Дзень палітвязня: Юлія Цімафеева чытае свой верш
2022-05-21 13:56
Паэтка і перакладчыца чытае свой верш "Лісты".
"па белай спінцы,
нібыта далёка пакінутую кошку,
я гладжу канверт
і клею марку, надзяляючы
яго душой стракатай --
душой каровы, душой ваўка,
душой кларнета,
душою Маргарэтэ Шутэ-Ліхоцкі,
аўстрыйскай архітэктаркі, якая
распрацавала выгляд сучаснай кухні,
адседзела ў нацысцкія часы, бо камуністка,
і ў 103 гады (амаль) памерла ад грыпу.
у мае канверты з душой за адзін еўра
змяшчаецца не шмат:
паштоўка з днём нараджэння
ці ліст, яшчэ адна паштоўка чыстая,
зваротны канверт з душою
бульбы, з беларускаю душой.
на вагах 19 грам і хопіць,
болей яму не вынесці.
насамрэч усе мы так мала
можам зрабіць.
але загадка, якая мяне хвалюе:
там іх
спаляць ці выкінуць?
спаляць ці выкінуць?
а можа, парэжуць шрэдарам
паштоўкі з коцікамі,
аркушы спісаныя, канверты
з бульбай, з кларнэтам
і з ваўком, і толькі ўсмешка
камуністкі Маргарэте
блісне на міг
і знікне ў моры смецця,
бо коцікі не ўмеюць плаваць".