be

Гілевіч Ніл

Гілевіч Ніл

Ніл Сымонавіч Гілевіч нарадзіўся ў вёсцы Слабада Лагойскага раёна Мінскай вобласці 30 верасня 1931 года. Там прайшлі яго дзіцячыя і падлеткавыя гады, тры з якіх выпалі на час нямецкай акупацыі. З 1947-га жыве ў Мінску.

Любоў да роднай мовы, жаданне авалодаць багацейшымі скарбамі літаратуры і сказаць у ёй сваё паэтычнае слова прывялі будучага пісьменніка спачатку ў Мінскае педагагічнае вучылішча, а затым на філалагічны факультэт БДУ. Пасля яго заканчэння (1956) вучыўся ў аспірантуры, з 1960 па 1986 гады працаваў на кафедры беларускай літаратуры (у 1963 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю па гісторыі беларускай паэзіі ХХ ст., у 1978 годзе атрымаў вучонае званне прафесара). У 1980 годзе яму прысвоена ганаровае званне заслужанага дзеяча навукі.

Творчасць Ніла Гілевіча добра вядомая шырокай грамадскасці рэспублікі і далёка за межамі краіны. Прырода шчодра надзяліла яго шматгранным талентам: паэт-лірык, сатырык і публіцыст, драматург, палымяны прамоўца, трыбун, грамадскі дзеяч, асветнік, вучоны, фалькларыст, перакладчык.

І ўсё ж феномен Ніла Гілевіча — не ў «цэхавай» прыхільнасці да адной толькі сферы паэтычнага, шмат сіл давялося аддаць прозе — у жыцці і дзейнасці. Ён быў першым сакратаром Саюза пісьменнікаў БССР (1980-1989), дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1985-1990), старшынёй Пастаяннай камісіі Вярхоўнага Савета Беларусі па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны (1990-1995), старшынёй Таварыства беларускай мовы (1989-997). Паэзію актыўна і плённа спалучае з перакладчыцкай творчасцю, навуковай і публіцыстычнай дзейнасцю.

Нарадзіўся ў сялянскай сям'і. Першыя гады пасля 2-ой сусветнай вайны працаваў калгасным паштальёнам. У 1951 скончыў Мінскае педагагічнае вучылішча. Апошні год вучобы спалучаў з працай настаўніка ў адной са школ Мінска. Член СП СССР (з 1954). Скончыў філалагічны факультэт БДУ (1956), пасля аспірантуру пры ім. Кандыдат філалагічных навук (1963), прафесар (1978). З 1960 па 1986 - супрацоўнік кафедры беларускай літаратуры гэтага універсітэта. З 1958 да 1963 працаваў таксама літкансультантам газеты "Звязда". Быў рэдактарам альманаху замежнай літаратуры «Далягляды». З 1980 да 1989 - першы сакратар праўлення СП БССР, у 1981-1991 сакратар праўлення СП СССР. У 1989-1997 - старшыня рэспубліканскага Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны. Галоўны рэдактар бюлетэня ТБМ "Наша слова". Дэпутат ВС БССР XI склікання (1985 – 1990), быў кіраўніком працоўнай групы па падрыхтоўцы праекту Закона Беларускай ССР аб мовах у Беларускай ССР, прынятага 26 студзеня 1990 г. на 14-й сесіі Вярхоўнага Савета БССР XI склікання. Дэпутат ВС Беларусі XII склікання (1990 – 1995), член Прэзідыума ВС, старшыня Камісіі па адукацыі, культуры і захаванню гістарычнай спадчыны (1990 – 1995). Жанаты, мае сына.

Дэбютаваў у друку з вершамі ў 1946. Аўтар кніг паэзіі "Песня ў дарогу" (1957), "Прадвесне ідзе па зямлі" (1959), "Неспакой" (1961), "Бальшак" (1965), "Перазовы" (1967), "Лісце трыпутніку" (1968), "А дзе ж тая крынічанька" (1972), "Запаветнае" (1975), "Актавы" (1976), "У добрай згодзе" (лірыка, гумар і сатыра, 1979), "Святлынь" (1984), "Повязь" (1987), "Як дрэва карэннем" (1986), раман у вершах "Родныя дзеці" (1985), а таксама зборнікі сатыры і гумару "Званковы валет" (1961), "Да новых венікаў" (1963), "Ці грэх, ці 2" (1970), "Як я вучыўся жыць" (1974), "Русалка на Нарачы" (1974), "Кантора" (1989), "Дыялог на хаду" (1990). Выдаў зборнікі вершаў і паэм для дзяцей "Сцяжок на мачце" (1959), "Сіні домік, сіні дом" (1961), "Зялёны востраў" (1963), "Дождж-грыбасей" (1966), "Загадкі" (1971), "Калі рана ўстанеш" (1984), "Добры чалавек" (1987).

