Беларуская паэтка Юлія Цімафеева прэзентуе кнігу «Кровазварот». У ёй аўтарка распавядае гісторыю сваёй сям’і ў XX стагоддзі і шукае сваё месца ў гэтай гісторыі.
Пра выданне, сучасную літаратуру і яе дзеячаў — у размове Госці Рацыі — Юліі Цімафеевай — з журналісткай радыё Марынай Савіцкай.
РР: Вы прэзентуеце новы зборнік. У чым для Вас яго адметнасць?
Юлія Цімафеева: Так, прэзентую сваю новую кнігу «Кровазварот». Я б не сказала, што гэта зборнік вершаў. Для мяне гэта хутчэй кніга, у якой я спалучаю не толькі паэзію, не толькі вершы, але таксама і прозу, часам ператвараю нейкія дакументы, звязаныя з жыццём маёй сям’і, у паэзію, я спадзяюся, прынамсі. І наогул гэта такое даследаванне ўласнага жаночага эмігранцкага досведу праз прызму родавай памяці. Я апісваю тут стагоддзе жыцця маёй сям’і, сплятаючы досвед маіх родных і мой уласны досвед выгнання і эміграцыі.
РР: Ці далучылася да вытворчасці гэтай кнігі вашая сям’я?
Юлія Цімафеева: Па шчырасці, так. Безумоўна, я распытвала сваіх бацькоў, сваіх цётак распытвала пра тое, як выглядала іхнае жыццё у ХХ стагоддзі, іхнае маленства, але таксама як жылі мае дзяды і бабулі, прадзеды і прабабулі. На жаль, іх ужо няма на свеце, таму гэта была неацэнная крыніца інфармацыі.
РР: Што для вас адкрылася менавіта падчас падрыхтоўкі гэтай кнігі?
Юлія Цімафеева: Насамрэч, кнігу я пісала даволі доўга — некалькі гадоў. Гэтая кніга не магла быць напісаная ў Беларусі. Напэўна, гэта тое, што я зразумела, рыхтуючы гэтую кнігу. Я яе пісала ў аўстрыйскім Граацы, у нямецкім Кемніцы, у швейцарскім Цугу, у Гамбургу. І фактычна паставіла кропку ў Берліне, дзе мы цяпер жывем з Альгердам Бахарэвічам, маім мужам. І праз гэтую кнігу я спрабавала неяк знайсці сувязі з той краінай, дзе я цяпер жыву, — з Нямеччынай. Я наогул нарадзілася ў вёсцы, і ўся мая сям’я жыла там. І нам падаецца, што вясковыя жыхары — гэта людзі, якія вельмі прывязаныя да сваіх дамоў, да сваіх гародаў, да сваіх садоў. Але аказваецца, што вялікая гісторыя іх брала, зрывала з месца і кідала на абсалютна іншыя тэрыторыі.
У Варшаве прэзентацыя адбылася ў кнігарні «Кнігаўка» пры ўдзеле Уладзя Лянкевіча і Андрэя Янушкевіча.
Цалкам гутарка — у далучаным гукавым файле.
Беларускае Радыё Рацыя