- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Над начной вёскай грымела навальніца. Моцны ўсходні вецер гнаў чорна-сінія хмары на Чмялі. Вось на паўнеба жыхнула маланка. Нібы нехта шырока ўзмахнуў цяжкой чырвонай сякерай. Галіністае вогненнае дрэва з грукатам і бляскам упала на зямлю, на хаты, на мокрыя саламяныя стрэхі. Зялёнае святло на колькі імгненняў затапіла вузкую, брудную чмялёўскую вуліцу, ярка ўспыхнула ў вялікіх і маленькіх лужынах, у шыбах сонных хат. Асвяцілася, дасюль непрыкметная, кожная саломінка на стрэхах хат і хлявоў. І зноў усё праглынула глыбокая магільная цемра, што была запоўнена дзікім свістам ветру, усхліпваннем і прыцмокваннем дажджу. Халодны вецер, як раз’юшаны ганчак, панёсся па вясковай вуліцы, грукнуў незачыненымі весніцамі, парожнім вядром у калодзежы, шкуматнуў за зялёныя мокрыя чупрыны кляны і ліпы, голасна заенчыў, напароўшыся на вострыя сасновыя штыкеціны, якімі Прахор Радзімовіч на пачатку вясны абгарадзіў свой двор.