Аляксея двойчы судзілі за ўдзел у пратэстах. Пасля другога прысуду адседзеў 30 сутак на Акрэсціна ў чатырохмеснай камеры, дзе было 19 чалавек. Пасля гэтага трывога практычна не пакідала яго. З’ехаў у эміграцыю, хаця і вельмі не хацеў, бо больш нідзе сябе не адчувае так, як на радзіме…
Пошукі сябе
Аляксей – малады чалавек, вырас у сталіцы. Адукацыю гісторыка ў ВНУ так і не скончыў – не падабалася там атмасфера. Нават сам будынак, дзе мясціўся факультэт, паводле хлопца, аддаваў цвілой савецкасцю. Пайшоў проста працаваць.
Яшчэ ў студэнцкія гады спрабаваў падпрацоўваць: прадаваў білеты на канцэрты і розныя імпрэзы. І гэты час узгадвае з цікавасцю, паколькі сам неаднойчы трапляў на розныя культурныя мерапрыемствы. Асабліва запаў у душу Купалаўскі тэатр.
- Я прывёў туды сваю дзяўчыну, якая цяпер мая жонка, і мы папросту закахаліся ў Купалаўскі тэатр. Падабалася гульня актораў і беларуская мова гучала так адмыслова. Я тады размаўляў па-руску, хаця былі спробы перайсці на беларускую, але мне не ўдавалася адчуць, каб яна была натуральнай – яна гучала штучна. А там яна гучала, як мае быць і ніяк інакш.
Паколькі дыплома аб адукацыі не меў, то ўладкаваўся проста грузчыкам. І, як сам прызнаецца, патрапіў нібы ў іншы свет. Калектыў не мог зразумець, як гэта ён вучыўся ва ўніверсітэце, кінуў і пайшоў працаваць грузчыкам.
Затым удалося змяніць працу на больш лёгкую – гэта быў ужо 2019 год.
Той дзень немагчыма апісаць словамі
У 2020 годзе разам з сям’ёй абмяркоўвалі кандыдатаў, кожны заставаўся пры сваёй думцы. Дзявятага Аляксей з жонкай прагаласаваў, але ні ў якіх пратэстах не ўдзельнічаў, паколькі нават не ведаў, што людзі намераныя выходзіць. І толькі пабачыўшы раніцай наступнага дня, што адбылося, яны ўжо не сядзелі дома.
- Мы хадзілі ўжо кожны дзень. Шукалі інфармацыю, дзе што адбываецца, і ўдзельнічалі. І самы пікавы момант, канешне, быў 16-га жніўня. Гэта было ўвогуле нешта…
Аляксей кажа, што ў яго ўжо быў досвед удзелу ў масавых акцыях, а вось у жонкі не было, і калі пад’ехаў аўтазак, то яна моцна напалохалася. Пра той дзень хлопец кажа, што гэта немагчыма апісаць словамі.
- Я быў упэўнены ў той момант, што мы пераможам. Што няма ніякіх шанцаў, каб мы не вымусілі ўладу здацца. Магчыма, гэта трохі наіўна, але было так.
Аляксей звяртае ўвагу, што падчас гэтых жнівеньскіх пратэстаў практычна не было ніякага кіраўніцтва гэтым працэсам – усё адбывалася стыхійна, і людзі не ведалі, што рабіць. А ўжо ў верасні стала заўважна, што людзі пачалі захоўвацца па-іншаму – пры любой пагрозе імкнуліся ўцякаць.
На першы раз – штраф
Першы раз Аляксея затрымалі, калі яны ўсёй сям’ёй з бацькамі вышлі з касцёлу. Проста ішлі, а тут затрымаўся бусік і іх пачалі хапаць, як удзельнікаў акцыі. Аляксей тады сказаў амапаўцам, што гэта толькі ён удзельнік і яго забралі, а сям’ю адпусцілі.
- Я тады зразумеў, што мне трэба дзейнічаць тут і зараз. Сказаў: добра хлопцы пойдзем, падняў рукі і мяне павялі, і ніхто не біў.
На першы раз Аляксею прысудзілі штраф, праўда, суд адбываўся ў Жодзіна, іх туды адвезлі адразу, відавочна, з прычыны таго, што на Акрэсціна не было вольных месцаў. Але пазней яго пачуцці змяшаліся.
- Такое дзіўнае адчуванне. Ужо ў Мінску еду ў метро дадому, гляджу на людзей і разумею, што ні ў кога няма пытанняў – чаму я без шнуркоў, да прыкладу. Я бачу, што людзі нават не звяртаюць на мяне ўвагі, а мне хацелася крычаць: людзі, вы ведаеце адкуль я выйшаў! А людзі проста жылі сваім жыццём…
Тым не менш пасля таго, што ў Аляксея здарылася, з’явілася яшчэ большае жаданне хадзіць на пратэсты, з’явілася прага да таго, што варта перамагчы. А досвед падказваў, што трэба быць больш асцярожным і ўважлівым.
На другі раз – 30 сутак
Як згадвае хлопец, трапляў у вельмі крытычныя сітуацыі, удзельнічаў у акцыях на Плошчы пераменаў, яго ўжо нават амапаўцы вялі пад рукі, але ўдавалася пазбегнуць затрымання. А чарговы раз патрапіў у аўтазак, калі ў гадавіну смерці Аляксандра Тарайкоўскага паклаў ружу на месца, дзе яго забілі. Суд адбыўся па Скайпу, прысудзілі 30 сутак.
