- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
MOST працягвае запісваць гісторыі людзей, якія вымушаны былі з’ехаць з Гродна ў пасляваенныя гады. Наша новая гераіня — 87-гадовая жыхарка Лодзі Крыстына Эйсмант. Разам з маці яна пакінула Гродна ў 1945 годзе, яе бацька вярнуўся са ссылкі толькі праз 11 гадоў.
Крыстына Стэфанаўна Эйсмант (Юроўская) нарадзілася ў 1934 годзе ў Гродне. Бацька — карэнны гродзенец, скончыў чатыры класы ў гродзенскай гімназіі. Да Другой сусветнай вайны быў мясніком, трымаў краму на вуліцы Ажэшкі. Маці Крыстыны, Леакадзія Лазоўская, родам з вёскі Русота, вучылася ў тэхнікуме на настаўніка. У сям’і было трое дзяцей. Крысціна старэйшая, сястра з 1936 года і брат Ромэк з 1939 года.
Дом і крама на Ажэшкі
— У Гродне жылі мы на вуліцы Ажэшкі ў вялікім драўляным доме мамінай сястры Макарэвіч. У нас наверсе былі пакоі. Быў уласны вялікі агарод. Звонку быў двор, за якім была харчовая крама бацькі. Прадукты прадаваліся розныя, былі цукеркі, мяса і іншае. Я прыходзіла туды па цукеркі. Крама выходзіла на вуліцу Ажэшкі. Гандаль ішоў добра, бацька спраўляўся. Маці спачатку дапамагала яму, але потым толькі хатняй гаспадаркай займалася, дзецьмі.
Памятае Крыстына Дом стральца на вуліцы Ажэшкі. Сёння ў Гродне гэты будынак называюць Домам афіцэраў.
— Гэты дом на рагу каля нас быў. Вельмі прыгожы і сучасны такі. Было ў ім кіраванне нейкае. Памятаю, як часта там бывала, забягалі з сяброўкамі і з’язджалі па доўгіх парэнчах. Побач з Ажэшкі памятаю царкву, чыгуначны вакзал і заапарк. А яшчэ да вайны ў Гродна прыязджаў цырк, мы з бацькам хадзілі. Нават зараз помню, як гэта было. Добра было ў горадзе, стараліся ўсе мірна жыць. Яўрэі, палякі, праваслаўныя. Памятаю адзін смешны момант, як мы з дзецьмі стаялі каля сінагогі і пасмейваліся з барадатых мужчын. Дзецям тады здавалася гэта забаўным.
Новая ўлада забрала дом
Крама Юроўскіх на Ажэшкі працавала да верасня 1939 года. У пачатку месяца бацька Крыстыны пайшоў на вайну з немцамі, быў мабілізаваны ў польскае войска.
— Калі першы раз прыйшлі рускія ў Гродна (верасень 1939 г. — MOST), мы думалі, што ўсё будзе добра. Але потым сталі вывозіць нашых жыхароў. Мужа мамінай сястры, Браніслава Макарэвіча, забралі за тое, што ён быў мясцовым чыноўнікам, вывезлі адразу. Хутчэй за ўсё, ён загінуў у Катыні. Праз некалькі тыдняў забралі і цётку з дзвюма дочкамі з іх дома на Ажэшкі. Адна дачка была мая равесніца, другой было пяць месяцаў. Іх вывезлі ў Сібір. Цётка вярнулася толькі са старэйшай дачкой, малодшая не выжыла. Мы краму зачынілі, дом на Ажэшкі новая ўлада канфіскавала.
Маме Крыстыны з трыма дзецьмі прыйшлося пераехаць на вуліцу Назарэтанскую (сучасная Маладзёжная), у дом дзядулі. Гэтую пабудову сям’я купіла ў 1920-х гадах.
— Дзядуля прыгнаў фурманку з Русоты і дапамагаў нам перавозіць рэчы. У Гродне пры рускіх і немцах ён нам вельмі шмат дапамагаў, прывозіў прадукты з вёскі, бо меў вялікую гаспадарку. На Назарэтанскай у нас таксама быў вялікі двор, агарод, куры. Маці займалася ўсёй гэтай гаспадаркай.
Партызанка пры немцах
Крыстына ўспамінае, што ў 1940-х у Гродне пры немцах было страшней, чым пры рускіх. Хоць і тыя, і іншыя арыштоўвалі і вывозілі людзей.
— Кожны акупант — гэта страх. У 1941 годзе, як сышлі рускія, ці першыя саветы, як казалі, то бацька вярнуўся з войска і стаў нечым гандляваць. Потым немцы прыцягнулі яго на работы па мясанарыхтоўцы, але гэта працягвалася нядоўга. Мы разумелі, што немцы — гэта ворагі. Рускія ўсё ж псіхалагічна нам бліжэй былі, яны пабылі зусім няшмат (1939-1941 гг. — MOST), мы яшчэ не паспелі іх адчуць цалкам. Пры немцах адразу партызаны пачалі дзейнічаць. Палякі сыходзілі ў падполле і лясы. Мамчын брат, пляменнік, іншыя сваякі, моладзь з Русоты і нават мясцовы немец, іх называлі фольксдойчэ, Рудэк Лейштэр дапамагаў. Ён з бацькам працаваў, адпраўляў транспарты са скатом са станцыі. Бацьку ўдавалася нейкім чынам партызанам мясам дапамагаць, дзякуючы Рудэку.
Жанчына ўспамінае гісторыю з лета 40-х, як яе чатырохгадовы брат голы выбег з падворка на вуліцу Назарэтанскую і сутыкнуўся з немцам.
— Людзі з касцёла шлі, а ён голы бяжыць. Немец нейкі яго спыніў, дык Ромэк так ругаўся на яго, бо гэта быў немец у мундыры. Настрой такі быў у людзей. Можа, салдат хацеў дапамагчы, але брат злы быў. Пасля мама выбегла і забрала яго.
Бацька ў турме, мама ў бегах
Падчас нямецкай акупацыі Юроўскія адзін час хавалі ў хляве яўрэя, Крыстына насіла яму ежу. Часам хату правяралі немцы.
— І вось аднойчы да нас прыйшлі. Бацькі тады не было дома, ён сядзеў у гродзенскай турме за кантрабанду, злавілі з мяшком мукі. Мама ціхенька падышла да мяне і сказала, каб я не хвалявалася, яна звяжацца са мной. І некуды збегла. Дома немцы паводзілі сябе элегантна. Адзін сеў за піяніна, пачаў граць, іншыя пачалі фота разглядаць. Немцы пасадзілі мяне з братам і сястрой у машыну і павезлі да яе бацькоў у Русоту, думалі, яна там хаваецца. Тамака яе не знайшлі. Пасля мы вярнуліся дадому ўжо з дзедам і бабай. Іх паставілі каля сцяны і сказалі, калі не скажуць, дзе мама, то іх расстраляюць. А я не ведалі, дзе яна. Ніхто не ведаў.
У выніку старых адпусцілі, але было вельмі страшна ў той момант. Мама думала, што яе шукаюць за махінацыі бацькі. Але ёй падказалі, што яе хочуць апытаць у якасці сведкі па справе Рудэка Лейштэра за дапамогу партызанам. Яна сказала, што нічога не ведае, і яе адпусцілі. Потым і бацьку адпусцілі, неяк гэта было звязана з ягонай справай.
Рускі афіцэр дапамог выехаць з Гродна
Падчас нямецкай акупацыі Крыстына прымала першую камунію ў Брыгіцкім касцёле ў Гродне. Рыхтаваліся там жа, у сясцёр-назарэтанак, тыя вучылі яе чытаць. Калі гродзенка прыехала ў Польшчу ў 1945 годзе, яна адразу здала экзамен у пяты клас, пры гэтым пры немцах у Гродне ў школу не хадзіла.
— Калі немцы адступалі і набліжаўся фронт, мы былі ў Русоце і праз поле ўцякалі ў суседнюю вёску Чашчаўляны. У полі ляжалі трупы нямецкіх салдат, даводзілася пераскокваць праз іх. Фронт прайшоў праз нас. Каля дзеда дома «кацюша» стаяла і страляла. У нас у склепе хавалася шмат чалавек, страшна было. Пасля, калі рускія вызвалялі Гродна, мы хаваліся ўжо з суседзямі ў падвалах у сябе ў двары на Назарэтанскай. Гэта былі моцныя старыя каменныя падвалы. Тады ўсе хацелі, каб гэтая вайна хутчэй скончылася.
Крыстына расказвае, што пасля вызвалення Гродна ў ліпені 1944 года саветы адразу пачалі вывозіць людзей, не чакаючы заканчэння вайны. «Прыйшлі і пачалася вывузка». Арыштавалі ў тым ліку і яе бацьку, і суседа Сташка Сапегу. Іх вывезлі ў Сібір.
— Сташка працаваў нейкім начальнікам на чыгунцы. Чаму бацьку забралі, нам невядома. Спачатку яго пратрымалі два месяцы ў гродзенскай турме, а потым вывезлі. Падчас акупацыі мы хавалі рускую жанчыну па прозвішчы Пуцьян хіба, не памятаю дакладна. Яна была з двума дзецьмі. Пасля вызвалення прыехаў яе муж, палкоўнік. Ён вельмі хацеў нам дапамагчы вызваліць бацьку, звяртаўся куды толькі мог, але нічога ў яго не атрымалася. Гэты Пуцьян папярэдзіў маці, каб мы тэрмінова выязджалі, бо нас ужо рыхтуюць на ссылку. Ён вельмі моцна дапамог з транспартам для выезду ў Польшчу. Нашай усёй сям’і, Сапегам і іншым гродзенцам.