Землякі Ігната Дварчаніна адзначаюць яго 125-годдзе
2020-06-13 22:28
125 гадоў Ігната Дварчаніна адзначаюць яго землякі, а таксама сябры кампаніі „Зробім лепш”.
На радзіме паэта, настаўніка, у вёсцы Погіры, а таксама ў Дзятлаве, дзе стаіць яго помнік, планаваліся мерапрыемствы па яго ўшанаванні. Пандэмія COVID-19 змяніла планы актывістаў.
Кажа старшыня раённай арганізацыі Таварыства беларускай мовы Валеры Петрыкевіч:
– Мы планавалі зрабіць літаратурныя чытанні. Павінны былі прыехаць з Акадэміі навук 4-5 чалавек. Планавалі паехаць да хаты, дзе ён нарадзіўся. У гэтай вёсцы дзеіць і па сённяшні дзень народны гурт, які можа праспяваць песні тых часоў. 8-10 маладых жанчын запрашаюць у гэты гурт. Пандэмія нарабіла так, што забаранілі. Калі ўсё ўдасца, то гэты гурт запросім на свята паэзіі ў жніўні месяцы і магчыма яны выступяць.
„Мы не можам гэтую пандэмію адмяніць”, – з сумам кажа Валерый Петрыкевіч. Але нават у такой эпідэміялагічнай сітуацыі сябры раённай арганізацыі ТБМ і кампаніі „Зробім лепш” не губляюць надзеі:
– Па дамоўленасці з уладамі мы будзем наводзіць парадак каля хаты, усталёўваць шыльду, але па рэкамендацыі дактароў і ўладаў мы будзем рабіць невялікімі сіламі, наездамі 4-5 чалавек. Робім пэўную працу і на працягу чэрвеня месяца, я лічу, што будзе зроблена ўсё, каб хата набыла больш прыгожы выгляд, каб месца, дзе нарадзіўся Дварчанін, стала больш вядомым.
На працягу чэрвеня, з нагоды юбілею Ігната Дварчаніна, сярод вучняў і чытачоў бібліятэк аб’яўлены літаратурны відэаконкурс. „Конкурс ідзе па абавязковым выкананні твора Ігната Дарчаніна, ці Зачэпіцкіх паэтаў, ці класікаў беларускай літаратуры”, – заўважае Петрыкевіч.
Беларускае Радыё Рацыя