Кацярыну Андрэеву чакалі на волі ў верасьні, калі яна мела выйсьці пасьля адбыцьця пакараньня у 2 гады зьняволеньня за стрым з акцыі пратэсту. Але цяпер журналістку асудзілі паводле артыкулу «Здрада дзяржаве».
13 ліпеня завяршыўся новы крымінальны працэс над журналісткай «Белсату»
Кацярынай Андрэевай (Бахвалавай). Разгляд справы праходзіў з 4 ліпеня ў закрытым рэжыме ў Гомельскім абласным судзе.
Шостага ліпеня муж Кацярыны Ігар Ільяш паведаміў, што ў судзе да 13 ліпеня абвешчаны перапынак. Як
паведаміў «Белсат», 13 ліпеня апоўдні агучылі вырак: 8 гадоў зьняволеньня.
Пра новую крымінальную справу супраць Кацярыны стала вядома ў лютым 2022 году, гэтым разам журналістку абвінавацілі ў здрадзе дзяржаве.
З калёніі Кацярыну перавялі ў СІЗА-3 Гомля, новае сьледзтва цягнулася менш за два месяцы. Працэс мог пачацца ўжо ў траўні, але зь невядомай прычыны працэсы запаволіліся.
Што напісана ў артыкуле «Здрада дзяржаве»«Выдача замежнай дзяржаве, замежнай арганізацыі або іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь, а таксама зьвестак, якія складаюць дзяржаўныя сакрэты іншых дзяржаў, перададзеных Рэспубліцы Беларусь у адпаведнасьці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, або шпіянаж, або агентурная дзейнасьць, або пераход на бок ворага падчас вайны або узброенага канфлікту, альбо іншае аказаньне дапамогі замежнай дзяржаве, замежнай арганізацыі або іх прадстаўніку ў правядзеньні дзейнасьці на шкоду нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь, наўмысна зьдзейсьненыя грамадзянінам Рэспублікі Беларусь (здрада дзяржаве), — караюцца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 7 да 15 гадоў».
Кацярыну Бахвалаву (Андрэеву) затрымалі
15 лістапада 2020 году падчас жывой трансьляцыі з «плошчы Перамен», дзе адбывалася акцыя памяці загінулага ўдзельніка пратэстаў Рамана Бандарэнкі. 18 лютага 2021 году яе разам з апэратаркай Дар’яй Чульцовай прызналі вінаватай у арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, і прысудзілі 2 гады калёніі агульнага рэжыму.
Ад пачатку новага сьледзтва ў лютым 2022 году Андрэева знаходзіцца ў СІЗА-3 Гомля, раней яна адбывала пакараньне ў жаночай гомельскай калёніі. Яна ня мае праблем у ліставаньні са сваякамі, лісты праходзяць хутка і амаль усе. Пошты ад іншых людзей Кацярына амаль не атрымлівае.
Першы тэрмін зьняволеньня журналісткі канчаецца ў верасьні 2022 году.