Заява Балтыйскай пісьменніцкай рады ў абарону беларускага мірнага пратэсту
2020-08-18 15:55
Паважаныя сябры BWC! Мы назіраем за апошнімі падзеямі ў Беларусі, і нам становіцца зразумела, што яны патрабуюць неадкладнай міжнароднай увагі і рэакцыі.
У дадзены момант важны кожны голас, які гаворыць пра гэта гучна. Мы, Балтыйская пісьменніцкая рада (BWC), аб'ядноўваючы 21 літаратурную арганізацыю ў краінах Балтыі і ўсведамляючы адданасць пісьменнікаў і перакладчыкаў да распаўсюду дэмакратыі, міру і свабоды слова, жадаем і абавязаныя выказаць сваю пазіцыю адносна сітуацыі ў Беларусі.
Вось ужо 26 гадоў дыктатар Аляксандр Лукашэнка займае пасаду прэзідэнта Беларусі. У час свайго прэзідэнцтва ён аказваў прэсінг на апазіцыю, адпраўляючы яе ў зняволенне альбо прымушаючы яе пакідаць краіну. 9 жніўня 2020 г. адбыліся чарговыя прэзідэнцкія «выбары». Шмат хто з апанентаў Лукашэнкі быў пазбаўлены волі на падставе сфабрыкаваных абвінавачванняў альбо мусіў пакінуць краіну. Але Святлане Ціханоўскай дазволілі балатавацца ў прэзідэнты. Рэжым спадзяваўся выкарыстаць яе ў якасці марыянеткі, каб выбары выглядалі легітымнымі. Ёй удалося аб'яднаць апазіцыю, і беларускі народ прагаласаваў за яе.
Існуюць сотні доказаў, якія сведчаць аб тым, што абсалютная большасць людзей прагаласавала за Святлану. На некаторых выбарчых участках былі апублікаваны рэальныя вынікі, у якіх у Лукашэнкі было менш за 5%, а ў Ціханоўскай як мінімум 70%. Людзі стаялі ў чарзе, каб прагаласаваць, але тысячы з іх так і не змаглі гэтага зрабіць. Былі зафіксаваныя і засведчаныя незлічоныя парушэнні. Афіцыйная заява ўладаў была абсалютна супрацьлеглай – было сказана, што Лукашэнка выйграў выбары.
У ноч пасля выбараў дзясяткі тысяч пратэстоўцаў па ўсёй краіне выйшлі на вуліцы для мірных дэманстрацый супраць нелегітымных выбараў. Паліцыя і спецназ ужылі супраць пратэстоўцаў гвалт. Яны выкарыстоўвалі светлашумавыя гранаты, гумовыя кулі і дубінкі супраць бяззбройных грамадзян. Шмат людзей былі затрыманыя, тысячы былі збітыя, журналістам не дазволілі асвятляць падзеі, а некаторых з іх пасадзілі ў турмы. Інтэрнэт быў адключаны.
Мірныя дэманстрацыі працягваюцца да гэтага часу, удзельнікаў акцыі жорстка збіваюць і катуюць у турме. Але людзі не хочуць спыняцца і здавацца. Усё больш і больш пратэстоўцаў працягваюць выходзіць на вуліцы. Пачаліся нацыянальныя страйкі.
Мы асуджаем нелегітымныя выбары, парушэнні свабоды слова і правоў чалавека ў Беларусі, гвалт дзяржавы над уласнымі мірнымі грамадзянамі на вуліцах Беларусі і ў ізалятарах часовага ўтрымання. Дыктатар Аляксандр Лукашэнка павінен сысці з пасады, а Святлана Ціханоўская павінна быць прызнана законным прэзідэнтам Беларусі. Гэта адзіны шлях для Беларусі, і міжнародная супольнасць павінна зрабіць усё, каб гэтаму дапамагчы.
Наша сэрца – з мірнымі удзельнікамі акцый пратэсту, страйкаў і з усім народам Беларусі, які пацярпеў ад гэтага бедства. Мы спадзяемся, мы молімся за будучую дэмакратычную, мірную і свабодную Беларусь.