- Калі адкрыліся дзверы камеры, мне сказалі : ідзі. А я не магу зайсці, там людзі стаяць і праходу няма. Я падумаў, што гэта нейкая памылка і адступіў назад, а мяне папросту запіхнулі туды. Там было 19 чалавек на чатырохмесную камеру. Яны ўсе стаяць, такія мужыкі з голымі торсамі, бо было вельмі горача. Гэта было 10-11 жніўня…
Аляксей згадвае, што ён быў у шоку ад убачанага, а тыя людзі ў камеры першае, пра што запыталі – ці не галодны, пачалі прапаноўваць нешта з’есці.
- Я паглядзеў на гэтыя катлеты і на гэтых людзей і нічога не адказаў, бо не разумеў, што адбываецца… І вось тут пачалася «жэсць» канешне.
Кармілі вошай і слухалі цікавыя лекцыі…
У камеры ўсе былі палітычныя, як згадвае Аляксей, усе людзі розныя. Паколькі ён быў шчуплы і невысокага росту, яму размеркавалі месца паміж столікамі – ён там спаў. Нехта спаў на самім століку, нехта ўздоўж камеры пад ложкамі. На ложку, паводле Аляксея, было самае дрэннае месца, паколькі ім не давалі матрацаў і даводзілася ляжаць на металічных прутах, якія ўпіваліся ў цела.
- Але там такія людзі сядзелі. Пераважна гэта былі айцішнік, кіраўнікі аддзелаў, навукоўцы, дырэктары – людзі, якія не павінны былі там знаходзіцца. Таму ўсё было максімальна добра, цывільна. У нас былі правілы, якіх мы прытрымліваліся, асабліва датычна гігіены: кожны дзень праціралі памяшканне, мылі падлогу.
Праўда, катаванняў, паводле Аляксея, не пазбеглі, бо там не было магчымасці нават пашавяліцца, умовы кожны дзень пагаршаліся, не дазвалялі сядзець на ложках, перадачы былі забароненыя, святло гарэла ў камеры круглыя суткі, уначы двойчы будзілі на праверку, на паветра не выводзілі, адзін прыдурак падліваў у камеру ваду з хлёркай…
- У душ, пакуль не завяліся ў нас вошы, таксама не вадзілі. А потым павялі на праверку і нейкая там бабуля нас пашкадавала і пусціла памыцца. Я пра такое чытаў, але думаў, што гэта рэдкая з’ява, магчыма для тых, каго накіроўваюць недзе па этапу. Я не мог сабе ўявіць, што будзе так жорстка.
Тым не менш, як кажа хлопец, атмасфера ў камеры была напоўненая творчасцю, кожны распавядаў пра тое, у якой галіне быў дасведчаны.
- Я ў той момант захапляўся арніталогіяй і распавядаў пра птушак. Быў нейкі прадпрымальнік, які будаваў дамы ў Фінляндыі – распавядаў цікавосткі, як там гэта ўсё робіцца. У некага быў аўтасэрвіс і ён распавядаў пра машыны, тлумачыў, чаму сучасныя кары не з’яўляюцца экалагічным транспартам. Былі хлопцы анархісты – яны таксама цікава распавядалі, бо я пра гэта мала ведаў. Такога дакладна нідзе не пабачыш. Гэта было ўнікальнае месца.
Нягледзячы на ўсё гэта Аляксей прызнаецца, што было вельмі цяжка ў тых умовах.
- У мяне цягліцы атрафіраваліся, я скінуў дзесяць кілаграмаў і быў падобны на шкілет, як жонка сказала. І так усе мне казалі, што скінулі вагу, бо тыя харчы, якімі нас кармілі, есці было немагчыма.
Трывога не пакідала
Дарэчы, пасля турмы ўжо праз некалькі дзён Аляксей запісаўся на айцішныя курсы, бо ў камеры айцішнікі здолелі яго пераканаць, што ўсё атрымаецца. І сапраўды: у яго ўсё пачало атрымлівацца, але курсы не скончыў, бо пачалася вайна і іх настаўнік, нічога не сказаўшы, адразу з’ехаў.
У Аляксея пасля Акрэсціна таксама не праходзіла трывога, якая ўвесь час сядзела ўнутры.
- Калі нам нехта тэлефанаваў у дзверы, то ў мяне адразу паніка. У нас распавядалі, што затрымлівалі хлопцаў, якія ўжо сядзелі. А я быў там двойчы і разумеў, што калі будзе хапун – мяне забяруць. Мне было страшна ісці дадому з працы. Я не мог спаць, ноччу не распранаўся, а так і ляжаў у ложку, не спаў і чакаў, што за мной прыйдуць. Гэта было страшна, жыць немагчыма было…
Аляксей кажа, што быў заўсёды супраць, каб з’язджаць з Беларусі, але далей ужо заставацца не мог. І з жонкай выехалі ў Польшчу. За пару дзён да ад’езду, калі на руках былі білеты, прыйшла позва з ваенкамату, але туды ён ужо не пайшоў.
У Польшчы знайшлі працу, пачалі вучыць мову і патроху асвойвацца. Але Беларусь, як прызнаецца хлопец, баліць унутры. І ён марыць вярнуцца, калі надарыцца гэта магчымасць.
- Я проста нідзе сябе так не адчуваю, як у Беларусі…
Павел Залескі