Як колішнія польскія і рускія ўлады “перакрывалі” беларускім газетам шлях да крэўскіх падпісчыкаў
2022-02-20 19:00
Змаганне беларусаў за права мець сваю нацыянальную незалежную прэсу пачалося ці не з часоў паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага ў 1863-1864 гадах. Закранула яно і абшары колішняга Ашмянскага павета, а ў прыватнасці – Крэўскую воласць. З дакладаў тагачасных павятовых “сілавікоў” свайму губернскаму начальству даведваемся пра выпадкі распаўсюджвання ў нашай мясцовасці непажаданай літаратуры. У адным з такіх дакументаў паведамляецца, што 24 студзеня 1863 года “нейкія газеты на беларускай мове, накіраваныя супраць цара і ўрада” чытаў сялянам сын арандатара фермы Мілейкава паблізу Крэва Ляшчынскі. Вясной таго ж года за распаўсюджванне “Мужыцкай праўды” і “Гутаркі двух суседзяў” быў затрыманы 34-гадовы селянін Крэўскай сельскай грамады і колішні яе старшыня Вікенцій Тамашэвіч. Далучыўшы да справы некаторыя іншыя “правіннасці”, гэтага чалавека саслалі ў Астраханскую губерню, дзе ён прабыў ажно да 1881 года.
Прыйшлося змагацца нашым землякам за свае друкаваныя выданні і ў часы паміж дзвюма сусветнымі войнамі, калі Заходняя Беларусь знаходзілася ў складзе Польшчы. Прычым у гэты перыяд нашай гісторыі прыходзілася цярпець не так выдаўцам і распаўсюджвальнікам беларускай прэсы, як самім газетам і часопісам.
Газетамі абклейвалі сцены гміныАпісаныя ніжэй выпадкі на першы погляд могуць падацца дробнымі і малазначнымі бытавымі “разборкамі” мясцовага маштабу. Аднак калі пагартаць заходнебеларускія газеты міжваеннай пары, звестак пра падобныя здарэнні набярэцца процьма. Таму напрошваецца выснова, што барацьба з беларускай прэсай дробных польскіх чыноўнікаў – гэта не проста ініцыятыва нейкіх канкрэтных прыватных асобаў, а частка дзяржаўнай палітыкі тагачаснай Польшчы па паланізацыі ўсходніх ускраін.
Газета “Беларускі звон” у №7 за 11.03.1922 год надрукавала невялікае паведамленне ў фельетонным стылі, дасланае з Крэва некім, хто падпісаўся літарай С. Падаю гэты тэкст поўнасцю, толькі прывёўшы яго ў адпаведнасць з патрабаваннямі сучаснай арфаграфіі і пунктуацыі: “У нашай гміне ёсць пісар Шылінг, але ён не толькі пісар, ён – барацьбіт за асвету. Ён любіць, калі ў яго печцы агонь бухае ясным полымем, дзеля гэтага ўжывае ўсе газеты, якія прыходзяць у гміну. У першую чаргу ідуць беларускія, як “бальшавіцкія”, а пасля дастаецца такая доля ўсім газетам, нават і амерыканскім, бо па яго разуменню газеты для народа шкодныя.”
Пра іншую заганную завядзёнку, што практыкавалася на пошце ў Смаргоні, распавядае газета “Грамадзкі голас” у №38 за
15.09.1925 год...