be

Гілевіч Ніл

Гілевіч Ніл

Ніл Сымонавіч Гілевіч нарадзіўся ў вёсцы Слабада Лагойскага раёна Мінскай вобласці 30 верасня 1931 года. Там прайшлі яго дзіцячыя і падлеткавыя гады, тры з якіх выпалі на час нямецкай акупацыі. З 1947-га жыве ў Мінску.

Любоў да роднай мовы, жаданне авалодаць багацейшымі скарбамі літаратуры і сказаць у ёй сваё паэтычнае слова прывялі будучага пісьменніка спачатку ў Мінскае педагагічнае вучылішча, а затым на філалагічны факультэт БДУ. Пасля яго заканчэння (1956) вучыўся ў аспірантуры, з 1960 па 1986 гады працаваў на кафедры беларускай літаратуры (у 1963 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю па гісторыі беларускай паэзіі ХХ ст., у 1978 годзе атрымаў вучонае званне прафесара). У 1980 годзе яму прысвоена ганаровае званне заслужанага дзеяча навукі.

Творчасць Ніла Гілевіча добра вядомая шырокай грамадскасці рэспублікі і далёка за межамі краіны. Прырода шчодра надзяліла яго шматгранным талентам: паэт-лірык, сатырык і публіцыст, драматург, палымяны прамоўца, трыбун, грамадскі дзеяч, асветнік, вучоны, фалькларыст, перакладчык.

І ўсё ж феномен Ніла Гілевіча — не ў «цэхавай» прыхільнасці да адной толькі сферы паэтычнага, шмат сіл давялося аддаць прозе — у жыцці і дзейнасці. Ён быў першым сакратаром Саюза пісьменнікаў БССР (1980-1989), дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1985-1990), старшынёй Пастаяннай камісіі Вярхоўнага Савета Беларусі па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны (1990-1995), старшынёй Таварыства беларускай мовы (1989-997). Паэзію актыўна і плённа спалучае з перакладчыцкай творчасцю, навуковай і публіцыстычнай дзейнасцю.

Нарадзіўся ў сялянскай сям'і. Першыя гады пасля 2-ой сусветнай вайны працаваў калгасным паштальёнам. У 1951 скончыў Мінскае педагагічнае вучылішча. Апошні год вучобы спалучаў з працай настаўніка ў адной са школ Мінска. Член СП СССР (з 1954). Скончыў філалагічны факультэт БДУ (1956), пасля аспірантуру пры ім. Кандыдат філалагічных навук (1963), прафесар (1978). З 1960 па 1986 - супрацоўнік кафедры беларускай літаратуры гэтага універсітэта. З 1958 да 1963 працаваў таксама літкансультантам газеты "Звязда". Быў рэдактарам альманаху замежнай літаратуры «Далягляды». З 1980 да 1989 - першы сакратар праўлення СП БССР, у 1981-1991 сакратар праўлення СП СССР. У 1989-1997 - старшыня рэспубліканскага Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны. Галоўны рэдактар бюлетэня ТБМ "Наша слова". Дэпутат ВС БССР XI склікання (1985 – 1990), быў кіраўніком працоўнай групы па падрыхтоўцы праекту Закона Беларускай ССР аб мовах у Беларускай ССР, прынятага 26 студзеня 1990 г. на 14-й сесіі Вярхоўнага Савета БССР XI склікання. Дэпутат ВС Беларусі XII склікання (1990 – 1995), член Прэзідыума ВС, старшыня Камісіі па адукацыі, культуры і захаванню гістарычнай спадчыны (1990 – 1995). Жанаты, мае сына.

Дэбютаваў у друку з вершамі ў 1946. Аўтар кніг паэзіі "Песня ў дарогу" (1957), "Прадвесне ідзе па зямлі" (1959), "Неспакой" (1961), "Бальшак" (1965), "Перазовы" (1967), "Лісце трыпутніку" (1968), "А дзе ж тая крынічанька" (1972), "Запаветнае" (1975), "Актавы" (1976), "У добрай згодзе" (лірыка, гумар і сатыра, 1979), "Святлынь" (1984), "Повязь" (1987), "Як дрэва карэннем" (1986), раман у вершах "Родныя дзеці" (1985), а таксама зборнікі сатыры і гумару "Званковы валет" (1961), "Да новых венікаў" (1963), "Ці грэх, ці 2" (1970), "Як я вучыўся жыць" (1974), "Русалка на Нарачы" (1974), "Кантора" (1989), "Дыялог на хаду" (1990). Выдаў зборнікі вершаў і паэм для дзяцей "Сцяжок на мачце" (1959), "Сіні домік, сіні дом" (1961), "Зялёны востраў" (1963), "Дождж-грыбасей" (1966), "Загадкі" (1971), "Калі рана ўстанеш" (1984), "Добры чалавек" (1987).

