Як вывучыць беларускую мову? «Пакрысе»!
2022-05-24 20:29
Інтэрактыўная старонка пад назовам «Пакрысе» з’явілася ў Instagram з месяц таму, і ўжо займела больш як 750 прыхільнікаў.
На платформе Instagram ёсць ужо нямала старонак для вывучэння беларускай мовы, але большасць з іх – гэта прыклады словаў у перакладзе з расейскай з ілюстрацыямі і тлумачэннямі.
Паліна Маслянкова, стваральніца суполкі «Пакрысе», пайшла іншым шляхам: яна прапануе інтэрактыўныя формы вывучэння беларускай мовы:
– Да кожнага допісу пра лексіку ці граматыку я ствараю інтэрактыўныя практыкаванні, каб кожны мог прайсці тэставанку і ўбачыць, наколькі ён або яна засвоілі тэму. Для мяне вельмі важна рабіць нешта карыснае, таму, калі я бачу новы рэпост майго допісу, я радуюся, і бягу рабіць свежы допіс. Гэта адзіная мая матывацыя нешта ствараць.
Старонку «Пакрысе» Паліна Маслянкова стварае па ўласнай ініцыятыве, як валанцёрка. Яна кажа, што разлік робіць на дарослых інтэрнэт-карыстальнікаў, у тым ліку на старэйшых падлеткаў. Але стварае і дзіцячыя гульні, каб бацькі дапамаглі вывучаць беларускую мову сваім дзецям.
На думку Паліны, у інтэрнэце сёння можна знайсці розныя платформы, каб зрабіць вывучэнне беларускай мовы найбольш прадуктыўным. Асобную ўвагу яна звяртае на TikTok, дзе ёсць магчымасць набываць моўныя веды праз фармат кароткіх відэаролікаў і ў вясёлай, і ў пазнавальнай форме.
Беларускае Радыё Рацыя