Ян Роман: АМАП дзейнічаў вельмі жорстка
2020-08-12 17:32
Увечары 10-га жніўня быў жорстка збіты гарадзенскі журналіст Ян Роман, які прыехаў сустракаць фотакарэспандэнта і сябра Алеся Саенку.
Ян Роман распавядае падрабязнасці свайго збіцця і затрымання, калі ён пад’ехаў да Кастрычніцкага РАУСа:
– Выйшаў намеснік старшыні Кастрычніцкага РАУСа і папярэдзіў, што калі людзі будуць так сябе весці, то гэта будзе расцэнена як несанкцыянаваная акцыя. І прасіў сысці з прыступак. Людзі сышлі і працягвалі далей чакаць сваіх родных. У 17.20 прыехаў АМАП і пачаў рабіць “зачыстку”. АМАП працаваў вельмі жорстка, у выніку ў мяне пашкоджана вока, рука, нага, разбіты акуляры, гематома на галаве і шэраг іншых драбнейшых траўмаў.
Журналіст распавядае пра ўмовы знаходжання за кратамі:
- У РАУсе пратрымалі ў нейкім пакоі, потым па адным выводзілі, складалі пратаколы аб затрыманні. У мяне было два артыкулы: артыкул – непадпарадкаванне супрацоўнікам праваахоўных органаў і артыкул – удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Умовы ўтрымання былі жудасныя. Ніякай медычнай дапамогі тым людзям, якіх пазней пачалі прывозіць пасля акцый затрымання ў Гародні апоўначы, не аказвалася.
Па словах Яна Романа, ён зараз праходзіць медычнае абследаванне, каб даведацца, ці не пашкоджаныя ў яго якія ўнутраныя органы.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня