Выдавецтву Андрэя Янушкевіча днямі споўнілася 12 гадоў. У 2022 годзе
ён вымушаны быў эміграваць у Варшаву. Гэта адбылося пасьля наведваньня
праўладнымі прапагандыстамі Рыгорам Азаронкам і Людмілай Гладкай ягонай
новай кнігарні «Кнігаўка» ў Менску. Затым былі яшчэ арышт і адседка.
Спадар
Янушкевіч кажа, што ўсе гэтыя гады і ў Беларусі, і ў Польшчы выдаваў
кнігі і па-расейску. Але цяпер выпускае прыкладна 95% кніг на беларускай
мове.
«Цікавы факт: мы бачым менавіта такую
запатрабаванасьць з боку аўдыторыі, нашай кліенцкай базы. Калі мы выдалі
пару кніг па-расейску, сутыкнуліся з хваляй неўхваленьня такога кроку.
Наша ніша — беларуская аўдыторыя, людзі, якія хочуць чытаць на
беларускай мове. Але мы супраць адмены любой мовы. Мы гатовыя выдаваць
кніжкі на любых мовах», — кажа спадар Янушкевіч.
Праблему ён бачыць у крыху іншай плашчыні: каго лічыць беларускім пісьменьнікам, а каго — не.
«Для
мяне адназначна: ты беларускі пісьменьнік, калі пішаш па-беларуску. А
калі ты пішаш і выдаеш арыгінальныя выданьні на расейскай мове, і ты з
Ашмянаў, Менску, Слуцку — ты расейскі пісьменьнік беларускага
паходжаньня», — перакананы Андрэй Янушкевіч.
Беларусам за мяжой
патрэбныя выданьні на беларускай мове. А кнігі, напісаныя беларусамі
па-расейску, — гэта не арыгінальны твор, гэта пераклад, мяркуе выдавец.
«Я
даўно ўжо перастаў гуляць у гульню, распачатую Лукашэнкам, што ў
Беларусі дзьве родныя мовы — беларуская і руская. Гэта лухта. Мы —
паўнавартасная нацыя, у нас ёсьць свая мова. Я ня супраць выдаваць
расейскіх пісьменьнікаў. Для мяне галоўнае — арыгінальнасьць і якасьць
тэкстаў.
Я, вядома, не адмоўлю Фядуту,
калі гэта будзе харошы, цікавы тэкст, як не адмовіў Дзянісу Дудзінскаму,
не адмовіў навукоўцам- дасьледнікам, якія пісалі манаграфіі
па-расейску. Я падобным цемрашальствам — адменай культуры, адменай мовы,
нават калі гэта расейскае, — не займаюся», — кажа выдавец Янушкевіч.
Але
ён ніколі ня будзе выдаваць адыёзных аўтараў, якія, да прыкладу,
падтрымліваюць расейскую агрэсію ва Ўкраіне ці маюць прафашысцкія
погляды.
«Зь сямі кніг пяць мы пераклалі на беларускую мову»
Выдавецтва
RozUM media
адзначыла першую гадавіну працы ў польскім Познані. Яго дырэктар Павал
Лягчылаў расказаў, што ўсе першыя аўтары, зь якімі ён пазнаёміўся і
вырашыў выдаць іх кнігі, пісалі па-расейску.
«Але
адразу мы пастанавілі, што робім пераклады на родную мову. Зь першымі
пяці кніжкамі ў нас праца ішла ня тое што пасьлядоўна — амаль
паралельна. Калі было скончана рэдагаваньне расейскага тэксту, мы адразу
рабілі пераклад на беларускую. Кнігі ў нас выходзілі з розьніцай
максымум у месяц.
Зь сямі выданьняў,
якія мы зрабілі летась, пяць пераклалі на беларускую мову. А адну кнігу —
„Я/мы эміграцыя“ Дар’і Ракавай — і на беларускую, і на польскую мовы.
Прычым у аўтарскім перакладзе», — кажа Павал.
У 2026 годзе адна кніга (казкі для дзяцей, напісаныя па-расейску)
адразу перакладаецца на беларускую. А шэсьць новых кніг, што ў працы,
напісаныя па-беларуску, і выдавецтва не плянуе займацца перакладам на
расейскую. Яшчэ адна кніга будзе перакладзеная на расейскую, на
ангельскую і на чэскую.
«Я скажу з
уласнага досьведу: кнігі, якія былі надрукаваныя па-расейску, ну не
зусім мёртвым грузам, але адлежваюцца на складах, разыходзяцца павольна.
А для некаторых кніг на беларускай мове мы рабілі ўжо дадатковыя
наклады. То бок на гэтае пытаньне адкажуць самі людзі, на якой мове яны
хочуць чытаць.
Мы не павінны самі
рабіць цэнзуру. Бо інакш атрымаецца тая самая „дыктатура рэжыму“, толькі
наадварот. Улады забараняюць беларускія кнігі, а мы пачнем забараняць
расейскія? Тады мы нічым ня будзем адрозьнівацца ад іх. Няхай чытачы
самі „прагаласуюць“, якія кнігі чытаць. Моладзь цяпер выбірае кнігі на
беларускай мове», — выказаў думку дырэктар RozUM media Павал Лягчылаў.
Што да Аляксандра Фядуты, які піша па-расейску, Павал параіў яму адразу шукаць выдаўцоў, якія будуць рабіць пераклад.
«Няма ніякай абразы скарыстацца працай перакладніка»
«Ні той, ні другі не цікавяцца сутнасьцю.
Калі б рэсурс майго выдавецтва быў большы, яно, магчыма, займалася б
выданьнем і дыстрыбуцыяй кніг і па-расейску, і на іншых мовах, імкнучыся
данесьці наш пункт гледжаньня да людзей, ня здольных чытаць
па-беларуску. Гэта асобная група чытачоў, ня тая самая, што ў нас цяпер.
Гэта асобная задача, іншыя спэцыялісты, іншыя падыходы і крыніцы
фінансаваньня», — кажа Андрэева.
Яна дадае, што, хутчэй за ўсё, не
займалася б гэтым сама. Прызнаецца, што ёй гэта нецікава, бо яе
асабісты інтарэс — каб усё выходзіла па-беларуску.
«Што
да кнігі таго ж Фядуты, чытач, на якога мы працуем цяпер, хацеў бы
чытаць яе па-беларуску. І ў гэтым няма ніякай абразы для аўтара —
карыстацца дапамогай перакладніка або зрабіць аўтапераклад, каб данесьці
сваю думку тым, хто хоча яе прачытаць па-беларуску. Той жа
супэрпапулярны беларускі пісьменьнік Саша Філіпенка гэта выдатна разумее
і расстаўляе прыярытэты. Шмат іншых людзей, прымаючы, што ім цяжка
пісаць па-беларуску, шукаюць выхад, а не крыўды або апраўданьні. Гэта
дарослая пазыцыя і павага да чытача», — выказала думку спадарыня
Андрэева.