«Завялі ў дворык і паклалі тварам у асфальт». Акцёр Павел Святоха – пра затрыманне на мірнай акцыі ў Маладзечне
2020-08-18 16:19
У рэдакцыю «Рэгіянальнай газеты» акцёр Мінскага абласнога драмтэатра Павел Святоха прыйшоў кульгаючы. Яшчэ не загаіліся нага і плячо, збітыя амапаўцамі пры затрыманні на плошчы ў Маладзечне.
Цяпер мужчына на бальнічным. Пра затрыманне ўвечары
10 жніўня і пра знаходжанне ў Маладзечанскім РАУС Павел расказаў карэспандэнту.
– Каля 18.40 мы з жонкай Аленай падышлі на Цэнтральную плошчу. Ля лавак і фантана было шмат амапаўцаў са шчытамі. Пасля палова з іх пайшла ў цэнтр, да парку, палова – у бок рынку. Там стаялі мы з жонкай і яшчэ шмат людзей. Восем амапаўцаў рушылі ў наш бок. Чацвёра з іх падышлі да нас і ў нецэнзурнай форме сказалі сыходзіць. Я падняў рукі і сказаў, што сыходжу. Зрабіў пяць-сем крокаў – і мяне схапілі тыя чатыры амапаўцы. Перакінулі праз металічную агароджу. Перакулілі ў паветры. Ад аднаго паляцеў удар дубінкай па назе, ад другога – па плячах. Паспеў заўважыць, што адзін з амапаўцаў дзіўна паглядзеў на мяне, пасля – на сваіх калег. Мне нават падалося, што ён хацеў мяне адпусціць. У той час, калі заламалі рукі і ўсунулі ў «Джып-патрыёт», менавіта той амапавец начапіў мне акуляры, што ўпалі пры затрыманні.
Калі Паўла забралі, на плошчы засталася яго жонка Алена. Яна крычала і плакала.
«Ва ўнутраным дворыку – каля 50 чалавек тварамі ў асфальт»
Паўла прывезлі ў Маладзечанскі РАУС. Адзін з амапаўцаў сказаў: «Зараз пабачыш сваю стабільнасць».
– Я выйшаў з машыны і бачу: ва ўнутраным двары ляжаць недзе 30-50 чалавек тварамі ў асфальт. Рукі сцягнутыя. Ад сцяжак засталіся раны, але ўжо загаіліся, – працягвае Павел. – Ходзяць, равуць. Кагосьці, і мяне ў тым ліку, проста так б’юць дубінкай. Некаторых білі нагамі, іншым наступалі на рукі або на галаву.
Ва ўнутраным двары РАУС Павел ляжаў пяць гадзін. Стала ўжо цёмна, была глыбокая ноч. Затрыманыя мерзлі. Права Паўла на адзін тэлефонны званок не задаволілі.
– На просьбу схадзіць у прыбіральню нам адказвалі: «Рабі прыбіральню, дзе ты ляжыш». Некаторыя так і рабілі, бо не вытрымлівалі. Былі і добрыя міліцыянеры. Па іх я бачыў: яны супраць такога ламання людзей, але нічога не могуць зрабіць. Такія акуратна падымалі затрыманых і вялі ў прыбіральню. Пасля мне ўжо не так моцна зацягвалі рукі. Не ведаю, чаму. Можа, я спадабаўся міліцыянеру. А можа, ён мяне пазнаў як акцёра.
«А дзе спаць?» – «Ды тут, на падлозе»
Калі Паўла на нейкі час прывялі ў аддзяленне, супрацоўнік РАУС спытаў у затрыманага, хто ён. Павел расказаў, што ён артыст тэатра і кіно. Нядаўна атрымаў дыплом аб вышэйшай адукацыі. Міліцыянер паспачуваў, сказаў, што шкадуе Паўла, але нічога ўжо не зробіш. Пасля размовы зноў адвялі ў дворык і паклалі тварам на асфальт.
– Праз нейкі час рукі развязалі, дазволілі сесці. Пабачыў, што ўздоўж усяго будынка РАУС стаяць людзі тварамі да сцяны. Некаторыя ляжаць, некаторыя сядзяць. Іх было так шмат. Бачыў, як адна супрацоўніца міліцыі прывяла дзвюх дзяўчат. Чуў, як жанчына-міліцыянер абражала затрыманую. Тая спрабавала на словах неяк супраціўляцца. Але падышоў амапавец з дубінкай, і дзяўчына замаўчала. Праўда, каб дзяўчат білі, я не бачыў.
На світанні пачалі выклікаць затрыманых па прозвішчах. Першым паклікалі затрыманага з прозвішчам Аксёнаў. Павел пазнаў, што гэта супрацоўнік тэатра – рэжысёр па святле.
