Юрка Хмялеўскі: Будзем далей выдаваць Czasopіs і намагацца, каб ён быў штораз больш цікавы
2024-10-27 14:52
Гэты грамадска-культурны часопіс так і называецца – Czasopіs. Выдаецца ён у Беластоку і выходзіць на польскай і беларускай мовах. Выдавец – Асацыяцыяй беларускіх журналістаў. Галоўны рэдактар – Юрка Хмялеўскі. З ім пра сам часопіс і яго аўтараў паразмаўляў Васіль Кроква.
РР: Што з вашым часопісам? Якія перспектывы? Якія аўтары ў вас сёння?
Юрка Хмялеўскі: Мы цяпер перадусім, а так бывае кожны год, пішам заяўку ў міністэрства, каб атрымаць на наступны год грошы. А з гэтым ёсць праблемы, бо датацыі ад некалькі гадоў, як і выпадку іншых арганізацый, у тым ліку і газеты «Ніва», застаюцца на тым самым узроўні. А кошты пайшлі ўверх. Так што гэтым сёння перадусім жывем. Пабачым, на колькі будуць магчымасці. Будзем далей выдаваць Czasopіs і намагацца, каб ён быў штораз больш цікавы.
Бо, што мяне вельмі цешыць як рэдактара, з’яўляюцца новыя аўтары, ёсць новыя прапановы, новыя тэксты, і я думаю, што нягледзячы на агульныя праблемы, перадусім аб’ектыўныя, што людзі адыходзяць ад чытання, то ў нас усё адно ёсць будучыня. Бо мы, апрача папяровай версіі, маем свой сайт. У ім, што праўда, не паўтараюцца тэксты і артыкулы, якія надрукаваныя, але хочам, каб былі ў інтэрнэце таксама іншыя матэрыялы, для гэтага нам патрэбныя таксама новыя асобы, якія гэтым заняліся б, бо ў нас рэдакцыя сціплая. Я ёсць толькі галоўным рэдактарам, які выконвае большасць спраў – выдавецкіх, рэдактарскіх, а найважнейшыя ёсць аўтары. І як кожны часопіс, кожнае выданне, яно ёсць такое, якія ў яго аўтары. А мы, на шчасце, маем добрых аўтараў.
РР: За ўсе гады ў часопісе друкавалася шмат цікавых тэкстаў, якія варта выдаць у фармаце кніг. Няма такога жадання сабраць, напрыклад, усе эсэ нейкага аўтара і выдаць кнігу?
Юрка Хмялеўскі: Нашыя аўтары менавіта так часта падыходзяць. Гэта было здаўна. Скажам,
Аляксей Карпюк свае кнігі спачатку публікаваў часткамі ў часопісах.
Сакрат Яновіч таксама. У нашым выданні публікаваў штомесц свае ўспаміны «Не жаль пражытага», а пасля ўжо другая частка з пазнейшых гадоў, у 2000-х гадах, «Было як учора». І з гэтага выйшла кніжка. А трэцяя яшчэ была «Хатняе стагоддзе». І пазней выйшлі на польскай мове кнігі Матэвуша Стырчулы, нашага рэпартажыста, які па ўсім свеце ездзіць і піша такія рэпартажы, якія мала дзе можна сустрэць у друку, бо ён ездзіць па свеце. Эва Звяжынска таксама надрукавала сваю кнігу. І будуць наступныя, менавіта пашыраныя з гэтых матэрыялаў, якія былі надрукаваны ў часопісе.
РР: То бок такія планы ёсць?
Юрка Хмялеўскі: Такія планы ёсць. І не толькі планы – гэта такая штодзённая праца. І нашыя аўтары з гэтай думкай пішуць і публікуюць тэксты ў часопісе.
Перыёдык Czasopіs выходзіць у Беластоку з 1990 года. Выданне ўзнімае пытанні, важныя для беларускай меншасці, якая пражывае ў Польшчы. Публікуе рэпартажы, літаратурна-гістарычныя тэксты і навіны аб жыцці меншасцяў у Падляшскім ваяводстве і таксама з Беларусі.
Цалкам размова.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Міры Лукшы