце ўцяміла, што існуе такая дзяржава Беларусь, і гэта зусім ня тое самае, што Расея, і нават ня частка Расеі. У траўні 2022 году нарвэскі парлямант таксама зацьвердзіў зьмену назвы нашай краіны на Беларусь (дагэтуль ужывалі кальку «Белая Расея»). Менавіта ў 2020 годзе я пачала думаць пра тое, як найлепш скарыстаць і замацаваць гэтую мімалётную ўвагу, бо вядома ж, што мэдыйная ўвага і зацікаўленасьць людзей — вельмі нетрывалыя рэчы. Я пачала зь перакладаў вершаў беларускіх паэтаў. Напісала артыкул пра нашую найноўшую гісторыю, пераклала эсэй беларускай літаратуразнаўцы Ульляны Верынай пра беларускую паэзію пратэстаў, адмыслова напісаны ёю для швэдзкага часопіса «Крытык». Усё ішло да таго, каб зрабіць, перакласьці і выдаць анталёгію сучаснай беларускай літаратуры, але тут распачалася вайна ва Ўкраіне. Некалькі нарвэскіх выдавецтваў зьвярнуліся да мяне з просьбай як мага хутчэй перакласьці ўкраінскіх аўтараў, і праект беларускай анталёгіі давялося прыпыніць. Спадзяюся, часова. Ад такога мноства перакладаў з украінскай і беларускай мне таксама, на жаль, давялося зноў перапыніць працу над уласным раманам.
Пра рост цікавасьці да беларускай літаратуры
— Якія творы і якіх беларускіх аўтараў вы ўжо прадставілі нарвэскамоўным чытачам? Ці адгукнуліся яны? Ці зацікавіліся?
— Як я ўжо казала, пачала я зь перакладаў паэзіі. Прадстаўляла беларускіх аўтараў на некалькіх фэстывалях і імпрэзах у Нарвэгіі. Сярод паэтаў, якіх перакладала на нарвэскую, — Вольга Гапеева, Юля Цімафеева, Альгерд Бахарэвіч, Таня Скарынкіна, Вера Бурлак, Віктар Жыбуль, Вальжына Морт, Дзьмітры Строцаў, Юлій Ільюшчанка ды іншыя. Паэтычная мова па ўзьдзеяньні на слухача можа параўнацца з музыкай, кожнага разу пасьля імпрэзаў да мяне падыходзілі нарвэжцы і казалі, як іх уразілі вершы нашых паэтаў. Дзякавалі за тое, што знаёмлю з нашай літаратурай. Гэта, безумоўна, вельмі ўсьцешна, хоць зразумела, што, як і паўсюль, паэзіяй і наагул мастацкай літаратурай у Нарвэгіі цікавіцца параўнальна невялікі адсотак людзей. Але гэты адсотак ёсьць, і ў яго ёсьць жаданьне чытаць і слухаць якасную літаратуру.
Зусім нядаўна ў нарвескім выдавецтве Existenz выйшаў мой пераклад раману Евы Вежнавец «Па што ідзеш, воўча?». У гэтым жа выдавецтве плянуецца апублікаваць яшчэ тры раманы сучасных беларускіх аўтараў, і гэта проста фантастычна, бо дагэтуль у Нарвэгіі зь беларускіх раманаў можна было знайсьці толькі «Сотнікава» Васіля Быкава, пераклад якога з беларускай зрабіў Мартын Паўльсэн. Вядома, публікаваліся кнігі Сьвятланы Алексіевіч у перакладзе з расейскай. Два гады таму выйшаў пераклад паэтычнай хронікі Дзьмітрыя Строцава «Беларусь перакуленая», сёлета — пераклад «Менскага дзёньніка» Юлі Цімафеевай. Але каб выдавец запусьціў цэлую сэрыю сучаснай беларускай літаратуры, як гэта зрабіў Лярс Голм-Гансэн, уладальнік Existenz, — такога яшчэ не здаралася ня толькі ў Нарвэгіі, але і ўвогуле ў Скандынавіі. Наступная кніга ў сэрыі, над перакладам якой я працую непасрэдна цяпер, — гэта «Сабакі Эўропы» Альгерда Бахарэвіча.
Марына Хоббель
Пра беларускую восень у Нарвэгіі
— Апошнім часам у Осла адбылося некалькі літаратурных імпрэзаў з удзелам беларускіх літаратараў. Вы мелі непасрэднае дачыненьне да іх арганізацыі. Раскажыіце, калі ласка, пра гэтыя сустрэчы. Хто на іх быў? Старая эміграцыя, якая настальгуе па радзіме? Нядаўнія ўцекачы зь Беларусі, якія ратуюцца ад рэпрэсій? Нарвэскія беларусазнаўцы ці славяназнаўцы?