– Назвалі маё прозвішча. Паклікалі ў РАУС, паставілі тварам да сцяны. Металадэтэктарам прайшліся па абутку. Як я потым даведаўся: у падэшве шукалі лязо, каб затрыманы не парэзаў вены. Зняў шнуркі з кедаў. Адчынілі жалезныя дзверы ў камеру-“стакан”. У вельмі маленькім памяшканні было сем мужчын. Да іх прывялі яшчэ і нас двух. Пытаюся: «А дзе спаць?». А мне адказваюць: «Ды тут, на падлозе». Кладуся на падлогу. Стомлены, усё баліць, збітае плячо не рухаецца. Перад тым, як накіраваць у камеру, у мяне забралі ўсе рэчы і акуляры. А без іх дрэнна бачу. У мяне зрок – мінус пяць.
«Ну, усё. Прыляцеў. Артыст-экстрэміст»
Павел прызнаецца, што часу там не адчуваў. Але ведае, што ў «стакане» замест 12 гадзін, дазволеных па законе, правёў двое сутак. За гэты час мужчына ні разу не еў. Затрыманых прыкладна раз на пяць гадзін вадзілі ў прыбіральню. Там можна было папіць вады, калі паспееш. Падчас аднаго такога паходу Павел спытаў у міліцыянера, навошта яны так з затрыманымі.
І сталы мужчына сур’ёзна адказаў Паўлу, нібыта ёсць інфармацыя, што ўсім, хто быў на плошчы 10 жніўня, заплацілі 50 еўра.
Вось што Павел расказвае пра суд 11 жніўня:
– Мяне вельмі здзівіла, што судзілі нас не ў будынку суда, а ў РАУС. Суддзя спытаў, як мяне затрымлівалі. Я расказаў. Ён кажа, вам свеціць 30 сутак: 15 – па адным артыкуле і 15 – па другім. Судзілі па артыкулах за ўдзел у незаконным масавым мерапрыемстве і за супраціўленне міліцыі.
Я разводжу рукамі і кажу: «Паглядзіце на мяне. Я – і чатыры амапаўцы са шчытамі. Якое супраціўленне?».
Спрабаваў дамовіцца, каб далі вялікі штраф, але не суткі. А мне ў адказ: «Сёння ў нас не дзень штрафаў. Я вам дам самы маленькі тэрмін за гэты дзень – дзесяць сутак». Я кажу: «Ну, калі ласка…». Тады суддзя спытаў, ці не хачу я 15 або 20 сутак. Выйшаў я з таго пакоя і думаю: «Ну, усё. Прыляцеў. Артыст-экстрэміст».
Яшчэ суткі Павел праседзеў у “стакане”. Пасля яго перавялі ў камеру ІЧУ. Там – шэсць ложкаў. На ўсіх – збітыя людзі. Яшчэ адзін затрыманы стаяў ля сцяны. Павел зразумеў, што замест шасці іх будзе восем.
– Першы раз паеў прыкладна гадзін праз 50 пасля затрымання. Замест прызначаных дзесяці сутак адседзеў пяць. Але адчуванне было такое, нібы месяц. Раптам паклікалі на другі паверх, сказалі, што вырашылі нас адпускаць. Але на пяць сутак, якія засталіся, могуць затрымаць на працягу года.
Павел адзначае, што родным не давалі магчымасці перадаць яму ў РАУС патрэбныя рэчы. Толькі дзякуючы настойлівасці калег з тэатра, мужчына атрымаў адзенне, бялізну, цыгарэты. Калі перадалі пакет, нават заплакаў.
– Было дзіўна, што іншым перадавалі пакункі з чаем, цукеркамі, салам, кілбасой. Пасля мая мама расказвала, што ім нават не маглі талкова паведаміць дні, у якія дазваляліся перадачы.
Што прыносілі пачытаць затрыманым
А яшчэ, па словах Паўла, затрыманым прыносілі прэсу.
Адкрывалі акенцы-кармушкі і клалі газеты пра сад-агарод, вітаміны ў яблыках, турыстычныя сцяжыны ў Валожынскім раёне і сканворды.
– Думаў: навошта так з намі. Нам ужо і так хапіла. У апошні дзень адкрылася кармушка. Я папрасіў міліцыянера мне прыкурыць цыгарэту. Той прыкурыў і кажа: «Артыст вялікіх і малых? Ну што ж ты так?». Добра паразмаўлялі з ім. Вось такі кантраст.
Некаторых міліцыянераў Павел прасіў, каб патэлефанавалі жонцы. Тыя абяцалі, але не тэлефанавалі.
– Думаў, што пасля затрымання мяне змогуць звольніць з працы. Скажуць: крымінальнік. Але як выйшаў, усе пачалі тэлефанаваць, падтрымліваць. Неяк зайшоў у тэатр на рэпетыцыю. Калегі мяне абдымалі, некаторыя – са слязьмі.
А дырэктар тэатра, па словах Паўла, і не думаў яго звальняць. Сказаў: «Як можна звольніць героя».
Відэа Настассі УТКІНАЙ, мантаж Ігара Палынскага.