- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Слонім — даўняе магдэбурскае места, цэнтар гістарычнага рэгіёну (частка Наваградчыны), старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Росквіт паселішча адбыўся ў XVIII ст. за часамі Міхала Казімера Агінскага, які заснаваў тут некалькі ўстановаў (капэлу, балетную і музычную школы, опэрны тэатар) і прамысловых прадпрыемстваў, а таксама збудаваў Агінскі канал. Высокі культурны статус Слоніма прычыніўся да таго, што сучасьнікі звалі яго «Палескімі Атэнамі». Да нашага часу тут захаваліся меская ратуша, аўстэрыя Агінскіх, палац Пуслоўскіх у Альбэртыне, комплексы кляштараў бэрнардынак з касьцёлам Беззаганнага Зачацьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і бэрнардынаў з касьцёлам Найсьвяцейшай Тройцы, касьцёл Сьвятога Андрэя, капліца Сьвятога Дамініка, кляштар бэнэдыктынак і сынагога, помнікі архітэктуры XVII—XIX стагодзьдзяў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся палац і тэатар Агінскіх, комплекс кляштару дамініканаў з касьцёлам Сьвятога Міхала, помнікі архітэктуры XVII—XVIII стагодзьдзяў, зруйнаваныя расейскімі ўладамі, а таксама касьцёл Божага Цела пры кляштары канонікаў лятэранскіх, помнік архітэктуры XVII ст., зруйнаваны савецкімі ўладамі.