Зь СІЗА вызвалілі яшчэ траіх фігурантаў па справе TUT.ВY
2022-03-17 21:21
Са сьледчага ізалятара вызваленыя яшчэ трое фігурантаў так званай справы TUT.ВY.
Пра гэта паведамляе Zerkalo.io і называе вызваленых:
галоўная рэдактарка палітыка-эканамічнага блёку навінаў Вольга Лойка,
намесьнік генэральнага дырэктара па тэхнічных пытаньнях Аляксандар Дайнека,
мэнэджар Publisher Box Андрэй Аўдзееў.
Ім зьмянілі меру стрыманьня, аднак абвінавачаньні ня зьнятыя.
1 сакавіка зь СІЗА № 1 выйшлі былыя намесьнік галоўнага бухгальтара «ТУТ БАЙ МЕДЫА» Марыя Новік, намесьнік генэральнага дырэктара па агульных пытаньнях Ірына Рыбалка і галоўны бухгальтар Анжэла Асад. Усе яны пад падпіскай аб неразгалошваньні.
13 жніўня 2021 году суд прызнаў інфармацыйную прадукцыю TUT.BY, а таксама праект былой каманды выданьня Zerkalo і яго сацсеткі экстрэмісцкімі рэсурсамі.
Змаганьне ўлады супраць недзяржаўных СМІ
У 2020–2021 гадах перасталі выходзіць на паперы шэраг незалежных газэтаў нацыянальнага і рэгіянальнага абсягу. Большасьць газэтаў спынілі выхад праз палітычны ціск пасьля публікацый — ім не давалі далей друкавацца ў Беларусі.
Праблемы з друкарнямі паўсталі перад рэдакцыямі выданьняў:
«Белгазета»,
«Брестская газета»,
«Газета Слонімская»,
«Информ-прогулка»,
«„Комсомольская правда“ в Белоруссии»,
«Лидер-пресс».
«Народная воля»,
«Новы час»,
«Рэгіянальная газета»,
«Свободные новости плюс»,
«Ганцавіцкі час».
У многіх рэдакцыях і ў журналістаў дома прайшлі ператрусы. Некаторыя рэдакцыі зазналі некалькі ператрусаў.
Фінансавыя праблемы сталі прычынай закрыцьця яшчэ дзьвюх папулярных у сваіх рэгіёнах незалежных газэтаў. На пачатку мінулага году перасталі выходзіць «Барысаўскія навіны», а ў канцы 2020 году выйшаў апошні нумар газэты «Вольнае Глыбокае».
З праблемамі сутыкнуўся і шэраг недзяржаўных інфармацыйных парталаў. «Экстрэмісцкай» прызналі прадукцыю сайтаў і сацыяльных сетак такіх СМІ як:
«Белсат»
«Беларускі партызан»
«Наша Ніва»
Радыё Свабода
Ex-press.by
By.tribuna.com
Tut.by
«Брестская газета»
У Воршы па рашэньні пракуратуры заблякавалі рэгіянальны партал Orsha.eu, у Гомлі «Свободные новости Плюс», у Віцебску «Витебский курьер».