- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
З 28 лютага ішоў крымінальны працэс над Ягорам Марціновічам і Андрэем Скурко. Прысуд агучылі 15 сакавіка.
Судзьдзя Анжэла Касьцюкевіч вынесла вырак: Ягору Марціновічу і Андрэю Скурко прысудзілі па 2,5 года зьняволеньня, як і прасіла пракуратура.
Справу разглядаў суд Заводзкага раёну Менску. 14 сакавіка ў судзе выступіў пракурор Мікалай Дзяцел, які запатрабаваў для Марціновіча і Скурко па 2,5 года зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму.
У апошнім слове нашаніўцы казалі пра сваіх сваякоў, для якіх зьняволеньне стала вялікім ударам, і перадавалі словы падтрымкі тым, хто быў разам.
Крымінальную справу супраць галоўнага рэдактара «Нашай нівы» Ягора Марціновіча і кіраўніка аддзелу маркетынгу і рэклямы Андрэя Скурко сілавікі завялі паводле ч. 2 арт. 216 Крымінальнага кодэксу (прычыненьне маёмаснай шкоды без прыкмет крадзяжу, учыненае групай асоб па папярэдняй змове або ў буйным памеры).
Шкоду, нібыта нанесеную «Менскэнэрга» і «Менскводаканалу», Ягор Марціновіч і Андрэй Скурко кампэнсавалі ў поўным аб’ёме.
Галоўнага рэдактара «Нашай нівы» Ягора Марціновіча і кіраўніка аддзелу рэклямы, аўтара «Нашай гісторыі» і дзіцячых часопісаў «Асцярожна: дзеці» і «Дуду» Андрэя Скурко затрымалі 8 ліпеня 2021 году, тады ж адбыўся пагром у офісе, сайт быў заблякаваны. З таго часу Скурко і Марціновіч знаходзяцца за кратамі.
У канцы студзеня 2022 году «Нашу ніву» прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем».