Як «беларуская» ўлада ператварылася ў акупацыю і ўсім нам стала сорамна, — Дубавец
2022-03-08 20:48
Калі б у 2020–2022-м Макей ня зьнішчыў у Беларусі грамадзянскую супольнасьць, не было б у нас ні расейскіх вучэньняў, ні расейскіх ракетных удараў па Ўкраіне, ні расейскага ўварваньня зь Беларусі. І сама гэтая вайна пачалася б ня так і ня там.
Пра сорам
Уласна, тады, у 2020-м, з Макея гэтая вайна і пачалася так і там, дзе яна пачалася — з падрыхтоўкі пляцдарму, прыдатнага для нападу на Ўкраіну. Ніякага іншага сэнсу ў словах і дзеяньнях Макея не было і не магло быць.
Бо грамадзянская супольнасьць — гэта і ёсьць беларускі народ у тым гучаньні, у якім ён, паводле Канстытуцыі, зьяўляецца крыніцай улады. Фактычна Макей калі ня зьнішчыў, дык паралізаваў беларускі народ, адкінуў яго ад удзелу ў палітычных працэсах на сваёй зямлі.
Слова мае сілу. І колькі б ні было заклікаў не называць гэтую ўладу беларускай, — называлі. Недзяржаўныя СМІ, пакуль існавалі, грашылі гэтым дысанансам («Беларусь прыгразіла NATO»!) на працягу амаль 30 гадоў. А што як называецца, так і адбываецца, прынамсі так успрымаецца. І вось ужо замежныя СМІ кажуць, што «Беларусь стала саўдзельніцай расейскай агрэсіі. Беларусь — агрэсар». Вы быццам бы кажаце: раней гэтая ўлада была беларускай, а цяпер стала акупацыйнай. (Хоць сама яна ні разу, ні на каліва не зьмянілася; ні разу, ні на каліва не была беларускай; ні разу, ні на каліва ня дбала пра Беларусь як такую.) І таму — прабачце нас, украінцы, мы пад акупацыяй. Нам сорамна.
Гэтаксама, як сорамна пратэстоўцам у Расеі, бо мы ж разам, праўда? Але ёсьць нюанс.
Расейцам сорамна за вялікую Расею. Антон Долін так і напісаў, пакідаючы яе, што яму сорамна заставацца ў краіне-агрэсарцы. Заўважце, аніводзін беларускі ўцякач не назваў такой прычыны сваіх уцёкаў, такога матыву. Уцёкі ад уласнага сораму. І тут вялікая сьветапоглядная розьніца. Расейцу сорамна за паводзіны сваёй вялікай Радзімы, як за свае. Ён адчувае сябе саўдзельнікам. Беларусу за радзіму (за Беларусь як такую) ня сорамна, наадварот. Яму сорамна бачыць і ўсьведамляць подласьць, зь якой ён ніякім чынам сябе не атаясамлівае. Звычайная рэакцыя прыстойнага чалавека з сэрцам. Ён не пачуваецца саўдзельнікам. Ён спрабуе разабрацца ў сабе, хоць насамрэч гэты працэс — аб’ектыўны распад закарэлай ідэалягемы пра «мы адзін народ». Мы не адзін народ. І ў нас розныя матывы сораму, і сам сорам розны. І, натуральна, у гэтай вайне мы былі, ёсьць і будзем разам з украінцамі.
У 2018-м пра сваё «саўдзельніцтва» з нагоды галадоўкі рэжысэра Сянцова выказаўся расейскі пісьменьнік Дзьмітры Быкаў. Мне тады ў ягоным самабічаваньні ўбачылася нават пэўная асалода, нешта такое зусім ужо дастаеўскае. А яшчэ — ВасільБыкаўскае — пра Рыбака, які ад сораму спрабуе павесіцца ў прыбіральні. Але Рыбак сапраўды саўдзельнік і нават удзельнік злачынства. З чаго б гэта Дзьмітрыю Быкаву адчуваць сябе Рыбаком, перажываць рыбакоўскі сорам?
Але — помніце? — што як называецца, так і адбываецца. Калі ж не выходзіць у мэтафізычную расейскую смугу зь яснае рэальнасьці, дык кожнаму зразумела, што Дзьмітры Быкаў ніякі не саўдзельнік. Як і Антон Долін. Ужо сваімі выказваньнямі яны дэкляруюць ня тое, што яны па сутнасьці дэкляруюць (пратэст), а нейкі невядома адкуль падхоплены «грёбаный стыд», для якога, на здаровы розум, ніякіх падставаў няма. Чалавеку будзь якой нацыі ўласьціва вагацца, але гэтае ваганьне ня з чорнага ў белае і наадварот (салжаніцынская традыцыя). Гэтае ваганьне ў сучасным сьвеце сфармуляваў яшчэ адзін расейскі, але нярускі пісьменьнік (сын абхазкі і пэрса — тут гэта важна) Фазіль Іскандэр:
«Чалавек павінен быць прыстойным, гэта магчыма ў хоць якіх умовах пры хоць якой уладзе. Прыстойнасьць ня мае на ўвазе гераічнасьці, яна мае на ўвазе няўдзел у подласьці».
Дбаць пра сваю прыстойнасьць — з гледзішча іншых, нярускіх народаў, — важней, чым абслугоўваць свой беспрычынны сорам і любавацца сабою такім. Дбаць пра сваю прыстойнасьць — аснова традыцыйнага беларускага выхаваньня. Альбо скажам так: будзь чалавекам, а ўжо кім ты там будзеш пасьля, дзясятая справа. А калі за іх сорамна табе, дык паглядзі рэйтынгі Пуціна, паглядзі, як тлумачыць вайну патрыярх Кірыл, паслухай тэлепрапаганду, адчуй сорам ад гэтага ўсяго (не за сябе) і пераканайся, што ніхто там пра «быць чалавекам» і прыстойнасьць ня дбае і ніякага сораму не адчувае. Яны ўсе адплываюць ад нас кудысьці ў мора бесчалавечнасьці і глупства, як той «расейскі ваенны карабель», і ў нас няма ніякіх прычын, крый Божа, адплываць разам зь імі.
Трапна ў фэйсбуку акрэсьліў сваю пазыцыю калега Сяргей Шупа:
«Загадзя і наперад прабачаю ўсім украінцам — што б яны ні сказалі ці напісалі пра беларусаў. Слава Україні! Жыве Беларусь!»
Героям слава!