Зміцер Жалезнічэнка: Хацелася спрычыніцца да дапамогі Украіне
2022-08-30 11:37
„Ветразі свабоды” (Zeilen van Vrijheid) – у межах такога галандскага дабрачыннага фонду збіраецца гуманітарная дапамога для Украіны.
Сярод актыўных удзельнікаў – прадстаўнікі беларускай дыяспары, – распавёў наш сённяшні „Госць Рацыі” беларускі валанцёр Зміцер Жалезнічэнка.
РР: Што гэта за ініцыятыва?
– Я зараз супрацоўнічаю з фондам, які называецца „Zeilen van Vrijheid” – гэта нідэрландская дабрачынная арганізацыя ў перакладзе гучыць, як „Ветразі свабоды” па-беларуску. Калі ў лютым Расея пачала ўварванне ва Украіну, шмат хто ў Нідэрландах у тым ліку, пачаў думаць, як мы можам дапамагчы ўкраінцам. У мяне ўзнікла ідэя, што я магу прывезці машыну хуткай дапамогі. Хацелася неяк спрычыніцца да дапамогі, каб украінцы маглі выстаяць. Знайшлося шмат людзей, якія хацелі дапамагаць Украіне. Мы аб’ядналіся, пачалі працаваць разам. Былі людзі, якія хацелі прывезці машыну хуткай дапамогі, былі іншыя дасведчаныя людзі. Урэшце мы пачалі гэта рабіць, што і стала пачаткам гэтага дабрачыннага фонду. У яго склад пераважна ўваходзяць украінцы, але ёсць і расейцы, якія жывуць у Нідэрландах ды іншых краінах. Я, як беларус, таксама дапамагаю.
РР: Распавядзіце пра накірункі працы.
– Асноўнае, што мы пачалі рабіць і што робім зараз – гэта пастаўкі машын хуткай дапамогі. У Галандыі такая сітуацыя, што тут ёсць дастатковая колькасць ужываных машын, якія можна набываць і далей выкарыстоўваць. Тут гэты машыны даволі хутка спісваюцца, існуе некалькі кампаніі, якія іх перарабляюць, усталёўваюць адпаведнае абсталяванне і падрыхтоўваюць жа далейшай працы. Звычайна гэтыя машыны прадаюцца ў іншыя краіны, дзе яны могуць выкарыстоўвацца. Цяпер шмат з гэтых машын ідзе ва Украіну. Мы шукаем грошы, мы гэтыя машыны выкупаем, мы зразумелі, як гэта працуе. Па магчымасці мы набываем гэтыя машыны. Пераважна яны ідуць у цывільныя шпіталі ва Украіну, бо ў нас ёсць шмат кантактаў. Гэта асноўны накірунак працы. Зараз па ім трошкі змяншаецца актыўнасць таму, што па-першае ўжо вельмі шмат машын прывезлі, як мы, так і іншыя арганізацыі. Зараз працуе ініцыятыва „Першая ледзі” Алены Зяленскай, якая таксама вельмі паспяхова збірае грошы і набывае гэтыя машыны. Плюс уключаюцца нейкія большыя інстытуты. Я лічу, што мы са свайго боку дапамаглі ў самы крытычны момант, калі гэтай дапамогі ішло менш. Апроч гэтага мы набываем медычную дапамогу – гэта тактычная медыцына і лекі для нованароджаных дзетак, для хранічных хворых. Нам пашанцавала з тым, што ў нас ёсць экспертыза, ёсць вельмі дасведчаная медычная каардынатарка, якая працуе са шпіталямі. У нас ёсць магчымасць збіраць пад гэта грошы, набываць гэтыя лекі і хутка прывозіць іх ва Украіну. Да таго ж мы зараз пачалі набываць і прымаць у дар ровары. У Галандыі ў кожнага ёсць ровар, можа быць і не адзін. Таму мы просім людзей нам данаціць, каб мы маглі іх выкупаць. Мы іх таксама ва Украіну прывозім таму, што зараз там паліўны крызіс, там вельмі цяжка зараз людзям перасоўвацца. Ёсць вялікі попыт на ровары ў валанцёраў, у медыкаў і ўстановаў, якія дапамагаюць у рэабілітацыі вайсковых ці часова перамешчаных асобаў.
РР: У межах вашай ініцыятывы таксама існуюць спецпраекты. Што за яны?
– Часам робім такія не зусім звычайныя рэчы. То бок адзін раз мы прывезлі пажарную машыну. То бок у нас быў спонсар, які хацеў гэта зрабіць. Мы знайшлі людзей, якім яна была патрэбна, гэты было ў Луганскай вобласці, гэта было ў красавіку. Мы проста набылі выкарыстаную, але ў добрым стане абсталяваную пажарную машыну. Мы прывезлі яе ў Севераданецк. Тады гэта было вельмі патрэбна таму, што гэтага амаль не рабілася, а попыт быў вельмі вялікі, бо ўсё разбуралася, усё гарэла. Машына там працавала пакуль Луганская вобласць не была цалкам акупаваная. З Севераданецка яна пераехала ў Лісічанск, а зараз мы пабачылі, што яе перавезлі ў Харкаў. Яна дапамагла з эвакуацыяй пажарнай камандзе. Зараз яна працуе ў Харкаве. З таго часу больш за 200 адзінак пажарнага абсталявання розныя краіны падаравалі Украіне. Гэта была Вялікабрытанія, Італія ды іншыя краіны, якія аддалі вельмі шмат машын. Калі мы зрабілі гэта ў красавіку, то гэтага было вельмі мала. Яшчэ адна даволі незвычайная рэч, гэта дзіцячыя машыны – машыны для нованароджаных. Мы прывезлі чатыры машыны, якія працуюць менавіта, як рэанімацыя для нованароджаных дзетак. Гэта альбо дзеці, якія нарадзіліся заўчасна, альбо дзеці немаўляты з сур’ёзнымі паталогіямі, якіх трэба перавозіць з нейкіх мясцовых лякарняў у шпіталь альбо, калі дзіцё нараджаецца не ў лякарні, то трэба перавезці ў шпіталь, альбо эвакуяваць, калі гэты шпіталь пераязджае. Гэтая машына абсталяваная адмысловым чынам, то бок там стаіць інкубатар у які можна пакласці немаўлятка, дзе яно будзе знаходзіцца ў патрэбным тэмпературным рэжыме, з патрэбнай вільготнасцю і г.д. Яшчэ вельмі важна, што да інкубатара ідзе ў камплекце вельмі добрая сістэма вентыляцыі лёгкіх, дэфібрылятар, манітор – гэта ўсё дапамагае дзеткам выжываць. Праблема ў тым, што падчас вайны шмат якія жанчыны нараджаюць заўчасна з-за стрэсу, таму попыт на гэта таксама ёсць на жаль. Машын у такой камплектацыі, якія мы пастаўлялі, ва Украіне амаль не было. Мы прывозілі гэтыя машыны туды, дзе яны былі патрэбныя. Нам кажуць, што яны вельмі актыўна выкарыстоўваюцца і рэальна дапамагаюць зберагаць жыцці маленькіх заўчасна народжаных дзетак.
„Мы маем прамыя кантакты з нашымі партнёрамі ва Украіне, уключаючы больніцы, мясцовых чыноўнікаў і валанцёраў. Мы таксама супрацоўнічаем з некаторымі іншымі арганізацыямі і групамі гуманітарнай дапамогі ў Еўропе”, – кажуць прадстаўнікі дабрачыннага фонду.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: facebook.com/dzmzh