Еўрапейская Пісьменніцкая Рада жорстка асуджае масавыя парушэнні правоў чалавека і свабоды слова ў Беларусі
2020-08-18 15:34
13 жніўня Саюз беларускіх пісьменнікаў звярнуўся да Еўрапейскай Пісьменніцкай Рады з ініцыятывай выступіць у абарону мірнага пратэсту, заклікаць да актыўнага пашырэння інфармацыі ў еўрапейскіх СМІ, арганізацыях і партыях пра задушэнне свабоды слова, гвалт і катаванні ў дачыненні мірных дэманстрантаў у Беларусі.
Сёння Прэзідыум Еўрапейскай Пісьменніцкай Рады распаўсюдзіў зварот да літаратараў Еўропы і свету з заклікам да салідарнасці з народам Беларусі.
"Мы знаходзімся ў пастаянным кантакце з членам EWC, Саюзам беларускіх пісьменнікаў, і навіны, якія мы атрымліваем, выклікаюць вялікую трывогу і смутак, – заяўляе Ніна Георге, старшыня EWC.
– Нашы незалежныя крыніцы паведамляюць пра жорсткі міліцэйскі гвалт на вуліцах і пра яшчэ больш сур’ёзныя злоўжыванні ў турмах, уключаючы псіхалагічныя катаванні, бязлітасныя пабоі і згвалтаванні. Усё гэта накіравана супраць беларусаў, якія ажыццяўляюць свае правы на свабоду выказвання меркаванняў, на свабоду сходаў і патрабуюць рэалізацыі сапраўды дэмакратычных прынцыпаў у сваёй краіне. Мы заклікаем урады Еўразвязу не бяздзейнічаць, не маўчаць, а аказваць моцны ціск на аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі, каб пакласці канец гэтаму гвалту і абараняць каштоўнасці, на якіх заснаваны Еўрапейскі Саюз", – патрабуе Георге.
"Беларусь – частка Еўропы. Не пакідайце беларускі народ на адзіноце ў яго намаганнях пабудаваць сапраўды дэмакратычную краіну. Усе мы павінны выкарыстоўваць самы магутны дэмакратычны інструмент: нашае слова ", – падсумоўвае Ніна Георге.
Еўрапейская Пісьменніцкая Рада – федэрацыя 44 нацыянальных арганізацый прафесійных пісьменнікаў і літаратурных перакладчыкаў, прадстаўляе больш за 160 тысяч літаратараў з 34 краін Еўропы, найперш з Еўрасаюза, а таксама Беларусі, Ісландыі, Нарвегіі, Турцыі, Швейцарыі і Чарнагорыі.