Цэнтральная Азія — адзін з нямногіх рэгіёнаў у свеце, дзе Расія ўсё яшчэ спрабуе кантраляваць моўную палітыку краін. Аднак з лютага 2022 года ўсё больш дзяржаў постсавецкай прасторы перабудоўваецца на шлях развіцця нацыянальных моў.
Як цяпер уладкаваны працэс вывучэння нацыянальнай і рускай моў у краінах Цэнтральнай Азіі, чаму развіццём моў у першую чаргу займаюцца актывісты і якія шляхі развіцця ёсць у нацыянальных моў? Расказваюць журналісты
Facktchek.kz,
Respublika.kz,
Kloop,
Your.tj, пры падтрымцы
"Медыясеткі".
Таджыкістан: руская мова як перспектыўная
Руская мова ў Таджыкістане лічыцца ключом да паспяховай кар'еры і доступам да сучаснай літаратуры і тэхналогій. І хоць англійская мова нашмат перспектыўнейшая, руская для навучання ў Таджыкістане больш даступная. Да таго ж многія сем'і мяркуюць, што пасля школы дзеці паедуць вучыцца ў расійскія ВНУ ці потым паедуць у Расію на заробкі.
Пасля навучання ў школе выпускнікі, за выключэннем невялікай колькасці дзяцей, не могуць свабодна гаварыць на таджыкскай. Вучыць мову самастойна таксама складана. У 2023 годзе курсы па вывучэнні таджыкскай мовы можна было пералічыць па пальцах адной рукі, а гадзіна заняткаў каштавала амаль $20. Сістэма выкладання мовы не сфаравана. Да таго ж навучаюць у школах і на курсах літаратурнай таджыкскай, якая вельмі адрозніваецца ад сучаснай гутарковай мовы.
Чаму школьнікам прасцей размаўляць на англійскай і рускай, чым на таджыкскай? Як на гэта ўплывае інтэрнэт? Што кажуць аб праблемах з вывучэннем таджыкскай мовы ўлады краіны? Чытайце ў
рэпартажы Your.tj.
Кыргызстан: выхад з-пад моўнага ціску Расіі
У канцы 2023 года ў Кыргызстане прынялі закон аб дзяржаўнай мове, абавязаўшы дзяржслужбоўцаў, дэпутатаў, педагогаў і медработнікаў валодаць кыргызскай мовай, інакш іх могуць нават звольніць. Расійскія чыноўнікі і прапагандысцкія СМІ ўжо заявілі, што гэты закон "недэмакратычны" і ўціскае расійскую мову ў Кыргызстане.
Але чыноўнікі пакуль яшчэ дрэнна ведаюць кыргызскую — гэта паказваюць моўныя тэсты, якія яны здаюць ужо тры гады: “Вельмі мала тых, хто здаў на ўзроўні А1, А2, Б1, Б2. Сярод іх менавіта нашы, кіргізы, не змаглі здаць. Бо яны першапачаткова былі арыентаваныя на рускую мову [у сваёй працы]", — расказвае Каныбек Асманаліеў і прапануе даць чыноўнікам час на павышэнне ўзроўню валодання кыргызскай, інакш, па правілах новага закона, іх трэба адразу звольніць з працы.
Згодна з дадзенымі перапісу 2022 года, у Кыргызстане з насельніцтвам амаль 6,7 мільёна чалавек на кыргызскай мове гаворыць каля 4,4 млн. І людзей, якія хацелі б вывучыць мову, становіцца ўсё больш. Развіваць мову і прывіваць да яе любоў у першую чаргу дапамагаюць актывісты.
З 2013 года ў Кыргызстане існаваў праект "Баластан", які выдаваў дзіцячыя кнігі на кыргызскай мове. А з 2017-га з'явіўся Buguppress, які перакладае на кыргызскую сусветныя бэстсэлеры: кнігі па бізнесе, эканоміцы і мастацкую літаратуру.
З'явілася ў краіне і студыя REC 55 — каманда энтузіястаў, якая робіць агучку фільмаў і серыялаў на кыргызскую. І нават IT-супольнасць DevKurultai, дзе можна навучыцца праграмаванню на кыргызскай.
Больш падрабязна пра тое, як улады Кыргызстана спрабуюць вывесці нацыянальную мову з-пад ціску Расіі,
чытайце ў гэтым матэрыяле Kloop.
Казахстан: развіццём мовы займаюцца актывісты
У Казахстане, у сваю чаргу, сёння мова — адзін з найбольш канфліктагенных фактараў у грамадстве. У краіне перыядычна адбываюцца скандалы на моўнай глебе, мова стала галоўным кампанентам рыторыкі палітыкаў з нацыянал-патрыятычным парадкам дня, усё больш жорстка гучаць дыскусіі аб умацаванні пазіцый казахскай мовы.
Між тым відавочная галоўная праблема: ні адзін дзяржаўны менеджар за дзесяцігоддзі незалежнасці так і не змог вырашыць кіраўнічы чэлендж: як навучыць грамадства казахскай мове, як школьнікаў, так і дарослых, адзначае Factcheck.kz.
Мяняць сітуацыю ў краіне ў першую чаргу спрабуюць актывісты-энтузіясты. Так, пісьменнік Канат Тасібекаў стварыў сваю методыку вывучэння мовы і напісаў кнігу "Сітуацыйная казахская", каб па ёй ахвотныя маглі засвоіць мову, і заснаваў клуб казахскай мовы "МӘМІЛЕ".
Пры гэтым сам Тасібекаў пачаў вучыць казахскую толькі ў 50 гадоў:
"Мне стала сорамна, што я казах і не размаўляю на казахскай. Адзін доктар філалогіі пытаецца: а хіба да 50 гадоў у вас не было сораму? Я адказваю: да 50 у мяне былі іншыя прыярытэты, мне трэба было зарабляць, дзяцей на ногі ставіць, выдаць замуж дачку, жаніць сына... — тлумачыць ён выданню Respublika.kz. — Вывучэнне мовы — гэта вялікая інтэлектуальная праца. Патрэбныя і час, і рэсурсы".
Падрабязней пра актывістаў, якія папулярызуюць казахскую мову, чытайце ў рэпартажы Respublika.kz.
Каб разабрацца, як улады краіны вядуць сваю моўную палітыку і чым Казахстану можа дапамагчы досвед адраджэння іўрыту, валійскай і малайскай моў, чытайце даследаванне Factcheck.kz.
Туркменістан: поспех моўнай сепарацыі
Туркменістан далей за іншыя краіны Цэнтральнай Азіі прасунуўся ў рэвіталізацыі (аднаўленні — прым. рэд.) нацыянальнай мовы: па стане на 2020 год толькі 18% жыхароў краіны ў той ці іншай ступені валодалі рускай мовай. Спрыялі гэтаму вельмі радыкальныя рэформы.
З аднаго боку, палітыка кіраўніка Туркменістана Сапармурата Ніязава (ён узначальваў краіну з 1985 па 2006 год), разам з цяжкім сацыяльна-эканамічным становішчам у краіне, прывялі да масавага адтоку этнічных рускіх і рускамоўнага насельніцтва. З іншага — спрацавала радыкальная моўная палітыка, адзначае Factcheck.kz.
Ключавым момантам стаў пераход з кірыліцы на лацінскую графіку. Працэс суправаджаўся масавай прапагандай у СМІ. Дарэчы, пра СМІ: у краіне пакінулі толькі адну газету на рускай мове.
Рэформа закранула і адукацыю: нягледзячы на заяўленую палітыку трохмоўнага навучання (па-туркменску, па-руску, па-англійску), рускамоўныя школы і навучальныя праграмы ВНУ ліквідавалі.
Ці змяніўся ўплыў рускай мовы ў Туркменістане, калі ў 2013 годзе ўлады заявілі пра важнасць вывучэння афіцыйных моў ААН, у прыватнасці рускай, — чытайце ў разборы Factcheck.kz.
Узбекістан: крок наперад і два назад
Узбекістан — адна з краін ЦА, якая планавала перайсці з кірыліцы на лацінку. Працэс пачалі ў 1993 годзе. Але калі ў суседа, Туркменістана, усё атрымалася, то ўлады Узбекістана пастаянна пераносілі тэрміны: з 2000 на 2003, затым на 2010, а цяпер — на 2023 год.
