Якое дачыненьне да нацызму мае лёзунг «Жыве Беларусь». Разьбіраемся
2021-10-21 16:28
У пералік нацысцкай сымболікі і атрыбутыкі, поруч зь бел-чырвона-белым сьцягам, Міністэрства ўнутраных спраў прапанавала ўключыць і лёзунг «Жыве Беларусь!» Разьбіраемся, якое дачыненьне словы зь верша Янкі Купалы маюць да нацызму і пэрыяду Другой сусьветнай вайны.
Лічыцца, што аўтар нацыянальнага споклічу — клясык беларускай літаратуры
Янка Купала. Словы «Жыве Беларусь» паходзяць зь ягонага верша,
напісанага ў 1905–1907 гадах — «Гэта крык, што жыве Беларусь»:
«А вот як не любіць гэта поле, і бор,
І зялёны садок, і крыклівую гусь!..
А што часам тут страшна заенча віхор, —
Гэта енк, гэта крык, што жыве Беларусь!»Папулярызатарам гэтых купалаўскіх радкоў лічыцца крытык Уладзімер Самойла. Менавіта гэтыя словы ён выбраў у 1908 годзе ў якасьці эпіграфа да артыкула пра зборнік Янкі Купалы «Жалейка».
Спокліч адразу перанялі нашыя публіцысты-адраджэнцы як знак беларускага самаўсьведамленьня:
„... Pływie žywoje biełaruskaje słowo, budziačy pryspanyje sercy biełarusoŭ i pakazywajučy ŭsim, što „žywie Biełaruś!”
(Naša Niwa, 11 listapada 1910 h.)