Набліжаецца Ноч расстраляных паэтаў – Чорная ноч, падчас якой было забіта звыш 100 чалавек. Якое стаўленне цяпер у творчых дзеячаў да гэтай даты? Якія тэндэнцыі назіраюцца ў свеце?
-У гэтым годзе буду адзначаць Ноч (Не) расстралянай паэзіі некалькі разоў у некалькіх гарадах. У гэтым ёсць толіка суму і таксама радасці. Радасці, таму што нарэшце на культуру звяртаюць увагу, што ў календары беларускім з’яўляецца фактычна Дзень паэзіі 29 кастрычніка. Дзесьці напярэдадні, за месяц, за колькі тыдняў людзі пачынаюць думаць, што трэба ўшанаваць памяць рэпрэсаваных творцаў, што абавязкова трэба сабрацца, пачытаць, зрабіць штосьці тэатралізавана, альбо камерна, са свечкамі ці без. Тое, што абсалютна забаронена сёння на тэрыторыі Беларусі, але робіцца намі паўсюль, дзе мы ёсць і будуем свае маленькія Беларусі, як дыяспары, як рэлаканты, як эмігранты і яднаемся такім чынам. Хацелася б, канешне, каб паэзія згадвалася не толькі з сумнай нагоды і не толькі ў мемарыяльным кантэксце, але давайце пачынаць з гэтага. Таму я паеду, напрыклад, у Лодзь. І буду там рабіць Ноч паэзіі. Я паеду ў Варшаву. І буду ў Варшаве, але ў іншы дзень – суседні – гэта рабіць. Праз некалькі дзён, як бы наўздагон, тут, ва Уроцлаве, у Дольнашлёнскай бібліятэцы, мы 5-га лістапада зробім разам з бібліятэкаркай, разам са сталымі чытачамі, разам, я спадзяюся, з беларусамі Уроцлава зробім чытанне, але на некалькі дзён пазней, наўздагон 29-му кастрычніку.
Будуць арыгіналы, будуць польскія пераклады. На шчасце, гэтыя пераклады летась з’явіліся. Адам Паморскі і Богдан Задура – выбітныя польскія перакладчыкі паэзіі падрыхтавалі кожны па падборцы. Там ёсць Кляшторны, там ёсць Дудар, Мойшэ Кульбак – доўгі спіс. Там ёсць Ларыса Геніюш, напрыклад, якая не загінула ў 1937-м, але ў 1945-м была фактычна інтэрнавана і восем з паловай гадоў у сталінскіх лагерах правяла. А потым да канца жыцця была пад КГБ-шным калпаком. Я б не дзяліў нашую рэпрэсаваную культуру на перыяды і не раскладаў па розных палічках.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле.
Марына Савіцкая, Беларускае Радыё Рацыя