“Заступнік бацькавай спадчыны” – выстава да 110-годдзя Данілы Міцкевіча
2024-09-27 17:13
1 кастрычніка ў 16:00 Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа запрашае на адкрыццё часовай экспазіцыі “Заступнік бацькавай спадчыны” да 110-годдзя з дня нараджэння Данілы Канстанцінавіча Міцкевіча.
Даніла Канстанцінавіч Міцкевіч (1914 – 1996) – заслужаны дзеяч культуры Беларусі, старэйшы сын народнага паэта Беларусі
Якуба Коласа, арганізатар і першы дырэктар музея Якуба Коласа (1957 – 1980).
Даніла Міцкевіч удзельнічаў у стварэнні трох экспазіцый музея (1959, 1972, 1982), будаўніцтве яго філіялаў на Стаўбцоўшчыне. Ён аўтар шматлікіх артыкулаў пра жыццё і творчасць Якуба Коласа. У 2000 і 2014 гадах выйшлі з друку кнігі ягоных ўспамінаў “Любіць і помніць. Успамінае сын Якуба Коласа” і “І бачу пройдзеныя далі…”. Даніла Міцкевіч браў удзел у складанні альбомаў “Якуб Колас. Жыццё і творчасць” (1959, 1974), ён – член рэдакцыйнай калегіі збораў твораў Якуба Коласа ў 12 тамах (1961–1964), 14 тамах (1972–1978).
На выставе жыццёвы і творчы шлях Данілы Міцкевіча раскрываецца праз асабістыя рэчы, дакументы, фотаздымкі, лісты, дарчыя надпісы на кнігах. Прадстаўлены матэрыялы як з фондаў музея, так і з прыватнага архіва нашчадкаў Якуба Коласа.
Тэл. для даведак: 8 (017) 270-17-02.