Яраслаў Іванюк: У незалежнай Беларусі перадам Kamunikat Нацыянальнай бібліятэцы
2025-06-17 21:23
У Беластоку ў «Chill Time Café» хабу «Новая зямля» прайшла заключная сустрэча 4-га сезона курсаў «Мова на нова». Спецыяльным госцем сустрэчы быў Яраслаў Іванюк — стваральнік інтэрнэт-бібліятэкі kamunikat. org і пазней — аднайменнага фонду.
На яго думку, накоплены рэсурс бібліятэкі павінен стаць набыткам усяго беларускага народу.
— Я надалей лічу, што калі Беларусь стане нармальнай, дэмакратычнай, незалежнай, цывілізаванай дзяржавай, то я проста перадам «Камунікат» у беларускую Нацыянальную бібліятэку. Бо для такой працы патрэбны сапраўды вялікія кадры. У нас ёсць жменька некалькіх асобаў. Але я ганаруся тым, што некалькімі асобамі мы здолелі зрабіць гэта. У асноўным, асабліва з самага пачатку, гэтым займаліся беларусы Падляшша, што таксама лічу вельмі важным.
Адзін з заснавальнікаў і шматгадовых арганізатараў курсаў «Мова на нова» ў Беластоку Ігар Палынскі таксама мае непасрэднае дачыненне да дзейнасці інтэрнэт-бібліятэкі Kamunikat. org. І нават адзначае з ёй разам — дзень нараджэння.
Кажа Ігар Палынскі:
— Я не задумваўся пра гэта, пра дату. Ніколі не цікавіўся асабліва. І тут, калі сталі рыхтавацца да юбілею, з Яраславам размаўлялі, і ён кажа: дык 20 чэрвеня. Ого. Добра супала. Я з «Камунікатам» пачаў супрацоўнічаць яшчэ ў 2019 годзе. Трохі дапамагаў з сацыяльнымі сеткамі. Працягваю гэта рабіць. Займаюся таксама трохі аўдыёкнігамі. Мой голас на пачатку кожнай кнігі чуваць. Вось гэта: «Беларускія аўдыёкнігі ад інтэрнэт-бібліятэкі „Камунікат“».
Найбуйнейшы рэсурс з беларускай літаратурай і перыёдыкай Kamunikat. org 20 чэрвеня адзначае 25 гадоў з дня заснавання. Гэта дзясяткі тысячаў беларускіх кнігаў і перыядычных выданняў, якія вы можаце знайсці на аднайменнай інтэрнэт-старонцы.
Цалкам матэрыял — у далучаным гукавым файле!
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя