16 гадзін разважанняў пра шчасце Сізіфа
2024-10-01 20:35
У рамках праекта “Кнігі без літар” фонд “Камунікат” стварыў аўдыёверсію ўспамінаў беларускага філосафа і пісьменніка Валянціна Акудовіча. Класічны, папяровы варыянт «Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым» быў надрукаваны ў выдавецтве «Логвінаў» (2023) і сёлета прэтэндуе на прэмію Гедройца.
Доўга можна спрачацца пра тое, ці патрэбны філасофскія тэксты шараговаму чытачу і ці зможа ён іх зразумець, але варта пагадзіцца з літаратарам
Валерам Гапеевым, які напісаў
змястоўны водгук на кнігу ў папяровым, класічным варыянце: нельга зразумець філасофію настолькі, каб свабодна гутарыць у згаданым дыскурсе, адно прачытаўшы адну ці нават тры кнігі.
Ад шараговага (але зацікаўленага!) чытача залежыць толькі, ці зробіць ён спробу зразумець тэксты падвышанай складанасці, ці зробіць ён крок ім насустрач. І пагадзімся з Валерам Гапеевым: кніга цікавая адно тым, каму баліць за літаратуру, за культуру ўвогуле, за краіну. Тым, хто хоча нешта ведаць пра сутнасць з’яваў зменаў у беларускай літаратуры, тым каму цікавае значэнне слова “постмадэрнізм”…
“Ты, напэўна, яшчэ памятаеш, у "Буквары" быў такі сказ: "Мама мыла раму". Дык вось, каб стварыць постмадэрновы тэкст, ты бярэш гэты сказ і, да прыкладу, пішаш:
Мама любіць
Рамы мыць.
Тата любіць
Шыбы біць.”
Валянцін Акудовіч іранічны і парадаксальны філосаф ва ўсіх сваіх тэкстах, але кніга “Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым” – гэта перш за ўсё кніга ўспамінаў. Бадай, найбольш цікавая іх частка – 90-я. Зрэшты, гэты быў сам па сабе найбольш цікавы і спрыяльны час для беларускай культуры і літаратуры, час з прысмакам свабоды. І ў кожнага з нас – свае успаміны пра той час, то маем шанец параўнаць з мемуарамі таго, каго няма. І хто заўжды недзе побач.