Выдаў зборнік п'ес "Начлег на буслянцы" (1980) і аповесць "Перажыўшы вайну" (1988).

Аўтар кніг па літаратуразнаўству і фалькларыстыцы "Акрыленая рэвалюцыяй" (Паэзія "Маладняка") (1962), "Наша родная песня" (1968), "З клопатам пра песні народа" (1970), "Паэтыка беларускай народнай лірыкі" (1975), "Паэтыка беларускіх загадак" (1976), "Верная вялікім запаветам: Сучасная балгарская паэзія. 1956-1976" (1977), "Вусная народная творчасць і сучасная лірычная паэзія ўсходніх і паўднёвых славян" (1978), зборнікаў літаратурна-крытычных і публіцыстычных артыкулаў "У гэта веру" (1978), "Удзячнасць і абавязак" (1982), "Покліч жыцця і часу" (1983), "Годнасць, сумленнасць, мужнасць" (1988), "Вяртанне і працяг" (1990).

Укладальнік і навуковы рэдактар фальклорных зборнікаў "Песні сямі вёсак" (1973), "Песні народных свят і абрадаў" (1974), "Лірычныя песні" (1976), "Лірыка беларускага вяселля" (1979), "Народныя казкі, байкі, апавяданні і мудраслоўі" (1983).

Працуе ў галіне перакладу. Перавёў на беларускую мову твора звыш 400 славянскіх паэтаў і пісьменнікаў (балгарскіх, славенскіх, сербскіх, украінскіх, польскіх, рускіх, лужыцкіх і інш.). У яго перакладзе з балгарскай выйшлі аповесць П. Вежынава "Сляды застаюцца" (1960), раман С. Даскалова "Свая зямля" (1961) і яго ж зборнік апавяданняў "Любча-безбілетнік" (1959), зборнік "Балгарскія народныя песні" (1961), анталогія сучаснай паэзіі "Ад стром балканскіх" (1965), кніга вершаў для дзяцей "Чарадзейны ліхтарык" (1968), анталогія класічнай паэзіі "Хай зорыць дзень!" (з А. Разанавым, 1973), анталогія аднаго верша "Сто гадоў. Сто паэтаў. Сто песень". (1978), кніга лірыкі Н. Вапцарава "Песня пра чалавека" (1982), Хр. Радзеўскага "Цвіціце, зёлкі, травы, дрэвы" (1985), Г. Джагарава "Зямля - як чалавечая далонь" (1984), Л. Леўчава "Мелодыя для флейты" (1990). Пераклаў многія творы Х. Боцева, І. Вазава, П. Яварава, Н. Вылчава, А. Германава, I. Давыдкава, Д. Методзіева, А. Стаянава і інш. У 1978 выйшлі выбраныя старонкі славенскай паэзіі 19-20 ст. "Маці мая, Славенія". У 1970 - казкі народаў Югаславіі "Ці страшны страх", у 1980 - зборнік югаслаўскай паэзіі "Па камянях, як па зорах", у 1985 - кніга лірыкі О. Жупанчыча "У вечным дазоры". Перакладае таксама з рускай, украінскай, польскай, сербахарвацкай, лужыцкай і іншых моў. Творы Гілевіча перакладаліся на шматлікія мовы.

Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга (1984), Дружбы народаў (1981), медалём Францыска Скарыны (1990), балгарскім ордэнам Кірыла і Мяфодзія I ступені (Балгарыя, 1966), ордэнам «Югаслаўскай зоркі» са стужкай (1986), ордэнам князя Яраслава Мудрага III ступені (2006; уручаны міністрам замежных спраў Украіны Барысам Тарасюком па даручэнні прэзідэнта Украіны). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1980) за кнігу паэзіі "У добрай згодзе" і перакладчыцкую дзейнасць і Міжнароднай прэміі імя Х. Боцева (1986) за рэвалюцыйную паэзію і публіцыстыку.

Памёр Ніл Сымонавіч Гілевіч 29 сакавіка 2016 году.