Выдаў зборнік п'ес "Начлег на буслянцы" (1980) і аповесць "Перажыўшы вайну" (1988).

Аўтар кніг па літаратуразнаўству і фалькларыстыцы "Акрыленая рэвалюцыяй" (Паэзія "Маладняка") (1962), "Наша родная песня" (1968), "З клопатам пра песні народа" (1970), "Паэтыка беларускай народнай лірыкі" (1975), "Паэтыка беларускіх загадак" (1976), "Верная вялікім запаветам: Сучасная балгарская паэзія. 1956-1976" (1977), "Вусная народная творчасць і сучасная лірычная паэзія ўсходніх і паўднёвых славян" (1978), зборнікаў літаратурна-крытычных і публіцыстычных артыкулаў "У гэта веру" (1978), "Удзячнасць і абавязак" (1982), "Покліч жыцця і часу" (1983), "Годнасць, сумленнасць, мужнасць" (1988), "Вяртанне і працяг" (1990).

Укладальнік і навуковы рэдактар фальклорных зборнікаў "Песні сямі вёсак" (1973), "Песні народных свят і абрадаў" (1974), "Лірычныя песні" (1976), "Лірыка беларускага вяселля" (1979), "Народныя казкі, байкі, апавяданні і мудраслоўі" (1983).

Працуе ў галіне перакладу. Перавёў на беларускую мову твора звыш 400 славянскіх паэтаў і пісьменнікаў (балгарскіх, славенскіх, сербскіх, украінскіх, польскіх, рускіх, лужыцкіх і інш.). У яго перакладзе з балгарскай выйшлі аповесць П. Вежынава "Сляды застаюцца" (1960), раман С. Даскалова "Свая зямля" (1961) і яго ж зборнік апавяданняў "Любча-безбілетнік" (1959), зборнік "Балгарскія народныя песні" (1961), анталогія сучаснай паэзіі "Ад стром балканскіх" (1965), кніга вершаў для дзяцей "Чарадзейны ліхтарык" (1968), анталогія класічнай паэзіі "Хай зорыць дзень!" (з А. Разанавым, 1973), анталогія аднаго верша "Сто гадоў. Сто паэтаў. Сто песень". (1978), кніга лірыкі Н. Вапцарава "Песня пра чалавека" (1982), Хр. Радзеўскага "Цвіціце, зёлкі, травы, дрэвы" (1985), Г. Джагарава "Зямля - як чалавечая далонь" (1984), Л. Леўчава "Мелодыя для флейты" (1990). Пераклаў многія творы Х. Боцева, І. Вазава, П. Яварава, Н. Вылчава, А. Германава, I. Давыдкава, Д. Методзіева, А. Стаянава і інш. У 1978 выйшлі выбраныя старонкі славенскай паэзіі 19-20 ст. "Маці мая, Славенія". У 1970 - казкі народаў Югаславіі "Ці страшны страх", у 1980 - зборнік югаслаўскай паэзіі "Па камянях, як па зорах", у 1985 - кніга лірыкі О. Жупанчыча "У вечным дазоры". Перакладае таксама з рускай, украінскай, польскай, сербахарвацкай, лужыцкай і іншых моў. Творы Гілевіча перакладаліся на шматлікія мовы.

Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга (1984), Дружбы народаў (1981), медалём Францыска Скарыны (1990), балгарскім ордэнам Кірыла і Мяфодзія I ступені (Балгарыя, 1966), ордэнам «Югаслаўскай зоркі» са стужкай (1986), ордэнам князя Яраслава Мудрага III ступені (2006; уручаны міністрам замежных спраў Украіны Барысам Тарасюком па даручэнні прэзідэнта Украіны). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1980) за кнігу паэзіі "У добрай згодзе" і перакладчыцкую дзейнасць і Міжнароднай прэміі імя Х. Боцева (1986) за рэвалюцыйную паэзію і публіцыстыку.

Памёр Ніл Сымонавіч Гілевіч 29 сакавіка 2016 году.

