«Як размова з Богам». Наста Кудасава прэзэнтавала новую кнігу і расказала, як жыве ў эміграцыі
2026-04-25 12:25
Беларуская паэтка
Наста Кудасава прэзэнтавала ў Вільні новую
кнігу вершаў —
«Лірыка»». Гэта ўжо сёмая кніга аўтаркі, выдадзеная
ў сэрыі
«Паэты плянэты» выдавецтва
Kamunikat.org.
Паэтка, якая з 2022 году жыве ў польскай Гдыні, уключыла ў кнігу 100 вершаў: частку з папярэдніх зборнікаў і новыя тэксты.
Вершы пра боль і палітвязьняў
Некаторыя творы ў кнізе прысьвечаныя беларускім палітвязьням — у тым ліку
Вітольду Ашурку, Сьцяпану Латыпаву, Алесю Бяляцкаму.
Наста Кудасава прызнаецца:
«ніколі ня
думала, што давядзецца пісаць як «палітычны хранікёр», але падзеі
апошніх гадоў не пакідаюць выбару. Паловай сэрца ты ўсё роўна жывеш
там, за той мяжой», — кажа яна пра Беларусь.
На
просьбу залі Наста прачытала верш пра Курапаты. Твор
«Мы любілі
замкнуцца дома» быў напісаны пад уражаньнем падзей 2020 году. Паэтка
дакладна памятае, хто натхніў яе на балючыя словы, памятае дзень і
месца, калі ў галаве склаліся радкі аднаго зь яе самых вядомых вершаў.
«Але звычайна ня так. Ніколі не пісала і цяпер не пішу на замову, вершы
нараджаюцца самі, мяне не пытаюцца», — кажа
Наста Кудасава.
«Мой дом згарэў, я вынесла з агню
адзіны скарб — напаўжывую мову»
Беларуская мова як выбар
Пісаць па-беларуску паэтка пачала, калі ёй было 13 — у 1990-я. Менавіта тады, паводле яе, яна адчула, што гэта «яе мова».
«Былі
90-ыя. Я наклеіла на школьны дзёньнік бчб-сьцяжок, пачала весьці
дзёньнік толькі па-беларуску, і ніхто не забараняў – тады было можна.
Паказала беларускія вершы настаўніцы расейскай мовы і літаратуры, зь
якой раней дзялілася сваімі рускімі вершамі, і раптам тая сказала, што
вось, гэта тваё, твая мова», – згадала
Наста Кудасава паваротны момант
жыцьця.
«Пачала яе
нібы пеставаць як дзіця, паверыла ў сябе, што магу пісаць, і недзе гадоў
у 15 адправіла вершы ў „Нашу Ніву“, у далёкі Менск, у якім нават ніколі
не была. Тады адзін мой верш надрукавалі, тую газэту захоўваю дагэтуль.
Гэтак мой паэтычны шлях далей і пайшоў, прычым больш ніколі не пісала
па-расейску, ніколі. Пагаварыць магу цяпер на розных мовах, але вершы
пішу толькі па-беларуску. Гэта як размова з Богам», — прызналася
Наста Кудасава.
«Аказалася, столькі гадоў мы ішлі па вадзе
Ігнаруючы покліч здаровага сэнсу — схавацца»
Жыцьцё ў эміграцыі і праца ў пончкарні
Сёньня паэтка жыве ў Гдыні і выхоўвае
дзяцей. Каб зарабляць на жыцьцё, працуе ў пончкарні — пячэ пончыкі. Па
словах Кудасавай, літаратура не дае стабільнага даходу, таму даводзіцца
шукаць іншыя магчымасьці. Пры гэтым яна ня лічыць гэта праблемай:
фізычная праца дапамагае «пераключыцца», а вершы працягваюць нараджацца
самі.
Яшчэ адным плюсам сваёй новай
працы Наста Кудасава назвала магчымасьць пазнаёміцца з наведнікамі,
завесьці зь імі размовы, атрымаць задавальненьне ад чалавечых кантактаў,
якіх у эміграцыі заўсёды не хапае. Што да вершаў, яны ўсё роўна да яе
прыходзяць.
«У мяне
цяжкая праца, бывае, што ногі баляць, бо ўвесь час на нагах, але ў мяне
ёсьць мой бонус, маё шчасьце — гэта складаць вершы. Так, у паэта бываюць
прэміі, бываюць нейкія стыпэндыі, але гэта не галоўны заробак, таму я
лічу, што гэтак лепш. Бо калі ты пачынаеш спадзявацца толькі на заробак
ад пісьменства, то будзеш пісаць горш. Табе трэба напісаць чарговую
кніжку, чакаць новых прэмій, улезьці ў нейкую пісьменьніцкую рэзыдэнцыю,
і незаўважна ты зробісься несвабодным чалавекам. Я такое ўжо
спрабавала, мне не спадабалася, больш не хачу. Вершы пішуцца ці ня
пішуцца, але калі ня пішуцца, мне ўсё роўна ёсьць за што жыць».
«І зноў гэты сьвет не заканчваецца,
і колькі там сьмерці той...»
Паміж радзімай і новым жыцьцём
Наста Кудасава родам з Рагачова і называе
яго сваім галоўным месцам сілы. Нягледзячы на вымушаную эміграцыю, яна
кажа, што гэтае пачуцьцё не зьмянілася.
«У
апошнія гады я адчувала, што мяне зрабілі маргіналам, адусюль выкінулі.
Ды на той момант я і сама б не хацела там заставацца, працаваць у школе
альбо раёнцы, жыць у такой краіне. Але для мяне заўсёды галоўнай была
малая радзіма — мой родны горад, мясьціны вакол яго, дзе жыла мая
бабуля. Я хацела быць амбасадарам свайго гораду, паўсюль праслаўляць
яго, але... Крыўдна? Крыўдна. Ну, нічога: усё роўна Рагачоў — мой горад,
хоць ён пра гэта не здагадваецца», — сьмяецца
Наста Кудасава.
Асадкай саду піша Бог:
Вось вершы вішняў, словы сьліў
Цяпер
паэтка рыхтуе новую кнігу з назвай
«Сонца ёсьць і птушак чуваць». Кнігу
Насты Кудасавай «Лірыка» можна замовіць на сайце
kamunikat.shop, альбо набыць на беларускіх кніжных імпрэзах.