Гілевіч Ніл. Выданьні

Збор твораў
pdf epub

Збор твораў

Вершы і паэмы 1993—1999
Гілевіч Ніл

У грэці том Збору твораў народнага лаэта Беларусі Ніла Гілевіча ўвайшлі вершы, напісаныя ў апошнія гады, а таксама паэмы «Не хварэй!», «Лодачкі» і «Паланез» Агінскага.... Болей »

Збор твораў

Збор твораў


Гілевіч Ніл

У другі том Збору твораў Ніла Гілевіча ўвайшлі вершы і паэмы, напісаныя ў 1977—1992 гг., а таксама раман у вершах "Родныя дзеці".... Болей »

Любоў прасветлая
pdf epub

Любоў прасветлая

Роздумы ў вершах і прозе аб роднай мове. Лірыка-публіцыстычная хроніка: 1947—1995
Гілевіч Ніл

Кніга народнага паэта Беларусі, заслужанага дзеяча навукі, прафесара Н. С. Гілевіча пісалася амаль паўстагоддзя. Яна не толькі ярка выяўляе яго сыноўнюю любоў да роднай мовы, яго грамадзянскую заклапочанасць яе лёсам. У кнізе — назіранні, думкі і высновы аўтара па такіх праблемах, як мова і дзяржава... Болей »

Родныя дзеці
pdf

Родныя дзеці

Раман у вершах
Гілевіч Ніл

Раман у вершах “Родныя дзеці” народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча – адзін з самых папулярных паэтычных твораў апошняга часу. Займальны, вострасюжэтны і адначасова сацыяльна маштабны і па-філасофску заглыблены, ён карыстаецца попытам у шырокага чытача.... Болей »

Талісман
pdf epub

Талісман

Вершы. Публіцыстыка
Гілевіч Ніл

Кнігу народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча склалі прасякнутыя страснай верай у Адраджэнне паэтычныя і публіцыстычныя творы, у якіх у працяг традыцый вялікага Купалы адстрйваецца годнасць народа перад ворагамі Беларушчыны.... Болей »

На высокім алтары
pdf epub

На высокім алтары

Новая кніга паэзіі
Гілевіч Ніл

Свае думкі і адчуванні, народжаныя кладаным жыццём сучаснага грамадства, прыносіць народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч на высокі алтар паэзіі. Боль і гнеў, вера і надзея, каханне і захапленне, пяшчота і замілаванне, туга і расчараванне — увесь спектр абвостраных пачуццяў адбізаецца ў лірычных, філасофскіх... Болей »

Голас народа — голас Божы

Голас народа — голас Божы

Тэлеграмы і лісты выбаршчыкаў у Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь
Гілевіч Ніл - укладанне і прадмова

ю кнігу складаюць лісты і тэлеграмы ў Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь ад выбаршчыкаў у абарону беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай мовы, супраць юрыдычнага ўвядзення двухмоўя. Іх прапануе ўвазе чытачоў народны дэпутат, старшыня Камісіі па культуры, адукацыі і захаванні гістарычнай спадчыны Вярхоўнага... Болей »

Як не спыніць узыходу сонца...
pdf

Як не спыніць узыходу сонца...

Публіцыстыка
Гілевіч Ніл

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Першыя гады пасьля Вялікай Айчыннай вайны працаваў паштальёнам у калгасе. У 1951 годзе скончыў Менскае пэдагагічнае вучылішча. Апошні год навучаньня (1955—1956) спалучаў з працай настаўніка ў адной са школаў Менску. У 1956 годзе скончыў філялягічны факультэт Беларускага... Болей »

Выбар
pdf epub

Выбар


Гілевіч Ніл

У новай кнізе публіцыстыкі народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча змешчаны найбольш значныя артыкулы, прамовы, івтэрв'ю трох апошніх гадоў, а таксама тыя з іх, якія ў свой час па цэнзурных меркаваннях у друк не трапілі. Асноўныя тэмы зборніка — лёс беларускай зямлі, адраджэнне гістарычнай памяці народа... Болей »

Выбраныя творы ў двух тамах

Выбраныя творы ў двух тамах

Родныя дзеці: Раман у вершах. Перажыўшы вайну: аповесць
Гілевіч Ніл

Другі том выбранага склалі — раман у вершах «Родныя дзеці», аповесць «Перажыўшы вайну», эсэ.... Болей »

Камунікат.org – Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка
Пры выкарыстаньні матэрыялаў у друку спасылка на крыніцу інфармацыі абавязковая.
Пры выкарыстаньні матэрыялаў у Інтэрнэце прамая гіпэрспасылка на Kamunikat.org абавязковая.
Ідэя сайту Яраслаў Іванюк
Fundacja Kamunikat.org | KRS 0000735360 | NIP 5423316380 | REGON 380450384 ul. Proletariacka 11 |15-449 Białystok| Polska
Правы © 2000-2024 by Kamunikat.org