Гілевіч Ніл. Выданьні

Выбраныя творы ў двух тамах

Выбраныя творы ў двух тамах

Родныя дзеці: Раман у вершах. Перажыўшы вайну: аповесць
Гілевіч Ніл

Другі том выбранага склалі — раман у вершах «Родныя дзеці», аповесць «Перажыўшы вайну», эсэ.... Болей »

Незалежнасць
pdf epub

Незалежнасць


Гілевіч Ніл

У кнігу народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча ўвайшлі творы ярка выражанага грамадскага гучання, напісаныя ім пераважна за. апошнія два гады, а таксама некалькі даўніх вершаў, якія захоўваліся ў архіве аўтара і ў перыядычным друку не публікаваліся.... Болей »

Кантора
pdf

Кантора

Сатыра і гумар
Гілевіч Ніл

"...У паэзіі Ніла Гілевіча ў вельмі выразнай фор­ме знайшлі выяўленне грамадзянскасць, скандэнса­ваная сацыяльнасць, аб чым сведчаць яго шматлікія лірычныя і ліра-эпічныя творы і асабліва ягоныя сатыра і гумар, у якіх паэт мае свой непаўторны голас, свой характэрны смех і сваю іронію. Сіла ягонай пагарды... Болей »

Годнасць, сумленнасць, мужнасць
pdf

Годнасць, сумленнасць, мужнасць

Публіцыстыка
Гілевіч Ніл

Люблю глядзець старыя, даваенныя кінафільмы рэвалюцыйнай тэматыкі. Тыя, на якіх або з якімі вырастаў. І некаторыя сучасныя гэтай жа тэматыкі — таксама. Натуральна, аднойчы я павінен быў у сябе ж самога спытаць: чаму? Што мне ў іх падабаецца? І занадта ж прамалінейнае ў некаторых з іх ідэйна-мастацкае... Болей »

Перажыўшы вайну
pdf

Перажыўшы вайну

Аповесць у абразках памяці
Гілевіч Ніл

Кніга прозы вядомага беларускага паэта, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР Ніла Гілевіча — пра пасляваеннае юнацтва, з роздумамі пра дзень сённяшні. І ўсё, што напісана аўтарам «пра час і пра сябе», успрымаецца як вобраз пакалення, тых юнакоў і дзяўчат, якім, перажыўшы вайну, давялося яшчэ перажыць цяжкасці... Болей »

Повязь
pdf

Повязь

Вершы і песні
Гілевіч Ніл

У новую кнігу вядомага беларускага паэта, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР Ніла Гілевіча ўвайшлі вершы і песні з лірычным і філасофскім роздумам пра лёс Радзімы, пра наш час, пра родны край, гімн чалавеку — чалавеку-працаўніку, гаспадару свайго лёсу.... Болей »

Як дрэва карэннем
pdf

Як дрэва карэннем

Вершы і паэмы
Гілевіч Ніл

Зборнік “Як дрэва карэннем” лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР Ніла Гілевіча складаецца з чатырох раздзелаў: у першым — вершы пра радасць жыцця, працы і творчасці, пра дружбу і каханне, пра высокі абавязак і адказнасць быць чалавекам на зямлі; другі — прысвечаны памяці вайны; у трэці раздзел увайшлі вершы... Болей »

Святлынь
pdf epub

Святлынь

Кнiга васьмiрадкоўяў
Гілевіч Ніл

Мне хочацца выказаць кекалькi думак пра аднаго з выдатных майстроў сучаснай беларускай лiтаратуры - паэта Нiла Гiлевiча. Больш як чвэрць стагоддзя працуе ён у лiтаратуры. За гэты час Нiл Гiлевiч стварыў больш дваццацi паэтычных зборнiкаў, кожны з якiх у той цi iншай меры адлюстраваў на сваiх старонках... Болей »

Роднасць
pdf

Роднасць

Выбраныя пераклады са славянскіх паэтаў
Гілевіч Ніл

У зборнік увайшлі пераклады з рускай, украінскай, балгарскай, славенскай, сербскай, харвацкай, чарнагорскай, баснійскай, польскай і сербалужыцкай паэзіі — паэзіі братніх славянскіх народаў, паяднаных гістарычным адзінствам культур і лёсу.... Болей »

Народныя казкі-байкі, апавяданні і мудраслоўі
pdf

Народныя казкі-байкі, апавяданні і мудраслоўі


Гілевіч Ніл, укладальнік

У зборнік увайшлі творы беларускай народнай прозы і паэзіі з фальклорнага архіва кафедры беларускай літаратуры БДУ імя У. І. Леніна. Фальклорная проза прадстаўлена казкамі, бываліцамі, легендамі, прымхліцамі, апавяданнямі-ўспамінамі, народная афарыстыка — прыказкамі, прымаўкамі, прыгаворкамі, загадкамі.... Болей »

Камунікат.org – Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка
Пры выкарыстаньні матэрыялаў у друку спасылка на крыніцу інфармацыі абавязковая.
Пры выкарыстаньні матэрыялаў у Інтэрнэце прамая гіпэрспасылка на Kamunikat.org абавязковая.
Ідэя сайту Яраслаў Іванюк
Fundacja Kamunikat.org | KRS 0000735360 | NIP 5423316380 | REGON 380450384 ul. Proletariacka 11 |15-449 Białystok| Polska
Правы © 2000-2024 by Kamunikat.org