— Сапраўды, гэтая восень атрымалася надзвычай багатай на беларускую літаратуру ў Нарвэгіі. Пачну з таго, што выйшла ажно чатыры кнігі, якія маюць дачыненьне да Беларусі. Я ўжо згадвала кнігі Юлі Цімафеевай і Евы Вежнавец. Трэцюю кнігу, «Цана свабоды», напісала на нарвескай мове Дар’я Шут, дачка вядомага ў 1990-я гады апазыцыйнага палітыка Алеся Шута. Праз гісторыю сваёй сям’і і сваю прыватную гісторыю Дар’я знаёміць нарвэскага чытача з драматычнай гісторыяй нашай краіны. Чацьвёртая кніга — гэта збор вершаў Вольгі Гапеевай у маім перакладзе на нарвэскую ў рамках агульнаэўрапэйскага праекту Versopolis.
Таксама прайшло некалькі імпрэзаў. Юля Цімафеева прадстаўляла сваю кнігу на літаратурным фэстывалі Møllebyen у жніўні. Да яе кнігі я таксама спрычынілася як кансультант, хоць пераклад рабіўся з ангельскай мовы.
Потым у верасьні ПЭН Нарвэгіі ды Аб’яднаньне нарвэскіх пісьменьнікаў для дзяцей і юнацтва зладзілі двухдзённы сэмінар, цалкам прысьвечаны беларускай літаратуры. Разам зь Юляй Цімафеевай мы працавалі над перакладам некалькіх яе вершаў з кнігі «Воўчыя ягады», каб прадставіць іх для нарвэскай публікі на падсумавальнай вечарыне. Шчыльная супраца з аўтаркай вершаў сталася для мяне зусім новым досьведам, але, як мне здаецца, у нас атрымалася вельмі ўдала. Я пасьпела таксама перакласьці да вечарыны колькі вершаў іншых паэтаў: Тані Скарынкінай, Вальжыны Морт, Віктара Жыбуля і Дзьмітрыя Строцава. Акрамя нас зь Юляй, беларускімі ўдзельнікамі на сэмінары былі перакладчык і паэт Антон Брыль і выдаўца ды перакладчыца Надзя Кандрусевіч.
І вось проста на мінулым тыдні прайшоў Інтэрнацыянальны паэтычны фэстываль у Осла, фокус на якім сёлета дырэктарка фэстывалю Біргіт Гатлеголь вырашыла скіраваць на Беларусь. Я брала ўдзел у фэстывалі і як перакладчыца вершаў Вольгі Гапеевай для Versopolis, і як паэтка. Акрамя Вольгі, да нас прыехалі Сьвета Бень і Ганна Комар. І нават нягледзячы на тое, што гэты фэстываль супаў зь іншым літаратурным фэстывалем, у Ставангеры, і яшчэ з адной файнай беларускай імпрэзай у Осла, Днямі беларускага кіно, на наш фэстываль завітала даволі шмат людзей. Яны ў асноўным нарвэжцы, літаратары ды аматары паэзіі.
Пра жудасныя рэчы, якія робяць «(не)магчымасьць пісьма»
— Так сталася, што якраз днямі мы даведаліся, што мусім у вашай асобе адкрываць яшчэ і паэтку. У выдавецтве hochroth Minsk выйшла першая ваша кніга «(Не)магчымасьць пісьма». Выдавец Дзьмітры Строцаў, прадстаўляючы яе, напісаў, што гэта «вельмі цяжкая, вельмі новая, вельмі важная кніга». Можаце расшыфраваць назву зборніка і словы выдаўца пра яго зьмест?
— Так, я вельмі ўдзячная Дзьмітрыю за давер і гэтую цудоўную прапанову. Кніга ў выдавецтве Hochroth Minsk — вялікая для мяне радасьць і вялікі гонар. Што тычыцца назвы, то вызначыцца зь ёю было цяжэй за ўсё. Як мне здаецца, гэтая назва перадае адчуваньне многіх пісьменьнікаў, якія апынуліся сьведкамі ці нават удзельнікамі шэрагу жахлівых, шокавых падзеяў, — адчуваньне немагчымасьці складаць тэксты ані пра гэтыя падзеі, ані тым больш пра нешта іншае, не датычнае гэтых падзеяў. Наогул немагчымасьці пісаць, пакуль такія жудасныя рэчы адбываюцца проста побач з намі, перад нашымі вачыма. Калі побач гінуць і пакутуюць людзі, сядзець і ствараць тэксты здаецца нейкім блюзьнерствам. Разам з тым толькі праз тэкст мы можам асэнсаваць гэтыя падзеі і, калі нам асабліва пашчасьціць, паўплываць на іншых, дапамагчы ім таксама. Такім чынам немагчымасьць пераўтвараецца ў магчымасьць, ва ўнутраную неабходнасьць гаварыць пра тое, што баліць. У маім выпадку гэта і вайна, і экалёгія, і шматузроўневы гвалт, і агульная недальнабачнасьць ды самазакаханасьць чалавецтва.