На лацінку ўдалося перавесці частку школьных падручнікаў. Але ёсць нюанс: маладыя людзі, якія не валодаюць кірылічным варыянтам узбекскай, апынуліся фактычна адрэзаныя ад сусветнай літаратурнай спадчыны, бо вельмі нязначная колькасць мастацкай літаратуры, у тым ліку класічных твораў узбекскіх аўтараў, выдадзена лацінкай, адзначае Factcheck.kz.
Няхай руская мова не з'яўляецца афіцыйнай мовай ва Узбекістане, яна ўсё яшчэ пераважае ў вялікіх гарадах, захоўвае за сабой пазіцыі ў бізнесе і навуцы, а ў грамадстве ўмацаваўся стэрэатып, што навучанне на рускай больш якаснае, чым на узбекскай.
Як улады Узбекістана не могуць вызначыцца з уласнай моўнай палітыкай — чытайце ў разборы Factcheck.kz.
Як могуць развівацца нацыянальныя мовы ў краінах Цэнтральнай Азіі?
Перспектывы дзяржаўных і рускай моў у краінах Цэнтральнай Азіі прадказаць складана, але журналісты
Factcheck.kz разгледзелі некалькі магчымых сцэнароў.
Шлях чаканняў
Колькасць тых, хто размаўляе на рускай мове ў Цэнтральнай Азіі пастаянна скарачаецца за апошнія 30 гадоў — і гэта натуральны працэс. "Мы ўпэўнена рухаемся ў будучыню, дзе на рускай мове будзе размаўляць вельмі мала народу, пераважна яны будуць сканцэнтраваны ў найбуйнейшых гарадах — ва ўмоўным Алматы або Бішкеку. Астатнія гарады будуць гаварыць на нацыянальных мовах, і гэта нармальна, гэта натуральна", — кажа выданню Kloop эксперт цэнтра Карнегі Цемур Умараў.
Да таго ж рускія ў Цэнтральнай Азіі — старэючы этнас, чый сярэдні ўзрост складае 38-40 гадоў. Так што логіка гэтага сцэнара ў тым, што ўплыў рускай мовы сыдзе разам з носьбітамі рускай ідэнтычнасці і культуры.
Аднак на практыцы залежнасць становішча рускай мовы ад колькасці этнічных рускіх не настолькі прамая.
Шлях забаронаў
Журналісты выдання Factcheck.kz адзначаюць, што ў Туркменістане і Латвіі спрацавала палітыка жорсткіх абмежаванняў на выкарыстанне рускай мовы. Так, у гэтых краінах дзяржаўныя мовы ўжо з'яўляюцца або хутка стануць адзінымі мовамі навучання (ад дзіцячых садкоў да старэйшай школы).
Падобны падыход стварае так званае "моўнае гняздо" — асяроддзе, дзе ўсе дарослыя размаўляюць з дзецьмі на мэтавай мове з малодшага ўзросту. Калі ў далейшым мову выкарыстоўваюць у ВНУ і на працоўных месцах, то мова выходзіць з побытавай сферы ўжывання ў прафесійную.
Шлях кампрамісаў
У гэтым выпадку з аднаго боку краіны будуць укараняць мноства дзяржпраграм па развіцці мовы, а з другога — у розным выглядзе падтрымліваць рускую мову, каб захоўваць добрасуседскія адносіны з адным з асноўных эканамічных партнёраў — Расіяй.
Шлях кааперацыі
Поспех у рэвіталізацыі мовы будуецца на прадуктыўным узаемадзеянні ўлады, экспертаў і грамадзянскіх ініцыятыў, адзначаюць у Factcheck.kz. Дзяржава прадстаўляе заканадаўчую рамку і фінансаванне, спецыялісты і актывісты ацэньваюць патрэбы грамадства і ўзровень гатоўнасці да пэўных рэформаў.
Ключ да паспяховай рэалізацыі любой мовы — у стварэнні пазітыўнай матывацыі для ейнага вывучэння і выкарыстання. Мову трэба зрабіць патрэбнай, карыснай, прэстыжнай. Эфектыўнае моўнае планаванне, як правіла, не бывае ні хуткім, ні папулярным ва ўсіх слаёў насельніцтва. Да таго ж гэтыя меры не прынясуць сваім ініцыятарам лёгкіх палітычных ачкоў, адзначаюць у Factcheck.kz. Змены будуць адбывацца павольна, так што значна прасцей выкарыстоўваць моўнае пытанне, гуляючы на папулісцкіх настроях грамадзян.