Таварыства Беларускай мовы імя Францішка Скарыны другі год працуе афіцыйна ў Польшчы. Паразмаўлялі з заснавальнікам грамадскай арганізацыі Вадзімам Шышко пра вынікі працы, а яшчэ пра аўтарскае права на назву арганізацыі.
– За мінулы год колькасць афіцыйных сябраў ТБМ у Польшчы налічвала 42 чалавек. Гэта Беласток, Кракаў, Вроцлаў, Варшава, Шчэцін. Усяго за мінулы год было праведзена 34 мерапрыемствы, з іх асноўная колькасць у Лодзі, бо мы першапачаткова зарэгістравалі тут грамадскую арганізацыю. Таварыства дзейнічае па прынцыпу дэцэнтралізацыі, у мясцовых суполках самі вызначаюць, чым хочуць займацца. Але абавязковы для ўсіх статут арганізацыі. Напрыклад, у Варшаве цяпер працуюць над стварэннем аўдыёгіда. У Лодзі на рэгулярнай аснове праходзяць сустрэчы размоўнага, кіна, – кніжнага клуба. Праводзім сустрэчы з пісьменнікамі, цікавымі людзьмі, пішам лісты палітвязням Беларусі, — расказвае Вадзім Шышко, заснавальнік ТБМ імя Скарыны ў Польшчы.
Для чаго ўвогуле беларусам у Польшчы Таварыства беларускай мовы?
– Як кажа адна з нашых сябраў, добра калі наступіць час, калі для падтрымкі беларускай мовы не трэба будзе ніякае таварыства. У Беларусі цяпер для беларускай мовы і культуры вельмі неспрыяльны час: дзе ўлады могуць дацягнуцца, там ідзе кірунак на знішчэнне. Калі самі людзі нешта робяць, так – праца ідзе. Але складана ўвогуле працаваць, калі сама дзяржава дзейнічае супраць. Каб стварыць для беларускай мовы і культуры яшчэ адну кропку апоры, мы зрабілі гэта за межамі Беларусі. І я лічу гэта важным, і тыя людзі, якія далучаюцца да таварыства.
Вадзім Шышко ў Беларусі жыў у Віцебскай вобласці, у Паставах удзельнічаў у працы мясцовай суполкі ТБМ. Гаворыць, што немагчыма параўнаць умовы для дзейнасці арганізацыі, бо ў Беларусі, у сваёй краіне, было на што абаперціся, была, як кажа суразмоўца, «вялікая база», але разам з тым дзяржава не асабліва была лаяльнаю. У Польшчы ж арганізацыі ніхто не перашкаджае, але праца скіраваная на невялікую групу людзей.
Цікавы момант наконт аўтарскіх правоў: у таварыства Беларускай мовы імя Францыска Скарыны ў Польшчы фактычна ідэнтычная назва і лагатып з беларускай арганізацыяй, якая юрыдычна была ліквідаваная ўладамі Беларусі, як і сотні іншых НДА.
– У нас унесена ў статут, што мы працягваем традыцыі і дзейнасць таго самага ТБМ, які быў у Беларусі, мы нічога не змянялі. На момант рэгістрацыі я нічога не казаў Алене Анісам, кіраўніцы ТБМ у Беларусі, бо разумеў, што ў яе могуць быць праблемы, таму мы ўсё зрабілі самастойна. Ужо пасля афіцыйнай рэгістрацыі я паведаміў Алене Анісім пра гэты факт, што мы працягваем працу, традыцыі, усё, што было ў Беларусі. Яна ўзрадавалася, павіншавала і пазычыла поспехаў у дзейнасці. Калі скончыцца тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі, і праца ТБМ будзе адноўленая, мы адразу аўтаматычна станем філіялам арганізацыі, якая будзе ў Беларусі – адразу зменім назву, пазначыўшы, што мы менавіта філіял Таварыства Беларускай мовы ў Польшчы, або ў іншай краіне, — запэўнівае суразмоўца.
Вадзім падкрэслівае дэцэнтралізаваную працу грамадскага аб’яднання. Кажа, што асабіста ён найперш займаецца геаграфічным пашырэннем арганізацыі.
Вадзім Шышко нарадзіўся на Пастаўшчыне, скончыў гістфак БДУ, працаваў у школе на Мядзельшчыне і ў Пастаўскім краязнаўчым музеі, восенню 2020-га пераехаў у Польшчу.
вх