У ІІІ-м Ліцэі імя Бачыньскага ў Беластоку адкрыўся набор у міжшкольны аддзел, дзе беларуская мова выкладаецца як мова нацыянальнай меншасці. Авалодаць мовай такім чынам змогуць вучні беластоцкіх гімназій – грамадзяне Польшчы.
Падрабязней пра набор і агульнае становішча вывучэння беларускай мовы на Падляшшы для ўсіх жадаючых, сябра Аб’яднання на карысць дзяцей і моладзі, якія вывучаюць беларускую мову «АБ-БА» расказаў Зміцер Косцін:
РР: Мы ўжо прызвычаіліся, што ABBA працуе выключна з публічнай школай № 4 і з дзіцячым садком які побач, чатырнаццатым. Але зараз напэўна існуе магчымасць паступлення ў ліцэй № 3, таму што ў Польшчы ёсць свая сістэма адукацыі. Што вядома, якія ёсць мажлівасці зараз, у гэтым годзе?
– У прынцыпе ў ліцэй ў Беластоку дзяцей пачыналі адпраўляць яшчэ гадоў 15 назад, менавіта стваральнікі АББЫ, Барбара Пякарская, Аліна Ваўранюк, Юрка Каліна. Іх дзеці, якім ужо больш за 30 гадоў, свайго часу распачыналі гэты шлях ад дзіцячага садка праз пачатковую школу. Тады яшчэ гімназія пазней была, якую цяпер у Польшчы прыбралі, і пазней у ліцэі працягвалі навучанне. Але быў момант, калі быў перапынак у гэтым навучанні. І вядома, былі спробы аднавіць.
– Пачаткова ў другім ліцэі была такая міжшкольная група, дзе вучні з розных ліцэяў ва ўсім Беластоку збіраліся разам, каб вывучаць беларускую мову. Пазней гэтая група перанеслася ў трэці ліцэй, дзе яно калісьці пачыналася. Гэта ўжо больш-менш сталыя заняткі былі, я бы сказаў гады 4-5. Мой старэйшы сын у гэтым годзе якраз закончыў ліцэй, і ён з сябрамі вучыўся, былі заняткі па беларускай мове, але акрамя гэтага, таксама падрыхтоўка да алімпіяды беларускай мовы. Чацвёртым чалавекам у гэтай групе была мая дачка якая цяпер у другім класе.
– І ў прынцыпе апынулася трошкі патавая сітуацыя. Бо заканадаўства ў Польшчы дае магчымасць праводзіць заняткі па беларускай мове, а ў 3-4 класе таксама гісторыя і культура для групы 3 чалавек. Трэба знайсці яшчэ гэтых 2 чалавек. І так у прынцыпе пачалася ўся гэта гісторыя з такой трошкі прамоцыяй. Бо фактычна, шмат хто ведае, што беларуская мова ёсць у дзіцячым садку № 14. Шмат хто ведае, беларускую мову вывучаюць у пачатковай школе № 4 у Беластоку ці ў праваслаўнай непублічнай школе.
– Але на ўзроўні ліцэя пра гэта ўжо амаль што не гаворыцца, і ўсе маюць інфармацыю толькі пра Гайнаўскі і Бельскі ліцэі, увагу сваю на гэтым засяроджваюць. А ў Беластоку таксама, можа гэтая група і невялікая, але можа ўзнікнуць. На гэты момант, так пагаварыўшы з кіраўніцтвам АББЫ, мы вырашылі, што з аднаго боку варта паразмаўляць з выпускнікамі “чацвёркі” ці праваслаўнай школы. Сказаць ім, што ёсць такая магчымасць працягваць адукацыю, навучанне беларускай мове. А з другога боку, нам цікава таксама пашукаць дзяцей, якія вывучалі б беларускую мову не толькі ў Беластоку.
– Сітуацыя сталася такая, што напэўна Міхаліна, мая дачка, будзе працягваць, і да яе хутчэй за ўсё далучацца дзве дзяўчыны. Адна з гэтых дзяўчын з Бельска-Падляшскага. Яна ў Бельску хадзіла ў “тройку”, не ведала летась, што ў Беластоку можна працягваць навучанне беларускай мовы ў ліцэі. Калі даведалася, то ведаю, што яны цяпер маюць падаць гэтую заяву, абяцала падаць сяброўка Міхаліны. То бок гэтыя тры чалавекі могуць быць. Заўсёды складаная сітуацыя, бо польскае заканадаўства ў 2017 годзе змянілася такім чынам, што кожны год настаўнік, бацькі і школа не маюць пэўнасці, ці ў наступным годзе будзе беларуская мова ці не. То бок будзе дастаткова дзяцей ці не. Таму мы крыху рэкламуем такую магчымасць.
Цалкам размову слухайце ў далучаным файле.
З “Госцем Рацыі» – сябрам Аб’яднання на карысць дзяцей і моладзі, якія вывучаюць беларускую мову «АББА» Зміцерам Косціным, камунікавала Вольга Сямашка.