Ежы Грыгенча: Была спроба зламаць мяне псіхалагічна
2020-08-22 20:45
На гарадзенскага грамадскага актывіста Ежы Грыгенчу штодня ажыццяўляўся псіхалагічны ціск. Адна са спробаў ціску была нават з боку міліцыянтаў.
Кажа Ежы Грыгенча:
– На скрыжаванні Ажэшкі і Дзяржынскага мяне сустрэла машына “Джылі” , з яе пачалі пагражаць, што заўтра мы сустрэнемся, заўтра мы разбяромся. Я як ішоў, так і пайшоў. Калі выйшаў на Кірава, 3, пад’ехала тая ж машына, тут я ўбачыў, што калісьці гэты чалавек прадстаўляўся мне камандзірам АМАП Гарадзенскага РАУС. Ён таксама пачаў крычаць, што ты – фашыст, што мы з табой заўтра сустрэнемся і разбяромся. Калі выйшлі, і пачалі гэта ўсё здымаць, яны хутка рэтыраваліся.
Пасля спробы псіхалагічнага ціску Ежы Грыгенчу затрымалі, каб ён не патрапіў на мітынг у Гародні. Цяпер Ежы Грыгенчу чакае суд па артыкуле 23.34 Адміністрацыйнага кодэкса Рэспублікі Беларусь – “удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве”, і, на яго думку, такі суд можа адбыцца цягам двух месяцаў у кожны момант.
Беларускае Радыё Рацыя