Святлана Курс піша пра небяспечную з’яву сучаснага жыцця — думскролінг — «няспынны, раскручаны чортаў млын, які забірае час нашага жыцьця, разгойдвае псыхіку». Пісьменніца дае практычныя парады пра тое, як жыць у часы інфармацыйнай вайны і захаваць цвярозы розум.
Жывы, цікавы праект «Будзьма» зьвярнуўся да мяне з пытаньнем, ці не напісала б я ім якоесьці слоўца? Штосьці, што магло б прыдацца іншым?
Я лічу, што гэта занадта амбітна і адважна — пісаць штокольвечы ў часы сусьветнага сеціва, вялікага чалавечага разнатраўя, дзе кожная чалавечая травінка і трысьнёг-думаньнік шуміць, хвалюецца, падае голас, і гэта зьліваецца ў сымфонію (якую, цалкам верагодна, слухае наш Створца).
Малюнак Андруся Такінданга
Голыя і безабаронныя, але з дарам розуму і сьвядомасьці
Цяпер кожны з нас піша ў сацсетках дзёньнік і хоцькі-няхоцькі выстаўляе на ўсеагульны агляд сваё нутро (якое бывае досыць неапэтытным). Да прыкладу, я сачу за пэўным польскім нацыяналістам і з жахам бачу, як ён піша праімігранцкаму актывісту: а ты падумаў, што хутка твая жанчына будзе баяцца выходзіць з дому поцемкам?
У цяперашнім сьвеце мы мала таго што голыя, безабаронныя і выстаўленыя пад капыты шалёным каням гісторыі (як птушаняты пячураўкі-ценькаўкі), але на дадатак надзеленыя праклятым дарам розуму і сьвядомасьці — таму што бачым у рэжыме рэальнага часу пакуты (і сьмерці) людзей, якія нам неабыякавыя, зь якімі мы салідарызуемся ці ідэнтыфікуемся.
Штодня мы кладземся, сьпім і ўстаем са сваім горам. Нашая штодзённасьць і інфармацыйнае поле перагружаныя так, што мы патроху шалеем і пагружаемся ў пекла. Гараваньне і безнадзея адбіраюць сілы і творчую цікаўнасьць да жыцьця. А з таго нікому няма карысьці, апрача ворагаў.
Малюнак Андруся Такінданга
Думскролінг і неабходнасьць інфармацыйнай гігіены
Шалёнае кола думак у галаве — думскролінг — гэта вынік інфармацыйнай вайны. Doom — «ліхалёс, пагібель, фатум, страшны суд» + scroll — «пракручваць», «гартаць») — фэномен марнаваньня часу падчас паглынаньня нэгатыўных навін. Мы займаемся думскролінгам ня толькі ў сетках, тэлевізары, кампе, тэлефоне, мы займаемся ім у сваёй няшчаснай, невялікай галаве. DS — няспынны, раскручаны чортаў млын — забірае час нашага жыцьця, разгойдвае псыхіку, адбірае надзею, робіць нашыя зьдзяйсьненьні і думкі дробнымі і плыткімі.
Інфармацыйная гігіена — не мэтафара, а цалкам актуальны раздзел мэдыцыны альбо сыстэма правілаў і мераў, якія эфэктыўна ратуюць ад уплыву шкоднай інфармацыі.
Свой думскролінг я спыніла, чытаючы трактат Старога Немаўляці — Лаа Цзы, чалавека, які ўсё жыцьцё парадкаваў царскую бібліятэку, напісаў адну невялікую кнігу, пасьля чаго выйшаў з тае бібліятэкі і пайшоў у сьвет. Ніхто ня ведае, куды — і дзе ён скончыў свае дні. Часамі я думаю, што ён усё яшчэ недзе ідзе сярод нас, у шырокім сьвеце, сярод усяго гэтага разнатраўя.
Парады, каб захаваць цьвярозы розум
• Што б ні адбывалася — неабходна ня траціць з вачэй пэрспэктывы, часьцей глядзець удалечыню, у неба, у вечныя, рэдкія кнігі.
• Сьвет пачакае, пакуль мы чытаем, займаемся блізкімі, парадкуем здароўе, дом, сад.
• А навіны трэба чытаць раз на тыдзень, калі яны назьбіраюцца, спразрысьцеюць, адстаяцца ад фэйкаў, плётак, страхаў і панікі.
• Калі ж вас жарэ сумленьне — пералічыце трошкі грошыкаў тым, хто імі распарадзіцца на карысьць вашых ідэалаў і жаданьняў. Вы самі ведаеце, каму — лепей за мяне).
• Сачыце за здаровейкам — яго многа не бывае. А то, як жаліцца М. Н., «палова знаёмых на алькаголі, палова на антыдэпрэсантах». Ну куды гэта гадзіцца? Абернецца кола гісторыі, устане сонца, і яго трэба сустрэць здаровымі і пасьпець нарадавацца.
Святлана Курс, Budzma.org