Словы Дзьмітрыя для мяне, несумненна, вельмі прыемныя, але што канкрэтна ён меў на ўвазе, пра гэта, відаць, лепш запытацца ў яго. Ці то прачытаць кнігу і тады ўжо зрабіць свае ўласныя высновы. Дарэчы, прэзэнтацыя кнігі пройдзе на фэстывалі «Прадмова» ў Вільні ўжо зусім скора, 6 кастрычніка.
Кніга Марыны Хоббель «(Не)магчымасьць пісьма»
— І на завяршэньне просім некалькі вашых вершаў.
— Мае вершы пераважна даволі доўгія і змрочныя, таму прапаную два кароткія і адзін трохмоўны верш, які, як мне бачыцца, у найбольшай ступені вызначае мяне як «гаваркую істоту» на памежжы трох моваў: беларускай, расейскай ды нарвэскай.
*
няма сваіх слоў
таму гавару чужымі
пра вайну, якой ня ведаю
толькі сьню
начное неба ў крыві разрываў
катакомбы, бэтонныя бункеры
сухі пыл
падземных жыхароў
і сьмерць
абгарэлыя целы на паверхні
зьдзічэлых галодных зьвяроў
там, дзе я іду
у дарэмных пошуках ежы
у пошуках вады
і ўласнай сьмерці
*
у забітых няма нацыянальнасьці
няма мовы
няма плянаў на адпачынак
няма сям’і і роднага горада
няма каханых і сяброў
але самі яны ёсьць ва ўсіх
у бацькоў і дзяцей
у сяброў, у краіны і сьвету
яны ёсьць
у форме пустэчы
дзе павінны былі быць яны
*три рода слова язык / тры роды слова мова / tre kjønn av ordet språk*
в моей голове — три языка
тры мовы чапляюцца за нэўроны
tre språk kjemper om den samme veien ut
один из них родной, ворочается
бурым комом сгнивших листьев во рту
откроешь рот — люди с отвращением
шарахаются в сторону
другую мову я б і хацела назваць сваёй
але яна, як вавёрка: міргнула сярод лісьця — і няма
руды хвосьцік тырчыць з дупла
det tredje språket er så ulikt de to andre
at jeg ikke vet om jeg noen gang vil kunne si:
det er akkurat som morsmålet mitt
som den myke pysjen min
все коннотации
все слова, которых нет в словарях
всё, что меня составляет —
спрессовано в буром коме
торчит обглоданными костями
подсекает цепкими крючками
я повисаю в темноте, в немоте
мысли копошатся среди извилин
подхватывают случайные слова
выпадковыя словы на той мове
што ўсплыла на паверхню
па-над чорнаю прорвай несьвядомага
som en hval med sin støyende sprut
як рыбка — бліскучая луска
как утопленник с кожей скользкой и синей
som et minne om en manet
слова-медузы, стайки рыбок
hvalenes ubegripelige sang
в сетях трех языков
один из которых — язык медных орд
омертвелый язык убийцы
другая зазірае ў імглістую бездань
на крохкім краі існаваньня
og det tredje er så lite og ubetydelig
at folk i utlandet undrer: Er det tysk? Nederlandsk?
я ня ведаю, якую мову абраць
каб мяне пачулі
ці пажадалі пачуць
магчыма, ніякую
kanskje det er best å tie
таму што ўсе словы ўсё адно
упадут и сгниют
как черные листья
som ikke etterlater noen spor
да и что они могут значить
у сьвеце, дзе ўсе занятыя сабой
дзе ўсе забыліся на тое
што мы адно
что мы одно
at vi er ett
где мы убиваем
забіваем
dreper hverandre
уничтожаем всё
к чему прикасаемся
адские машины убийства
helvetes ødeleggelsesmaskiner
я не знаю, есть ли будущее у вида,
вся энергия и эссенция которого
заключена в одном слове:
Jeg
Я
Я
или нам просто
лучше исчезнуть
з нашымі мовамі
з нашымі словамі
якія ніхто і ніколі
к счастью
не сможет услышать
не сможет прочесть